Менская сувораўская вайсковая вучэльня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Менская сувораўская вайсковая вучэльня
наркамаўка: Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча

Фасад (2010 год)
Дэвіз Жыцьцё — Радзіме, гонар — нікому
Заснаваная 11 сакавіка 1953 (71 год таму)
Дырэктар Аляксандар Навуменка[1]
Тып спэцыялізаваная
Навучэнцаў 500 (2020 год)
Адрас Беларусь, Менск, Цэнтральны раён, вул. Багдановіча, д. 29
Геаграфічныя каардынаты 53°54′40″ пн. ш. 27°33′32″ у. д. / 53.91111° пн. ш. 27.55889° у. д. / 53.91111; 27.55889Каардынаты: 53°54′40″ пн. ш. 27°33′32″ у. д. / 53.91111° пн. ш. 27.55889° у. д. / 53.91111; 27.55889
Тэлефон +375 (17) 297 29 00
Эл. пошта msvu@tut.by[2]
Сайт mil.by/by/education/msvu
Менская сувораўская вайсковая вучэльня на мапе Беларусі
Менская сувораўская вайсковая вучэльня
Менская сувораўская вайсковая вучэльня
Менская сувораўская вайсковая вучэльня

Ме́нская суво́раўская вайско́вая вучэ́льня (МСВВ) — сярэдняя спэцыялізаваная навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў сакавіку 1953 году, гмах будынку перабудаваны з колішняга касьцёла і шпіталю сясьцёр міласэрнасьці.

На 2020 год знаходзілася ў падпарадкаваньні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і рыхтавала да паступленьня ў: 1) вышэйшыя навучальныя ўстановы вайсковага кірунку, 2) запас зборных Беларусі па 4 відах спорту[3]. Паводле Правілаў прыёму асобаў для атрыманьня вышэйшай адукацыі І ступені, выпускнікоў МСВВ з адзнакамі 7 і вышэй балаў па ўсіх прадметах залічалі на вайсковыя факультэты ВНУ Беларусі без уступных экзамэнаў[4].

Паступленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 3-га артыкула Правілаў прыёму, «у Вучэльню могуць паступаць непаўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь мужчынскай плоці ва ўзросьце ад 12 да 13 гадоў пасьля сканчэньня 6-й клясы агульнаадукацыйных установаў на тэрмін навучаньня 5 гадоў». Згодна з 7-м артыкулам «кандыдаты пасьля праходжаньня мэдыцынскага засьведчаньня, псыхалягічнага адбору, праверкі ўзроўню цялеснай падрыхтаванасьці здаюць уступныя экзамэны па матэматыцы (пісьмова) і беларускай (расейскай) мове (дыктоўка)». У 16-м артыкуле згадвалася, што «права паступленьня ў Вучэльню без уступных экзамэнаў надаецца: дзецям вайскоўцаў, асобаў начальніцкага і шараговага складу органаў унутраных справаў, органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, загінулых, памерлых або зьніклых бязь вестак пры выкананьні абавязкаў службы». Паводле 17-га артыкула, «па-за конкурсам пры атрыманьні на ўступных экзамэнах адзнак не ніжэй за 3 балы залічаюцца дзеці» вышэйзгаданых службовых асобаў, якія сталі інвалідамі пры выкананьні абавязкаў службы або памерлых ад зьнявечаньня, захворваньня, атрыманых пры выкананьні абавязкаў службы, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Адначасна «ў спэцыялізаваную па спорце клясу Вучэльні прымаюцца кандыдаты, адабраныя і накіраваныя Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь». Паводле «Крытэраў адзнакі ведаў кандыдатаў», 10 экзамэнацыйных заданьняў маглі ўлучаць 16 тэмаў «курсу маэтматыкі 5-га і 6-га клясаў». У адпаведнасьці з Крытэрамі «на выкананьне экзамэнацыйнай працы па матэматыцы кандыдатам адводзіцца 3 акадэмічныя гадзіны (2 гадзіны 15 хвілінаў)». Праверка цялеснай падрыхтаванасьці складалася з 3-х практыкаваньняў: «бег 60 мэтраў (9,7 сэкунды на 10 балаў), падцягваньне ў вісе на перакладзіне (8), бег 1500 мэтраў» (7 хвілінаў і 30 сэкундаў)[5].

Навучаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знак адрозьненьня МСВВ (2010 год)

На 2020 год тэрмін навучаньня ў Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні складаў 5 гадоў з 7-й па 11-ю клясу. Вядучымі навучальнымі прадметамі з павышаным ўзроўнем выкладаньня былі матэматыка, фізыка і замежныя мовы. Па гэтых прадметах навучэнцы штогод займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах. Для цялеснага выхаваньня прызначаліся: спартовая і трэнажорная залі, барцоўская заля і заля дзюдо, стралковы тыр, клясы агнявой падрыхтоўкі, паласа перашкодаў, футбольнае поле, гандбольная пляцоўка і пляцоўка страявой падрыхтоўкі. Для страявой выпраўкі навучэнцаў штогод прыцягвалі да ўдзелу ў вайсковых парадах сталічнага гарнізону. Сталовая вучэльні была абсталяваная 550 пасадачнымі месцамі. Навучэнцаў забясьпечвалі 4-разовым содневым харчаваньнем і адзеньнем. Мэдыцынскі пункт вучэльні меў фізыятэрапэўтычны і стаматалягічны кабінэты, амбуляторыю, аптэку і лязарэт на 25 ложкаў. Пры вучэльні працавалі абутковая і швейная майстэрні, цырульня і лазьня, што бясплатна абслугоўвалі навучэнцаў[3].

Паводле 6-га артыкула Статуту 2012 году, «у свай дзейнасьці Вучэльня кіруецца … агульнавайсковымі статутамі Ўзброеных сілаў». Згодна з 16-м артыкулам навучэнцы "аднаго году навучаньня аб’ядноўваюцца ў роты. Рота складаецца з навучальных узводаў (клясаў), якія падзяляюцца на аддзяленьні. У 17-м артыкуле прадугледжвалася, што «падбор кандыдатаў на пасады ажыцьцяўлецца ў галоўным кіраўніцтве кадраў Міністэрства абароны». Паводле 32-га артыкула, «абавязковай для вывучэньня замежнай мовай ёсьць ангельская або нямецкая». Згодна з 37-м артыкулам «у пэрыяд летніх вакацыяў для сувораўцаў (навучэнцаў) ладзіцца аздараўленчы летнік з кругласодневым знаходжаньнем». У 39-м артыкуле прадугледжвалася, што «адукацыйны працэс ладзіцца ў рэжыме 6-дзённага навучальнага тыдню, які ўлучае 5-дзённы навучальны тыдзень і 6-ы дзень (суботу) для правядзеньня з сувораўцамі заняткаў па вайсковай падрыхтоўцы, факультатыўных заняткаў на 3-й ступені навучаньня (9-11 клясы), заняткаў па асновах бясьпекі жыцьцядзейнасьці, відах спорту». Паводле 41-га артыкула «ўзводы дзеляцца: на 3 групы пры правядзеньні навучальных заняткаў па навучальным прадмеце „Замежная мова“ з напаўняльнасьцю кожнай групы ня менш чым 6 і ня больш чым 10 сувораўцамі; на 2 групы пры напаўненьні ўзводу ня менш чым 20 сувораўцамі пры правядзеньні навучальных заняткаў па навучальных прадметах „Інфарматыка“, „Матэматыка“ … „Фізыка“ — пры правядзеньні франтальных лябараторных працаў, практыкумаў па рашэньні задачаў у 10-11 клясах з вывучэньнем на павышаным узроўні» апошніх 2 прадметаў. Згодне з 43-м артыкулам "факультатыўныя заняткі музычнай, харэаграфічнай і эстэтычнай накіраванасьці ёсьць абавязковымі (акрамя сувораўцаў спэцыялізаваных па спорце клясаў). У 45-м артыкуле згадвалася, што «па сканчэньні навучальнага году з сувораўцамі 10-га клясу праводзяцца абавязковыя навучальна-палявыя зборы». Урэшце згодна з 46-м артыкулам навучэнцы, «якія маюць па ўсіх навучальных прадметах гадавыя адзнакі ад 3 балаў і вышэй, загадам начальніка Вучэльні пераводзяцца ў наступную клясу»[6].

