Атлянтычная група

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 45°48′7″ пн. ш. 15°58′30″ у. д. / 45.80194° пн. ш. 15.975° у. д. / 45.80194; 15.975

«Атлянтычная група»
харв. Atlantic Grupa
Тып акцыйнае таварыства
Лістынг на біржы Заграб: ATGR
Дэвіз Ствараем водары, якія ўпадабаеце
Заснаваная 28 кастрычніка 1991 (32 гады таму)[1]
Заснавальнікі Эміль Тэдэскі
Уласьнікі Эміль Тэдэскі (50,2%), пэнсійныя фонды (35%)
Краіна Харватыя
Разьмяшчэньне Заграб
Адрас акруга Трнье, Мірамарская дарога, д. 23[2]
Ключавыя фігуры Эміль Тэдэскі (старшыня Ўправы)[3], Зоран Вучыніч (старшыня Назіральнай рады)[4]
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя цукеркі, кава, газаваная вада, сок, сэндвіч і намазкі
Абарачэньне 987,082 млн эўра (2023 год)
Апэрацыйны прыбытак 44,68 млн эўра (2023 год)
Чысты прыбытак 31,22 млн эўра (2023 год)[5]
Лік супрацоўнікаў 5274 (2024 год)[6]
Матчына кампанія «Мыбэрг»
Даччыныя кампаніі «Цэдэвіта», «Штарк» (Сэрбія), «Дарагая Колінская» (Славенія)
Аўдытар «Эрнст і Янг» (Ангельшчына)

«Атлянтычная група» — прыватнае харчовае прадпрыемства Харватыі, заснаванае ў кастрычніку 1991 году пад назвай «Атлянтычны гандаль».

На 2024 год вырабляла газаваную і мінэральную ваду, каву, слодычы і саленьні, намазкі, а таксама валодала сеткай аптэк. Мела ўласную сетку збыту ў Харватыі, Сэрбіі, Славеніі і Паўночнай Македоніі, а таксама ў Аўстрыі і Расеі[7]. Мела даччыныя прадпрыемствы і замежныя прадстаўніцтвы ў 8 краінах Эўропы. Пастаўляла харчаваньне ў 40 краінаў[8].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2024 год «Атлянтычная група» мела даччыныя прадпрыемствы ў 8 краінах Эўропы.

Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў Аўстрыі, Расеі і Чарнагорыі[8].

Збытавая сетка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2024 год «Атлянтычная група» мела 17 таварняў і звыш 1000 самаходаў, якімі спажывецкія тавары дастаўлялі больш як 70 000 крамаў. Гэта рабіла прадпрыемства 3-м найбольшым на Балканах у галіне дастаўкі тавараў[9].

  • Харватыя. На 4-х складах зь месцам для 20 960 паддонаў працавала 716 чалавек, зь іх 270 кіравалі ланцугамі паставак. Аўтапарк налічваў 289 самаходаў.
  • Сэрбія. Дастаўка дзейнічала зь 2001 году. На 4-х таварнях для 24 847 паддонаў працавала 603 чалавекі, зь іх 212 кіравалі ланцугамі паставак. Налічваўся 381 самаход.
  • Босьнія і Герцагавіна. Падразьдзяленьне існавала з 1994 году з галаўной сядзібай у Шырокім Брыегу. На 5 таварнях маглі захоўваць да 13 700 паддонаў. Сярод 422 супрацоўнікаў 141 кіраваў ланцугамі паставак.
  • Славенія. Таварню ў Любляне заснавалі ў 2004 годзе. Плошчы ставала на 9600 паддонаў. Налічвалася 189 супрацоўнікаў і 139 самаходаў.
  • Паўночная Македонія. На таварні ў Скоп'і працавала 213 чалавек, зь іх 81 кіраваў ланцугамі паставак. Месца ставала на 3000 паддонаў. Аўтапарк налічваў 100 самаходаў.
  • Чарнагорыя. У Данілаўградзе склад на 2550 кв. м дзейнічаў зь 2007 году. Налічвалася 63 самаходы і 89 працаўнікоў, сярод якіх 30 загадвалі ланцугамі паставак.
  • Аўстрыя. У 2015 годзе стварылі таварню ў Вене. Сярод 25 супрацоўнікаў 4 кіравалі ланцугамі паставак[9].

Уласьнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатак 2024 году кантрольным пакетам паёў «Атлянтычнай групы» ў 50,2 % валодаў заснавальнік прадпрыемства і старшыня яго Ўправы Эміль Тэдэскі праз утворанае ў 2022 годзе прадпрыемства «Мыбэрг». Іншымі 9 найбольшымі пайшчыкамі былі:

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 кастрычніка 1991 году кіраўнік мілянскага падразьдзяленьня (Італія) ангельскага цэлюлёзнага холдынгу «Мэтэор» Эміль Тэдэскі (нар. 1967, Спліт) заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Атлянтычны гандаль» у Харватыі. Спачатку гандлявалі амэрыканскімі жуйкамі «Рыглі» (штат Іліной) і батончыкамі «Марс». У 1992 годзе адчынілі таварню ў Спліце. У 1994 годзе дадалі склады ў Осіеку і Рыецы. У 1996 годзе пачалі прадаваць амэрыканскія прылады для галеньня «Джылет» (штат Масачусэтс) і батарэйкі «Дзюрасэл». У 1997 годзе ўклалі ў басьнійскае прадпрыемства дастаўкі «Атако». У 1998 годзе ў Харватыі запусьцілі вытворчасьць сэндвічаў «Мантана». У 1999 годзе пачалі прадаваць амэрыканскія лекі ад карпарацыі «Джонсан і Джонсан» (штат Нью-Джэрзі)[6].

