Спарыш (сымбаль)
Спарыш — арнамэнтарны сымбаль, які значыць плённасьць, распаўсюджаны збольшага ва ўсіх індаэўрапейцаў. Сымбаль таксама выкарыстоўваўся Белым легіёнам, але зь іншым тлумачэньнем.
Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле дасьледнікаў, слова «спарыш» першапачаткова пазначала падвойнае зерне альбо падвойны колас, які трактаваўся як увасабленьне ўдачы і плоднасьці. Беларусы давалі такія каласы каровам, каб тыя добра радзілі, з каласоў плялі вянкі, варылі «брацкае піва», адкусвалі калосьсе зубамі — на ўдачу. Корань слова хаваецца ў шматлікіх мовах: старадаўнеславянскае «спорый» — «багаты, удалы, тлусты», лацінскае «prosper» — «шчаслівы, прыбытковы» і гэтак далей.
У фальклёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зь міталёгіі і арнамэнтальнай традыцыі вынікае, што Спарыш — сымбаль плоднасьці, распаўсюджаны як у славянаў, так і ў большасьці іншых індаэўрапейцаў. Гэта працяг міту пра багоў-блізьнятаў, роднасны балтыйскаму Юмісу, старажытнаіндыйскім Ашвінам.
Калі паглыбляцца ў распаўсюджанасьць спарыша, то можна выйсьці і на сымболіку старажытных баявых калясьніцаў з двума запрэжанымі коньмі, і на перакрыжаваныя сякеры бронзавага і жалезнага веку, і на скандынаўскую руну «Одал». Спарыш захаваўся ў беларускай ганчарнай традыцыі як два слоікі, змацаваныя паміж сабой, якія насілі касцам у поле. Арнамэнты са спарышом пашыраныя ў беларускай вышыўцы, на ручніках і паясах.
Белы легіён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сяргей Чыслаў тлумачыў выкарыстаньне сымбалю Белым легіёнам і ягонае значэньне:
Гэта наш Дом. Падобны элемэнт у старажытнасьці мацаваўся на страсе хаты як абярэг. Для Легіёну гэта сымбаль таго, што беларускі Дом знаходзіцца пад абаронай. Калярыстыка — белы, чырвоны і чорны колеры — таксама абраная не выпадкова. Тлумачэньне такое: чалавек (чырвоны) сягае вышыняў (белы), моцна стоячы нагамі на глебе (чорны)
Цікаўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Спарыш можна пабачыць на афіцыйным сьцягу Рэспублікі Беларусі.
- Сьцяг Белага легіёну — чырвонага колеру зь белым знакам «спарышу» ў чорным коле — упершыню быў узьняты на Дні Волі 25 сакавіка 1996 году[1].
- Затрыманы ў жніўні 1998 году Ігар Корсак, які распаўсюджваў улёткі Белага легіёну, быў таксама абвінавачаны ў «распаўсюдзе фашысцкай сымболікі», пасьля намаляваньня на муры спарышу, аднак гэтае абвінавачваньне было зьнятае пасьля заключэньня экспэртаў-мастацтвазнаўцаў[1].
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Алесь Кіркевіч. Што хаваецца за сімволікай «Белага легіёну»? (бел.) // Новы Час. — 05-04-2017.