Міжславянская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міжславянская мова
Сьцяг міжславянскай мовы
Арыгінальная назва: меджусловјанскы језык, medžuslovjansky jezyk
Створаны: Ян ван Стэнберген, Войцех Мэрунка
Рэгулюецца: Камітэт міжславянскай мовы
Агульная колькасьць носьбітаў: 2 тыс. чал. (2017)[1]
Катэгорыя: Штучная мова
Клясыфікацыя структуры: Індаэўрапейская мова
Тып пісьма: лацініца і кірыліца
Статус: разьвіваецца
Моўныя коды
ISO 639-1:
ISO 639-2:
ISO/DIS 639-3: isv
Гл. таксама:
Штучныя мовы

Міжславя́нская мо́ва (саманазва: меджусловјанскы, medžuslovjansky) — дапаможная агульнаславянская мова, заснаваная на моўным матэрыяле стараславянскай мовы й існых славянскіх моваў, прызначаная для зносінаў паміж іх носьбітамі.

Ідэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славянскія мовы — адносна аднародная ґрупа моваў. Яна складаецца з трох падґруп, якія маюць шмат агульных рыс у ґраматыцы, лексыцы і сынтаксісе. Веданьне адной з славянскіх моваў дастаткова, каб разумець (хаця б трохі) тэкст на іншай славянскай мове.

Асноўнай задачай, якую ставілі перад сабой распрацоўшчыкі міжславянскай мовы — стварыць мову, якая будзе зразумелай без папярэдняга вывучэньня ўсім або большасьці носьбітаў славянскіх моваў. Мова мае спрошчаную ґраматыку зь мінімальнай колькасьцю выключэньняў, якая дазваляе славянафону (славянамоўнаму) лёгка авалодаць ёй. Міжславянская мова можа выкарыстоўвацца на першым этапе вывучэньня славянскіх моваў, паколькі спалучае ў сабе агульныя рысы моваў гэтай ґрупы.

Міжславянская мова можа быць добрай падтрымкай для падарожнікаў і вельмі карысным інструмэнтам для ўсіх, хто жадае зьвярнуцца да ўсяго славянскага сьвету празь сеціва безь перакладу тэксту на некалькі моваў. Веданьне гэтай мовы дазволіць чалавеку размаўляць і пісаць даволі зразумела для носьбітаў любой з жывых славянскіх моваў, а таксама і самому лепей разумець тэксты на любой зь іх.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект Славянскі (Slovianski) створаны ў 2006 годзе супольнымі намаганьнямі ґрупы людзей з розных краінаў, якія сабраліся на Славянскім форуме. Асноўныя распрацоўшчыкі — Андрэй Рэчнік (Ondrej Rečnik), Ґабрыель Свобада (Gabriel Svoboda), Ян ван Стэнберген (Jan van Steenbergen), Ігар Палякоў. Славянскі існаваў у трох варыянтах:

  • Slovianski-P (Одкаўскі) — значна спрошчаная мова з элемэнтамі піджына (Андрэй Рэчнік, Ґабрыель Свобада). Характарызуецца адсутнасьцю скланеньня назоўнікаў паводле склонаў і дапасаваньня прыметнікаў з назоўнікамі ў родзе. Замест роднага склону шырока ўжываецца канструкцыя з прыназоўнікам од, з-за чаго гэтая мова таксама вядома як Одкаўская.
  • Slovianski-N — натуралістычная мова, створаная на агульных для ўсіх славянскіх моваў элемэнтах (Ян ван Стэнберген, пазьней Ігар Палякоў).
  • Slovianski-S — спроба спалучаць схематычныя элемэнты з натуралістычнымі (Ґабрыель Свобада, Ігар Палякоў).

У 2007 годзе распрацоўшчыкі адмовіліся ад схематычных вэрсій мовы, і цяпер пад назвай славянскі маецца на ўвазе яе натуралістычная вэрсія Slovianski-N.