На 2015 год у вучэльні працавала 4 аддзелы навучальных дысцыплінаў: 1) філялягічных (беларуская і расейская літаратура і мова, замежная мова), 2) фізыка-матэматычных (астраномія, інфарматыка, матэматыка і фізыка), 3) прыродазнаўчых і грамадзка-гуманітарных (гісторыя і геаграфія, біялёгія і хімія, грамадазнаўства, культура і эстэтычнае выхаваньне), 4) асобных (цялесная падрыхтоўка і спорт). Навучаньне ажыцьцяўлялі 43 настаўнікі, зь іх 36 (84%) мелі вышэйшую і 1-ю кваліфікацыйныя катэгорыі. У вучэльні налічвалася 20 клясаў самастойнай падрыхтоўкі і 32 навучальныя спэцыялізаваныя аўдыторыі, зь іх: па 4 лінгафонныя і матэматычныя кабінэты, 3 кабінэты фізыкі, 2 клясы інфарматыкі, заля харэаграфіі і музычная гасьцёўня. Большасьць навучальных кабінэтаў аснашчалася кампутарамі[7].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучэнцы вучэльні на парадзе (Менск, 3 ліпеня 2017 г.)

21 лютага 1952 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 18461-р аб стварэньні Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні. 11 сакавіка 1953 году Генэральны штаб Міністэрства абароны СССР зацьвердзіў адпаведную Дырэктыву № ОРГ/10/568666[6]. 1 верасьня 1953 году ў Менскай СВВ пачаўся першы навучальны год. 6 лістапада 1953 году вучэльні ўручылі баявы сьцяг. Да выкладаньня прыступілі 20 настаўнікаў і афіцэраў. У 1956 годзе адбыўся першы выпуск 80 чалавек, сярод якіх быў Пётар Чавус, які ў 1992 годзе стаў 1-м міністрам абароны незалежнай Беларусі. У 1956 годзе тэрмін навучаньня павялічылі да 7 гадоў. У 1964 годзе тэрмін навучаньня скарацілі да 3 гадоў. У 1969 годзе яго зьменшылі да 2 гадоў. У 1992 годзе яго зноў павялічылі да 3 гадоў. У 1993 годзе на пляцоўцы Менскага СВВ усталявалі абэліск у памяць пра 37 выпускнікоў, якія загінулі на Аўганска-савецкай вайне 1979—1989 гадоў. 12 чэрвеня 1995 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Указ № 262, якім павялічыў тэрмін навучаньня да 6 гадоў. 21 чэрвеня 2002 году ён падпісаў Указ № 324 аб яго зьмяншэньні да 5 гадоў[7].

