Лацінскі альфабэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лаці́нскі альфабэ́т — альфабэт, якім паслугоўваюцца для запісу большасьці эўрапейскіх (у тым ліку беларускай) і шмат якіх іншых моваў. Найбольш распаўсюджаны альфабэт у сьвеце — ім карыстаецца каля 35% чалавецтва. Паходзіць ад сыстэмы, якая служыць дзеля запісу лацінскай мовы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лацінскі альфабэт паходзіць ад этрускага альфабэту і ў ІІ стагодзьдзі да н. э. ён складаўся з 21 знаку:

A B C D E F G H I K L M N O P Q R S T V X

На пачатку была яшчэ адна дробная розьніца: паміж F і H была літара Z. Яе выдалілі ў IV стагодзьдзі да н. э. палічыўшы залішняй (у лацінскай мове няма гуку, які адпавядаў бы літары Z). На яе месцы паявілася літара G, якая зьяўляецца графічным варыянтам літары C. Перш чым гэтак сталася, літара C служыла дзеля перадачы як гуку /К/, гэтак і /G/, а пасьля рэформы C азначала выключна гук /К/. Гэтыя зьмены выклікалі таксама абмежаваньне ўжытку літары Q, а літара K амаль зусім выходзіць з ужытку.

Літара Y была дададзеная, а Z вернутая ў І стагодзьдзі да н. э. дзеля больш дакладнай пісьмовай перадачы грэцкіх словаў. У Сярэднявеччы паяўляецца літара W якая паўстала з падвойнай V (а яна азначала гук /U/ — адсюль ангельская назва W — double U). Аднак першапачаткова гэтая літара проста выкарыстоўвалася замест сэквэнцыі VV, якая азначае сілабу «wu» — адсюль польская назва літары W.

Урэшце, у сярэдзіне XVI стагодзьдзя літару I, якая да тае пары азначала як галосную, гэтак і зычную, пачынаюць разрозьніваць на I ды J. Аналягічнае разрозьненне адбываецца ў выпадку літары V, якая «распадаецца» на U (галосная) ды V (зычная).

Сучасны лацінскі альфабэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На сёньня у сыстэме 26 знакаў.

A B C D E F G H I J K L M
N O P Q R S T U V W X Y Z

З увагі на тое, што яна не адпавядае усім мовам, найчасьцей існуюць дадатковыя нацыянальныя вэрсіі лацінскага альфабэту у якіх існуюць новыя знакі, створаныя галоўным чынам шляхам мадыфікацыі клясычнага набору знакаў — у тым ліку й беларуская лацінка.

Шмат якія сыстэмы запісу, якія грунтуюцца на лацінскім альфабэце, выкарыстоўваюць падвойныя альбо нават патройныя знакі, або сэквэнцыі двух альбо некалькіх лацінскіх знакаў дзеля азначэньня паасобнага гуку.

Некаторыя мовы ставяцца да такіх спалучэньняў як да паўнавартасных знакаў, напрыклад чэская літара CH.

Чарговасьць знакаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лацінскім альфабэце сталая чарговасьць знакаў (у межах варыянту для адной мовы).

Дадатковыя знакі зьмяшчаюцца ў ім паводле аднаго з прынцыпаў:

  • пасьля базавага знаку, напрыклад Ń пасьля N;
  • у канцы альфабэту — напрыклад дадатковыя знакі швэдзкага альфабэту;
  • раўнапраўна са звычайнымі — напрыклад, у нямецкай Ä нароўні з A і да г. п.

Лацінскія альфабэты іншых моваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]