Войцех Мэрунка і Ян ван Стэнберген падчас другой канфэрэнцыі па міжславянскай мове ў 2018 годзе

Таксама блізкія да Славянскі былі іншыя праекты панславянскіх моваў. У 2009 годзе Стывэн Радзікаўскі, Андрэй Морачэўскі і Міхал Боравічка прэзэнтавалі палепшаную вэрсію словіё пад назвай Словіёскі (Slovioski). У 2010 зьявіўся праект новаславянскай мовы (Novoslovienskij, пазьней Novoslověnsky) чэскага аўтара Войцеха Мэрункі, заснаваны на стараславянскай мове.

У 2011 годзе праектнымі ґрупамі славянскай, словіёскай і новаславянскай мовы было прынята прынцыповае рашэньне аб зьліяньні гэтых блізкіх праектаў у міжславянскую мову. Пры гэтым аб’яднаньне адбывалася ня шляхам стварэньня агульнай ґраматыкі і агульнага слоўніка, а шляхам набліжэньня наяўных ґраматык і слоўнікаў у выніку пастаяннай міжпраектнай дыскусіі. Пасьля Першай канфэрэнцыі аб міжславянскай мове (CISLa) у 2017 годзе наступіла поўнае аб’яднаньне гэтых праектаў.

З 2011 году ў праект таксама ўваходзіць Славіянта (Slovianto) — радыкальна спрошчаная мова, якая прапаноўваецца для пачатковага этапу вывучэньня міжславянскай мовы людзям, незнаёмым з асаблівасьцямі славянскіх моваў.

Артаграфія і фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова выкарыстоўвае два альфабэты — лацініцу (зь літарамі č, ž, š для шыпячых і ě для стараславянскяй яці) і кірыліцу (з љ, њ для паляталізаваных зычных ль, нь і ј для ятацыі):

Кірыліца[2] Лацініца МФА
А а A a /ɑ~a/
Б б B ʙ /b/
В в V v /v~ʋ/
Г г G g /g~ɦ/
Д д D d /d/
ДЖ дж DŽ dž /dʒ~dʐ/
Е е E e /ɛ~e/
Є є (Ѣ ѣ) Ě ě /jɛ~ʲɛ ~ɛ/
Ж ж Ž ž /ʒ~ʐ/
З з Z z /z/
И и I i /i/
Ј ј J j /j/
К к K k /k/
Л л L l /l~ɫ/
Љ љ LJ lj /ʎ~l/
Кірыліца Лацініца МФА
М м M m /m/
Н н N n /n/
Њ њ NJ nj /nʲ~ɲ/
О о O o /ɔ~o/
П п P p /p/
Р р R r /r/
С с S s /s/
Т т T t /t/
У у U u /u/
Ф ф F f /f/
Х х H h /x/
Ц ц C c /ts/
Ч ч Č č /tʃ~tʂ/
Ш ш Š š /ʃ~ʂ/
Ы ы Y y /i~ɪ~ɨ/

Граматыка і лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ґраматыка міжславянскай мовы мае вялікае падабенства з ґраматыкамі славянскіх моваў. Яна мае ґраматычныя рысы, уласьцівыя ўсім або большасьці славянскіх моваў. Такім чынам, як і ў натуральных славянскіх мовах, назоўнікі маюць тры роды і два лікі і дапасуюцца з прыметнікамі паводле роду, ліку і шасьці склонам. Дзеясловы маюць закончанае і незакончанае трываньне і зьмяняюцца паводле лікаў у сапраўдным часе і паводле роду ў мінулым, таксама маюцца загадны і ўмоўны лады.

Слова ў адпаведным значэньні дадаецца ў слоўнік мовы, калі яно набірае 3 балы, пры гэтым расейская і польская мовы даюць па адным бале, беларуская, украінская, чэская, славацкая, славенская, сэрбскахарвацкая, македонская, баўгарская — па 0,5 балы. Такім чынам, па 2 балы мае кожная з 3 ґруп славянскіх моваў — усходнеславянская, заходнеславянская і паўднёваславянскія.

