Эўрапейскі пікнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік падзеі

Эўрапейскі пікнік — дэманстрацыя міру на аўстрыйска-вугорскай граніцы каля гораду Шопрану 19 жніўня 1989 году. Са згоды абедзьвюх краінаў пагранічную браму на старой Браціслаўскай дарозе паміж вёскамі Санкт-Маргарэтэн і Шопранкёхіда сымбалічна адчынілі на тры гадзіны. На гэтым жа месцы аўстрыйскі міністар замежных справаў Алаіз Мок і яго вугорскі калега Дзьюла Хорн 27 чэрвеня 1989 году сумесна разрэзалі пагранічны плот, каб падкрэсьліць распачатую Вугоршчынай 2 траўня 1989 году ліквідацыю ахоўных збудаваньняў.

Больш за 600 грамадзян НДР скарысталіся гэтым кароткім адкрыцьцём жалезнай заслоны, каб бегчы праз Аўстрыю ў ФРН. Вугорскія пагранічнікі ім не перашкаджалі, хоць па дамоўленасьці паміж НДР і Вугоршчынай яны не павінны былі іх пускаць на Захад.

Сёньня Эўрапейскі пікнік лічыцца адной з важных падзеяў, што прывяла да скананьня НДР і заканчэньня халоднай вайны, падзеньня жалезнай заслоны і аб’яднаньня дзьвюх нямецкіх дзяржаваў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]