У 2001 годзе адчынілі даччынае прадпрыемства дастаўкі ў Сэрбіі і набылі харвацкага вытворцу напояў «Цэдэвіта». Таксама пачалі прадаваць італьянскі шакаляд «Фэрэро» (край П’емонт). У 2002 годзе ўтварылі холдынг «Атлянтычная група». У 2003 годзе паглынулі харвацкага вытворцу касмэтыкі «Нэва», а ў Македоніі адчынілі даччынае прадпрыемства дастаўкі. У 2004 годзе прадпрыемства дастаўкі адчынілі ў Любляне (Славеніі). Таксама паглынулі вытворчасьць касмэтыкі пад таварным знакам «Мэлем». У 2005 годзе «Атлянтычная група» паглынула нямецкага вытворцу спартовага харчаваньня «Галеко» і «Мультыпаўэр». У 2006 годзе адчынілі гандлёвае прадстаўніцтва ў Расеі і пераўтварылі ТАА «Атлянтычная група» ў акцыйнае таварыства. У 2007 годзе паглынулі харвацкага вытворцу харчовых дадаткаў «Фідыфарм» у Ракіце пад Заграбам і птушкагадоўчую фабрыку «Мультывіта» ў Джакаве (Осіецка-Баранская жупанія)[6].

19 лістапада 2007 году «Атлянтычная група» выпусьціла 31 % паёў у вольнае абарачэньне на «Заграбскай біржы», што стала найбольшым разьмяшчэньнем паёў прыватным прадпрыемствам[10]. У 2008 годзе паглынулі аптэчную сетку «Фармацыя» ў Харватыі. У 2010 годзе паглынулі славенскага вытворцу намазак «Дарагая Колінская» і вытворцу мінэральнай вады «Кальніцкія воды» ў Крыжэўцах (Капрыўніцка-Крыжэвацкая жупанія)[6]. У ліпені 2010 году правялі рэкапіталізаваньне шляхам выпуску 864 305 паёў, што павялічыла іх агульны лік да 3 334 300[10]. У 2013 годзе пачалі прадаваць ангельскае мыла ад прадпрыемства «Юнілевэр». У 2015 годзе паглынулі сэрбскага вытворцу сокаў і джэмаў «Фудланд» і ўзьвялі завод спартовага харчаваньня «Мультыпаўэр» у Харватыі. У 2016 годзе заснавалі прадпрыемствы дастаўкі ў Аўстрыі і Нямеччыне. У 2017 годзе заключылі пагадненьне аб супрацы з бэльгійскім вытворцам спартовага харчаваньня «Аміналабс»[6].

У 2018-м «Атлянтычная група» стала найбольшым прадпрыемствам на «Заграбскай біржы» і прадала вытворцу касмэтыкі «Нэва». У 2019 годзе нямецкага вытворцу ежы «Трыпойнт» (зямля Шлезьвіг-Гальштайн) прадалі таварныя знакі спартовага харчаваньня «Мультыпаўэр», «Чамп» і «Мультабэн». Таксама прадалі прадпрыемства «Фідыфарм» і таварны знак «Мультывіта». Сярод іншага, закрылі прадпрыемства «Біянатура» па бутэляваньні вады і заключылі дамову аб супрацы зь сеткай кавярняў «Вівас». У 2020 годзе прадалі таварны знак дзіцячага харчаваньня «Бэбі» і заключылі дамову зь італьянскім вытворцам ежы «Прокафэ». У 2021 годзе прадалі завод у Мірне (край Паўднёва-Ўсходняя Славенія), а ў 2022-м — на курорце мінэральнай вады ў Смэдэрэўскай Паланцы (Сэрбія)[6]. У ліпені 2022 году паі «Атлянтычнай групы» падзялілі з намінальнай вартасьці ў 40 кунаў да 10 за пай, таму агульны лік паёў вырас да 13 337 200. У 2023 годзе статутны капітал перавялі з кунаў у эўра, пасьля чаго той склаў 106 697 600 эўра з намінальнай вартасьцю па 8 эўра за пай[10]. У 2023 годзе падпісалі дамову аб набыцьці сэрбскага вытворцы кавы «Штраўс Адрыятыкі»[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ТАА «Атлянтычны гандаль» (харв.) // ТАА «Компані Ўол», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  2. ^ Зьвесткі для сувязі (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  3. ^ Управа (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  4. ^ Наглядальная рада (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  5. ^ Фінансавыя вынікі АТ «Атлянтычная група» ў 2023 годзе (харв.) // ТАА «Шэйп 404», 27 лютага 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  6. ^ а б в г д е ё ж Справаздача АТ «Атлянтычная група» за 2023 год (харв.) // ТАА «Шэйп 404», 27 лютага 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  7. ^ Прадпрыемства (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  8. ^ а б в г Рынкі (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  9. ^ а б Пра распаўсюд (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
  10. ^ а б в Выпускі паёў (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Навіны (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 10 красавіка 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.