7 лютага 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 80 «Аб правілах прыёму асобаў для атрыманьня вышэйшай адукацыі І ступені і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі». Паводле 24-га артыкула Правілаў, «без уступных выпрабаваньняў залічаюцца: … выпуснікі УА „Менская сувораўская вайсковая вучэльня“, якія скончылі ў год паступленьня дадзеную ўстанову з адзнакамі 7 і вышэй балаў па ўсіх прадметах навучальнага пляну і накіраваныя ў межах пляну разьмеркаваньня сувораўцаў для далейшага навучаньня ў ВНУ Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, Дзяржаўнага памежнага камітэту, на вайсковыя факультэты ВНУ або якія скончылі спэцыялізаваныя па спорце клясы і накіраваныя — па спэцыяльнасьцях фізычнай культуры і спорту на вайсковыя факультэты ВНУ»[4]. У 2006 годзе ў вучэльні стварылі спартовыя клясы для падрыхтоўкі ў 4 відах гульняў: гандбол, грэка-рымская барацьба, дзюдо і кулявая стральба. У 2008 годзе пры вучэльні адчынілі храм Яна Багаслова. Восем выпускнікаў 2011 году залічылі ў моладзевую зборную Беларусі па гандболе. На 2013 году з МСВВ выйшла звыш 13 000 выпускнікоў, зь іх звыш 2000 у незалежнай Беларусі. Звыш 330 чалавек скончылі вучэльню з залатым мэдалём. Звыш 100 атрымалі навуковыя ступені і званьні. Больш як 50 выпускнікоў сталі генэраламі. Навучаньне пачыналі з 7-й клясы[8]. У 2015—2019 гадах выпускнікі МСВВ штогод станавіліся ляўрэатамі спэцфонду прэзыдэнта Беларусі па падтымцы адоранай моладзі. На 2020 год звыш 60 выпускнікоў вучэльні сталі генэраламі і звыш 150 мелі навуковыя ступені і званьні, зь іх 6 сталі акадэмікамі. Агулам 338 (2,6%) выпускнікоў скончылі вучэльню з залатым мэдалём[3].

Начальнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унутраны двор вучэльні (2010 год)

Выпускнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кантрольна-прапускны пункт вучэльні (2010 год)

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 32-га артыкула Статуту 2012 году, «асноўнай мовай навучальня ў Вучэльні ёсьць расейская». Гэта разыходзілася з 50-м артыкулам, у якім сярод «асноўных задачаў ідэалягічнай працы» згадвалася «прапаганда сярод вайскоўцаў, цывільнага пэрсаналу і сувораўцаў (навучэнцаў) … нацыянальных традыцыяў». Згодна з 57-м артыкулам "у патрыятычным выхаваньні могуць удзельнічаць першасныя арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»[6]. Гэта пярэчыла 4-у артыкулу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога «ідэалёгія … грамадзкіх аб’яднаньняў … ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў»[11].

Паводле крытэраў адзнакі ў Правілах прыёму, "экзамэнацыйныя заданьні па матэматыцы складаюцца ў адпаведнасьці з «Навучальнай праграмай для агульнаадукацыйных установаў з расейскай мовай навучаньня. Матэматыка, 5-9 клясы» (Мн.: НІА, 2009)[5]. Адсутнасьць такіх заданьняў па-беларуску парушала моўныя правы беларускамоўных кандыдатаў, бо 50-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі згадваў, што «дзяржава гарантуе ў адпаведнасьці з законам свабоду выбару мовы выхаваньня і навучаньня»[11] (глядзіце Русіфікацыя Беларусі).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кіраўніцтва МСВВ // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  2. ^ Кантакты МСВВ // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  3. ^ а б в г Аб вучэльні (МСВВ) // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  4. ^ а б А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 «Аб правілах прыёму асобаў для атрыманьня вышэйшай адукацыі І ступені і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  5. ^ а б Правілы прыёму ў «Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню» (рас.) // ГА «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў», 28 жніўня 2015 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  6. ^ а б в Статут МСВВ (рас.) // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  7. ^ а б Іван Жукаў. Пра Менскае СВВ (рас.) // ГА «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў», 28 жніўня 2015 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  8. ^ Вераніка Канюта. Вандроўка па «кузьні геніяў» // Плацдарм. — 6 лістапада 2013. — № 20 (28).
  9. ^ Начальнікі (рас.) // Сайт выпускнікоў Менскага СВВ, 2020 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  10. ^ Лісоўскі Віктар Аляксандравіч (Кіраўніцтва МСВВ) // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.
  11. ^ а б Канстытуцыя 1994 году (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2005 г. Праверана 31 студзеня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]