Паўднёва-Ўсходняя Ўкраінская Аўтаномная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паўднёва-Ўсхо́дняя Ўкраі́нская Аўтано́мная Рэспу́бліка (абрэв. ПУУАР, па-ўкраінску: Південно-Східна Українська Автономна Республіка, абрэв. па-ўкраінску: ПСУАР) — праект аўтаномнага ўтварэньня, прапанаваны дэпутатамі Партыі рэґіёнаў Паўднёвага Ўсходу Ўкраіны падчас палітычнае крызы ўвосень 2004 року ў процівагу Аранжавай рэвалюцыі. Прапаноўваў фэдэралізацыю Ўкраіны шляхам вылучэньня дзесяці рэґіёнаў Украіны (Луганскай, Данецкай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Хэрсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай абласьцей, Аўтаномнай рэспублікі Крыму й места з адмысловым статусам Севастопаля) ў асобную аўтаномную рэспубліку ў складзе Ўкраіны з сталіцаю ў Харкаве. Праект не атрымаў практычнага разьвіцьця.

Палітычная крыза 2004 року і зараджэньне праекту Паўднёва-Ўсходняе аўтаноміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вынікі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне 2004 року. Рэґіёны, у якіх большасьць голасаў набраў Віктар Януковіч (адзначаныя сінім), ініцыятарамі праекту меркавалася аб’яднаць у складзе Паўднёва-Ўсходняй Украінскай Аўтаномнай Рэспублікі (ПУУАР)

Ініцыятыва стварэньня ПУУАР была ўпершыню агучаная 26 лістапада 2004 року Луганскай абласной радай пры ўдзеле ґубэрнатара вобласьці Аляксандра Яфрэмава і старшыні аблрады Віктара Ціханава. Прычынаю вылучэньня ініцыятывы былі названыя распачатыя ў Кіеве акцыі пратэсту прыхільнікаў Віктара Юшчанкі й выказваньне імі недаверу Цэнтральнай выбарчай камісіі, што абвясьціла пераможцам другога туру прэзыдэнцкіх выбараў кандыдата Віктара Януковіча. Апрача таго, былі прынятыя пад увагу заканадаўчыя ініцыятывы мясцовых орґанаў улады шэрагу заходніх абласьцей Украіны: рашэньне Львоўскай мескай Рады пра прызнаньне прэзыдэнтам Украіны Віктара Юшчанкі і пра стварэньне Камітэту абароны Канстытуцыі, а таксама рашэньне Тарнопальскай мескрады пра прызнаньне прэзыдэнтам Украіны Віктара Юшчанкі і пра выкананьне дэкрэтаў Камітэту нацыянальнага ратаваньня ў Тарнопалі[1].

26 лістапада чарговая сэсія Луганскай абласной рады большасьцю галасоў прыняла рашэньне пра стварэньне Паўднёва-Ўсходняй Украінскай Аўтаномнай Рэспублікі. У гэты ж дзень луганскія дэпутаты зьвярнуліся да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна па падтрымку. Тым жа днём на мітынґу ў Данецку лідэр Славянскай партыі, кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Базылюк, што не прайшоў у другі тур выбараў, прапанаваў правесьці ў Данецкай вобласьці рэфэрэндум пра аддзяленьне й стварэньне аўтаноміі, выказаўшы ўпэўненасьць у тым, што гэты крок падтрымаюць Хэрсон, Адэса, Днепрапятроўск ды Аўтаномная Рэспубліка Крым[2]. Наступным днём, 27 лістапада, пазачарговая сэсія Харкаўскай абласной рады пастанавіла стварыць выканаўчыя камітэты абласной і раённых радаў Харкаўскай вобласьці і надаць ім паўнамоцтвы орґанаў дзяржаўнае ўлады. Старшынём абласнога выканаўчага камітэту сэсія абрала ґубэрнатара вобласьці Яўгена Кушнарова. Яму было даручана каардынаваць дзеі па стабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі зь Вярхоўнай радаю Крыму, Данецкай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Луганскай, Адэскай, Хэрсонскай, Мікалаеўскай аблрадамі, Севастопальскай мескай радай.

