Летапіс Рачынскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Летапіс Рачынскага
Жанр: летапіс
Год напісаньня: канец XVI ст.

Ле́тапіс Рачы́нскага — сьпіс другога зводу беларуска-літоўскага летапісу трэцяй, поўнай рэдакцыі. Летапіс складае частку зборніка канца XVI стагодзьдзя, вядомага як Познанскі сьпіс (зборнік, кодэкс) і кодэкс Рачынскіх і захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Рачынскага ў Познані[1]

Характарыстыка летапісу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рукапіс у аркуш на белай паперы. Філіграні двух відаў: выцягнуты круг, у якім знаходзіцца падабенства крыжа, і віньетка тых жа памераў[1]. Першую можна датаваць 1582 годам[1]. Рукапіс месцамі ў пацёртай скураной вокладцы з польскім надпісам на карэньчыку: «od. 1487 do 1651. Kodex białoruski RK 94» («з 1487 па 1651. Кодэкс беларускі RK 94»). У верхняй частцы вокладкі налепленая паперка з надпісам[1] почыркам XVIII стагодзьдзя: «Ułomek dziejów dawnych po rusku o królu Marku o hrabi Gwidoni, o Athylie krolu węgerskim, tudzież życie dawnych xiążat litewskich» («Урывак гісторыі старажытнай па-руску пра караля Марка, князя Гвідона, вугорскага караля Атылу, тут жа жыцьцё старажытных княжат літоўскіх»). Да 292 аркуша рукапіс напісаны адным «канцылярскім» почыркам і чарнілам. На палях маюцца прыпіскі на старабеларускай і на польскай, зробленыя рознымі чарніламі, на польскай — больш сьветлымі або кінаварам. Загалоўкі напісаны статутам, буйнымі літарамі[1].

Другая частка рукапісу (стар. 293—335) напісана некалькімі почыркамі, адносіцца да XVII стагодзьдзя і складаецца ў асноўным зь сямейных запісаў Уняхоўскіх і дзьвюх копій актаў.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Летапіс зьмяшчае інфармацыю пра палітычную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага зь легендарных часоў да 1548 году з дапаўненьнямі па гісторыі Польшчы і цяперашніх беларускіх зямель XV — першай паловы XVI стагодзьдзяў. Літаратурнымі якасьцямі вылучаецца «Аповесьць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл». Летапіс Рачынскага складаецца з «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвалы Вітаўту», «Аповесьці пра Падольле» і некаторых іншых гістарычных твораў пра падзеі XIV — першай паловы XVI стагодзьдзяў.

Склад зборніка: аповесьць пра Трыстана (аркушы 1—127), аркушы 127 абаротны і 128 чыстыя, «Гісторыя пра Княжат Кгвидона» (аркушы 129—171), аркушы 171 абаротны і 172 чыстыя, «Гісторыя пра Атылу, караля вугорскага» (аркушы 173—224), «Летапісец Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцскага» (аркушы 225—291), «Kopia poświadczenia przez Władysława IV z roku 1635 dnia 8 marca reestru o prawy dworu krola Kazimierza» («Копія пацьверджаньня Ўладыславам IV 8 сакавіка 1635 году рэестра аб правах двара караля Казімера»; аркушы 293—301)[1].

Дасьледаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месцам стварэньня першай часткі зборніка называлі Вільню і Наваградзкі павет, але гэтыя вэрсіі не пацьвярджаюцца, бо маргіналіі ў рукапісе кажуць пра тое, што з 1590-х гадоў ён належаў Уняхоўскім, а паміж 1672 і 1736 гадамі перайшоў да Раздівілаў.

Зборнік быў знойдзены ў Бібліятэцы Рачынскіх ў 1846 годзе Восіпам Бадзянскім, які выклаў кароткі зьмест летапісу і апублікаваў урыўкі. Між тым, яшчэ ў 1822 годзе гісторык Юльян Нямцэвіч апублікаваў у польскай транскрыпцыі невялікі ўрывак з гісторыяй каханьня Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл з апісаньнем зборніка, вельмі падобнага на кодэкс Рачынскіх. Па словах самога Нямцэвіча, ён знайшоў гэты рукапіс у 1819 годзе ў бібліятэцы Віленскай Акадэміі. У 1836 годзе ў сваім зборніку Павал Муханаў апублікаваў той жа фрагмэнт, што і Нямцэвіч, з пазнакай, што тэкст рукапісу паходзіць зь бібліятэкі Радзівілаў. Адзначаецца, што Муханаў, узяўшы за аснову публікацыю Нямцэвіча, трансьлітараваў тэкст назад у кірыліцу, ды яшчэ й трошкі зрусіфікаваў яго, што зрабіла яго публікацыю вельмі далёкай ад арыгіналу.

У 1886 годзе зборнік быў апісаны Аляксандрам Брукнэрам (апісаньне непасрэдна летапісу на старонках з 345 па 391). Летапіс Рачынскага быў цалкам апублікаваны ў 17-м томе Поўнага збору расейскіх летапісаў, пазьней перавыдадзены Мікалаем Улашчыкам у 35-м томе таго ж выданьня[1]. Асобныя ўрыўкі летапісу былі апублікаваныя Барвінскім па поўным факсыміле летапісу, захаваным у Бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны[1]. «Гісторыя пра Княжат Кгвідона» і «Гісторыя пра Атылу, караля вугорскага» былі выдадзеныя Аляксандрам Весялоўскім у дадатку да двухтомніка «З гісторыі раману і аповесьці».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 12.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]