Красавіцкія страйкі ў Беларусі (1991)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Красавіцкія страйкі
нацыянальнае адраджэньне, распад СССР
Дата3—26 красавіка 1991
МесцаСьцяг Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларуская ССР, СССР
Прычынырост цэнаў на тавары
Мэты
Спосабыусеагульны штрайк
Вынік
Удзельнікі канфлікту
Ключавыя асобы

Штра́йкі ў Белару́сі 1991 ро́ку, таксама Красаві́цкія штрайкі — сэрыя агульнанацыянальных штрайкаў і дэманстрацыяў у Беларускай ССР. Выбухнулі пачаткова ў знак нязгоды з падвышэньнямі цэнаў і падаткаў на экспартныя тавары, але пазьней ператварыліся ў шырэйшы антысавецкі рух з патрабаваньнямі адстаўкі савецкіх кіраўнікоў, зьмяншэньня эканамічнай залежнасьці ад цэнтральнага ўраду і перавыбараў Вярхоўнага Савету. Пратэст ахапіў дзясяткі працоўных калектываў і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як найбольш масавы выступ рабочых у змаганьні за ўласныя палітычныя правы[1].

Гістарычнае тло[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За часам Пятра Машэрава Беларуская ССР хутка перайшла ад аграрнай да індустрыяльнай эканомікі і стала «зборачным цэхам Савецкага Саюзу»: беларускія трактары, транспартныя сродкі, электронна-вылічальная тэхніка пастаўляліся ва ўсе савецкія рэспублікі і па-за межы СССР. Аднак у выніку рэформаў, палітыкі перабудовы і паскарэньня савецкая эканоміка трапіла ў глыбокі крызіс. Запыт на беларускія вырабы ўпаў, што выклікала масавыя звальненьні[2].

Яшчэ адным чыньнікам згаршэньня стану беларускай эканомікі сталі наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Чвэрць беларускіх лясоў трапілі ў заражаную зону, 137 700 чалавек былі эвакуяваныя, яшчэ 200 000 зьехалі самастойна. 479 населеных пунктаў апусьцелі, у ліпені 1990 року ўся тэрыторыя рэспублікі была абвешчаная зонай экалягічнага бедзтва. Паводле ацэнак, учыненая шкода дасягала 235 млрд $ ЗША, што адпавядала 32 бюджэтам Беларускай ССР узроўню 1985 року. На гэтым тле ў канцы 1980-х у рэспубліцы паўсталі рухі за нацыянальнае адраджэньне[2].

Яшчэ раней напружанае грамадзкае становішча выклікала штрайкі беларускіх працаўнікоў. У 1989 року страйкавалі салігорскія шахцёры[3], у 1990 — працаўнікі «Гомсельмашу»[4].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1991 року Кабінэт міністраў СССР на чале з Валянцінам Паўлавам распачаў грашовую рэформу з мэтай зніжэньня сацыяльнага напружаньня, пазбаўленьня ад залішняй грашовай масы і вырашэньня праблемы таварнага дэфіцыту. У межах гэтай рэформы 19 сакавіка савецкі ўрад выдаў пастанову «Пра рэформу раздробавых цэнаў і сацыяльную абарону насельніцтва», намагаючыся такім чынам вырашыць праблему дэфіцыту бюджэту, спрычыненага эканамічнай крызай[5]. Указ уваходзіў у шэраг захадаў грашовай рэформы. З пачаткам дзеяньня ўказу цэны на тавары ўзьляцелі ў 2—5 разоў[6][7], а на асобныя групы нават больш[8].

Яшчэ адным чыньнікам, што павялічыў незадаволенасьць насельніцтва, стаў гэтак званы «Гарбачоўскі падатак» — 5% падатак на тавары, вырабелныя ў адной рэспубліцы для продажу ў іншых. Паколькі эканоміка Беларускай ССР грунтавалася на прадукцыі, што экспартаваліся ў іншыя савецкія рэспублікі, яна найбольш адчула страты ад «Гарбачоўскага падатку»[9].

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 красавіка 1991 року ў адказ на падвышэньне цэнаў спынілі працу работнікі Менскага электратэхнічнага заводу, да іх далучыліся супрацоўнікі суседніх заводаў шасьцерняў(d) і аўтаматычных ліній(d). Рабочыя выйшлі на Даўгабродзкую вуліцу, перакрыўшы рух трамваяў[1][6]. 4 красавіка да штрайку далучыліся работнікі Менскага аўтамабільнага заводу. Пратэстоўцы, колькасьць якіх склала каля 100 000, прайшлі маршамі да Дому ўраду[4][10].

У першы дзень пратэстаў патрабаванні тычыліся выключна эканамічных пытаньняў (узьняць заробкі, зьнізіць цэны, скасаваць 5 % падатак на продаж усіх тавараў). На мітынгу ля Дома ўраду дадаліся палітычныя патрабаваньні:

5 красавіка ў Салігорску спыніў працу Салігорскі калійны камбінат. Свае патрабаваньні яны агалосілі на цэнтральнай плошчы места[7]. Наступнымі днямі да штрайкаў далучыліся іншыя прадпрыемствы і гарады: Барысаў, Віцебск, Ворша, Гомель, Горадня, Ліда, Маладэчна, Наваполацак. Да канца тыдня прадстаўнікі 98 прадпрыемстваў пры падтрымцы БНФ «Адраджэньне» ўтварылі «стачкавыя камітэты»[7].

Знаныя апазыцыйныя пісьменьнікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч адкрыта выказаліся ў падтрымку пратэстоўцаў[9]. Акрамя ўласна палітыкаў з БНФ, шэраг іншых беспартыйных дэпутатаў, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, заклікалі ўрад выканаць патрабаваньні працоўных[11].