Абвяшчэньне праекту аўтаноміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект стварэньня ПУУАР упершыню быў вынесены на публічнае абмеркаваньне на Першым Усеўкраінскім зьезьдзе дэпутатаў у Севераданецку, што адбыўся 28 лістапада 2004 року, на якім прысутнічала 3,5 тысячы дэлеґатаў мясцовых радаў з 15 рэґіёнаў Украіны і 159 дэпутатаў Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Прадставіў праект старшыня Данецкай абласной рады Барыс Калесьнікаў, заяўляючы, што ва Ўкраіне склалася надзвычайная сытуацыя, калі ўвасьлед за апазыцыйнымі палітыкамі Вярхоўная Рада сама парушае канстытуцыю краіны, і што для абароны інтарэсаў выбарцаў неабходна выказаць недавер усім вышэйшым орґанам дзяржаўнае ўлады, што парушылі асноўны закон, і стварыць паўднёваўсходнюю ўкраінскую дзяржаву ў форме фэдэрацыйнай рэспублікі з сталіцаю ў Харкаве[3].

Іншы ініцыятар стварэньня праекту ПУУАР — харкаўскі ґубэрнатар Яўген Кушнароў — патлумачыў яго такім чынам:

Мы хочам жыць у дзяржаве, дзе кожны чалавек абаронены. Абароненыя ягоныя правы, ягоная культура, ягоная мова, ягоная гісторыя, ягоная традыцыя й ягоныя звычаі. Мы разумеем, што ўсход мае сур’ёзьнейшыя адрозьненьні ад Галіччыны, мы не навязваем Галіччыне наш лад жыцьця, але мы ніколі не дазволім Галіччыне вучыць нас, як трэба жыць! Мы маем абараніць, захаваць галоўны духоўны стрыжань, які нас аб’ядноўвае, нашую веру. Мы ня прымем навязаны нам лад жыцьця, мы ня прымем чужыя сымбалі, наш сымбаль — праваслаўе! Шаноўныя сяброве, мы хочам спакойна жыць, працаваць, ствараць, тварыць, але над нашаю краінаю, над нашаю будучыняю панавісла страшная аранжавая пагроза. Таму… заклікаю ўсіх быць непахіснымі, стаць у поўны рост і абараніць наш выбар.

Дэлеґаты зьезду прынялі рашэньне пра вынас пытаньня пра стварэньне ПУУАР на рэфэрэндум у тым выніку, калі прэзыдэнтам будзе абвешчаны Віктар Юшчанка. Рэфэрэндум па паўднёва-ўсходніх рэґіёнах быў заплянаваны на 12 сьнежня 2004 року, а ў Данецку — на 5 сьнежня. Таксама было прынятае рашэньне пра стварэньне Міжрэґіянальнае рады орґанаў мясцовага самакіраваньня ўкраінскіх рэґіёнаў. Месцам працы гэтае каардынацыйнае рады, а таксама выканаўчае дырэкцыі быў вызначаны Харкаў, які мелася зрабіць сталіцаю ПУУАР[4].

У далейшым праект практычнага разьвіцьця не атрымаў[5].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітычныя апанэнты праекту ўжывалі ў яго дачыненьні кплівую ўкраінамоўную абрэвіятуру ПіСУАР[5][6][7]. Адзначалася, што тэма супрацьстаўленьня Ўсходу й Захаду культывавалася прэзыдэнцкаю адміністрацыяю як сродак прыцягненьня галасоў выбарцаў на карысьць падтрымоўванага ёю кандыдата — Віктара Януковіча[8].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Виктор Тихонов, «Как нас судили»
  2. ^ Выборы-2004: Власти Донецкой области предложили провести референдум об автономии
  3. ^ Северодонецкий съезд: Правда очевидца — Новости Донбасса Праверана 2009-10-09 г. Архіўная копія ад 2013-08-29 г.
  4. ^ А. Степанов. Съезд в Северодонецке — предвестник новой Переяславской Рады?
  5. ^ а б Донецкие передумали создавать ПИСУАР. Украинская правда (16 декабря 2004).
  6. ^ Андрій Іллєнко Косовський прецедент: сьогодні Сербія, а завтра Україна?. Всеукраїнське об'єднання "Свобода". Праверана 2014-05-20 г. Архіўная копія ад 2014-05-25 г.
  7. ^ У Харкові згадали про ПіСУАР. Львівська газета (2014-03-31). Праверана 2014-05-20 г.
  8. ^ Игорь Маскалевич (2004-12-03) ПіСУАР-экономика. Зеркало недели. Праверана 2014-05-20 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]