Калі для якога-небудзь значэньня не знаходзіцца слова, якое набірае тры балы, то выбар ажыцьцяўляецца шляхам публічнай дыскусіі на Міжславянскім форуме з словаў, што маюцца ў жывых славянскіх мовах. У выключных выпадках таварыства дазваляе нэалягізмы (напрыклад, «часина» ў значэньні «гадзіна» — прапанавана Ґабрыелем Свобадай).

Пасьля аб’яднаньня Славянскай, Словіёскай і Новаславянскай мовы таварыства ўжывала 3 слоўнікі:

Пры гэтым першыя 2 зь іх дапаўняюцца, а 3-і — не.

Цяпер ужываецца дынамічны слоўнік (больш за 17000 словаў у 2018 годзе), а з 2019 году таксама шматмоўны слоўнік.

Сьпіс Сўодэша для міжславянскай мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжславянская мова Беларуская мова
ја я
ты ты
он ён
мы мы
вы вы
они, оне яны
тутој, тута, туто гэты, гэтая, гэта
тамтој, тамта, тамто той, тая, тое
ту тут
тамо там
кто хто
что што
кде дзе
когда калі
како як
не не
вес, вса, все увесь, уся, усё, усе
много шмат
неколико некалькі
ины, другы іншы, другі
једин, једна, једно адзін
два, две два, дзьве
три тры
четыри чатыры
пет пяць
великы вялікі
долгы доўгі
широкы шырокі
толсты тоўсты
тежкы цяжкі
малы маленькі
краткы кароткі
вузкы, тесны вузкі
жена жанчына
муж мужчына
чловєк чалавек
дєте дзіця
муж муж
жена жонка
мати маці
отец бацька
животно жывёла
рыба рыба
птица, птак птушка
пес сабака
вош вош
змија зьмяя
чрвјак чарвяк
дрєво дрэва
лєс лес
овоч, плод агародніна, садавіна
сєме насеньне
лист ліст
корењ корань
кора кара
цвєт кветка, краска
трава трава
врва, шнур вяроўка
кожа скура
месо мяса

Прыклады тэкстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Она приноси јаблока, да бы дєти были здраве (Яна носіць яблыкі, каб дзеці былі здаровы)
  • Ктора жена љуби тутого мужа? (Якая жанчына любіць гэтага мужчыну?)

Ойча наш[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кірыліца Лацінка па-стараславянску
Отче наш, кторы јеси в небесах, нехај свети се име Твоје, нехај пријде краљевство Твоје, нехај буде воља Твоја, како в небу тако и на земји, хлєб наш всакоденны дај нам днес, и одпусти нам наше грєхы, тако како мы одпушчајемо нашим грєшникам, и не введи нас в покушенје, але избави нас од злого. Otče naš, ktory jesi v nebesah, nehaj sveti se ime Tvoje, nehaj prijde kraljevstvo Tvoje, nehaj bude volja Tvoja, kako v nebu tako i na zemji, hlěb naš vsakodenny daj nam dnes, i odpusti nam naše grěhy, tako kako my odpuščajemo našim grěšnikam, i ne vvedi nas v pokušenje, ale izbavi nas od zlogo. Отче наш, Иже есии на небесех! Да святится имя Твое, да приидет Царствие Твое, да будет воля Твоя, яко на небеси и на земли. Хлеб наш насущный даждь нам днесь; и да остави нам долги наша, якоже и мы оставляем должником нашим; и не введи нас во искушение, но избави нас от лукавого.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Kocór, Maria, et al., "Zonal Constructed Language and Education Support of e-Democracy – The Interslavic Experience". Sokratis K. Katsikas & Vasilios Zorkadis eds, E-Democracy – Privacy-Preserving, Secure, Intelligent E-Government Services. 7th International Conference, E-Democracy 2017, Athens, Greece, December 14-15, 2017, Proceedings (Communications in Computer and Information Science no. 792, Springer International Publishing, 2017, ISBN 978-3-319-71116-4, 978-3-319-71117-1), p. 21.
  2. ^ Interslavic — Orthography

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]