Апанэнтаў у той час узначальвалі Мікалай Дземянцей (старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету), ягоны намесьнік Станіслаў Шушкевіч, а таксама старшыня Кабінэту міністраў Вячаслаў Кебіч. Аднак яны былі больш гатовыя да перамоваў, чым цэнтральнае кіраўніцтва ў Маскве і працавалі над зьніжэньнем цэнаў. Аднак падзеі разьвіваліся так хутка, што ў той час эканамічныя патрабаваньні завадчанаў ужо былі замененыя палітычнымі[9]. Дзеля разьвязаньня пытаньня Станіслаў Шушкевіч склікаў закрытае паседжаньне прэзыдыюму Вярхоўнага савету, на якое не дапусьцілі іншых дэпутатаў. Пятро Садоўскі, прадстаўнік БНФ у прэзыдыюме, беспасьпяхова спрабаваў дамагчыся скліканьня надзвычайнай сэсіі парлямэнту. Яшчэ раней Станіслаў Шушкевіч адхіліў аналягічную прапанову дэпутата Сяргея Антончыка.

10 красавіка Савет міністраў БССР пайшоў на перамовы з страйкоўцамі і задаволіў эканамічныя патрабаваньні працоўных, падвысіўшы заробкі. Аднак палітычныя патрабаваньні не былі задаволеныя; тады лідэры страчкавага руху пастанавалі аднавіць штрайкі з 23 красавіка[7].

Аршанскі страйкам з пачатку красавіка нават выпускаў уласную газэту «Рабочая воля» (выйшлі чатыры нумары)[2]. Пікам пратэстаў стала перакрыцьцё чыгуначнага вузла ў Воршы 24 красавіка, у выніку чыго спыніўся рух цягнікоў з РСФСР на захад, зь Ленінграду ў Адэсу і зь Менску ў Смаленск[9]. 25 красавіка прадстаўнікі аршанскага стачкаму накіраваліся ў Менск на перамовы, аднак яны не далі вынікаў. Блякаду чыгуначнікаў увечары 25 красавіка спыніў АМАП зь Віцебску, Менску і Магілёву, пасьля гэтага пратэсты сышлі на нішто.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку перамоваў было дасягнутае пагадненьне пра задавальньне эканамічных патрабаваньняў работнікаў, палітычныя патрабаваньні праігнаравалі[10].

Тым ня меней, работнікі Салігорскага калійнага камбінату страйкавалі яшчэ месяц пасьля разгону пратэстаў у Воршы, а ў жніўні 1991 року аднавілі пратэсты[10].

На базе стачкавых камітэтаў, якія паўсталі ў красавіку 1991 року, утварыліся першасныя камітэты незалежных прафсаюзаў, зь якіх пазьней разьвіўся недзяржаўны Беларускі незалежны прафсаюз(d)[7].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Навумчык, Сяргей (3 красавіка 2021) Страйк, якога ніхто не чакаў. 10 фактаў пра выступ рабочых у красавіку 1991-га Гісторыя. Беларуская служба Радыё „Свабода“Праверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 12 жніўня 2022 г.
  2. ^ а б в Пустой „сборочный цех“ Союза, протесты рабочих и депутат Лукашенко. Беларусь накануне развала СССР (рас.) Настоящее время. Radio Free Europe/Radio Liberty (25 жніўня 2021). Праверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 19 студзеня 2024 г.
  3. ^ АА (2 лістапада 2011) Як раней баставалі беларусы. 5 гісторыяў Гісторыі. БелсатПраверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 14 лютага 2024 г.
  4. ^ а б Салігорскія шахцёры трымалі страйк 44 дні, у Мінску да стачкі далучыліся 98 прадпрыемстваў. Успамінаем, як баставалі беларусы Грамадзтва. Наша Ніва (3 лістапада 2021). Праверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 5 студзеня 2023 г.
  5. ^ Петр Каменченко, Михаил Карпов. (4 красавіка 2021) „За банку тушёнки могли запросто убить“ 30 лет назад СССР попытался победить дефицит и лишил людей всех денег. Это ускорило развал страны (рас.) Lenta.ru Праверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 30 траўня 2023 г.
  6. ^ а б Мелеховец, Дмитрий (24 лютага 2021) История одной из самых массовых забастовок белорусских рабочих. Новый проект Onliner о девяностых (рас.) Недвижимость. Onliner.byПраверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 9 сакавіка 2023 г.
  7. ^ а б в г д Салаўёў, Сяргей (3 красавіка 2024) Быць пачутымі. Як у 1991 годзе баставала Беларусь Повязь часоў. Новы часПраверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 4 красавіка 2023 г.
  8. ^ Окунев, Дмитрий (2 красавіка 2021) „Магазины были пусты“: как в позднем СССР взвинтили цены (рас.). Газета.ruПраверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 7 кастрычніка 2023 г.
  9. ^ а б в г Навумчык, Сяргей (21 траўня 2011) Чаму рабочыя асьвісталі Шушкевіча? 1991 вачыма ўдзельніка. Беларуская служба Радыё „Свабода“. Праверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 15 студзеня 2024 г.
  10. ^ а б в г Как раньше бастовалі белорусы (рас.). Хартыя’97 (2 лістапада 2021). Праверана 3 красавіка 2024 г. Архіўная копія ад 3 красавіка 2024 г.
  11. ^ Александр Лукашенко. Диктатура: белорусский вариант? // Адкрытае грамадства : Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь. — 1999. — № 1 (6).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]