Аршанскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Аршанскі замак
Аршанскі замак
Аршанскі замак
Краіна Беларусь
Места Ворша
Каардынаты 54°30′20″ пн. ш. 30°25′15″ у. д. / 54.50556° пн. ш. 30.42083° у. д. / 54.50556; 30.42083Каардынаты: 54°30′20″ пн. ш. 30°25′15″ у. д. / 54.50556° пн. ш. 30.42083° у. д. / 54.50556; 30.42083
Заснавальнік Вітаўт
Дата заснаваньня XIV ст.
Статус Ахоўная зона
Аршанскі замак на мапе Беларусі
Аршанскі замак
Аршанскі замак
Аршанскі замак
Аршанскі замак на Вікісховішчы

Аршанскі замак — помнік архітэктуры XIV—XVII стагодзьдзяў у Воршы. Знаходзіўся пры ўтоку ракі Аршыцы ў Дняпро, на месцы гарадзішча XI ст. Твор архітэктуры готыкі. Да нашага часу захаваліся падмуркі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак, з мапы 1539 году
Каляровая вэрсія

Будаваньне мураванага замка ў Воршы вялося ў 1398—1407 гадох мясцовым насельніцтвам пры ўдзеле майстра-муляра з Караляўца. З эканамічных і палітычных прычынаў фартэцыю не да канца змуравалі і ў XV ст. дабудавалі з дрэва. У 1500 годзе замак занялі і 3 гады ўтрымлівалі маскоўскія войскі. У 1507 і 1519 гадох аблогі паўтарыліся. Замак пасьпяхова вытрымаў доўгую аблогу ў 1562—1564 гадох.

У канцы XVI ст. замак быў яшчэ недабудаваным. У 1594 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза абавязваў аршанцаў драўляныя «бланкі на сьцяне замкавай ад Іршыцы апраўляць і знову зарабіці, кгды ападуць». Замак даглядалі сяляне замкавай воласьці, яны разам зь месьцічамі рамантавалі мураваныя і драўляныя сьцены, папраўлялі мост перад замкам і замкавы стаў. У 1529 годзе да іх далучыліся людзі зь ЛідчыныВасілішак, Дубічоў, Астрыны і зь Любашанскай воласьці. Паводле «Ўставы павіннасьцей» за 1560 год мяшчане-аршанцы абавязваліся «ў замку адну сьцяну аправаваці і перад замкам мост будаваці, стацэю паслам і ганцам даваці, а падвадныя пенязі... даваці і старожу замкавую поўніці». Апроч таго, унутры замка з боку Аршыцы яны «водлуг старадаўняга звычаю» будавалі гародні, падтрымлівалі ў добрым стане тайнік да вады, капалі яму пад пад’ёмным мостам — «узводам», давалі 2 начных вартаўнікоў і «варотнага меркуля водлуг старога звычаю». Як і ў кожным пагранічным замку, тутэйшыя пушкары займаліся рамонтам і вырабам ручной пальнай зброі і пораху.

Па 1620 годзе замак цалкам дабудавалі з каменю («камень дзіч да зубцоў»). З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай увосень 1654 году замак, які незадоўга да гэтага перажыў 2 пажары, захапілі маскоўскія войскі. У сьнежні 1654 году абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмама Януша Радзівіла вызвалілі замак і ўтрымлівалі яго да 11 траўня 1655 году. Пазьней маскоўскі стольнік 3. Ляонцьеў зноў заняў фартэцыю і ўтрымліваў да канца вайны. Па гэтых падзеях замак перастаў выконваць абарончыя функцыі.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе войскі маскоўскага гаспадара Пятра I спалілі замкавы комплекс.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады разабралі рэшткі замкавых муроў[1].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аршанскае замчышча

Падмуркі замка стаялі на вапнавай падушцы мелі вышыню каля 1 м. Яны складаліся з валуноў сярэдніх памераў. Сьцены будаваліся ў тэхніцы «паласатай муроўкі», дзе рады падагнаных валуноў выраўноўваліся радамі буйнапамерных цаглінаў. Сыстэма цаглянай муроўкі «балтыйская» — чаргаваньне 2 рубаў і 1 старчака, што дае магчымасьць датаваць Аршанскі замак канцом XIV — пачаткам XV ст. і дадаткова пацьвярджае пісьмовыя сьведчаньні пра тагачасныя будаўнічыя работы

Паводле пісьмовых крыніцаў XVI—XVII стагодзьдзяў уваход у замак з захаду ажыцьцяўляўся праз мост, перакінуты праз роў, які жывіўся вадою Аршыцы. У 1560 годзе 2-ярусная драўляная замкавая брама на мураваным фундамэнце мела сыстэму запорных канструкцыяў. Унізе брамы стаяла вялікая бронзавая гармата, другая невялікая жалезная гармата знаходзілася на другім паверсе. Брамны праём зачыняўся «ўзводам» — пад’ёмным мостам. Праслам сьцяны брама злучалася з 2-яруснай, напалову «мурам абмураванай» вежай, што стаяла налева. У ёй была невялікая гармата. Далей мур ішоў на ўсход і ўпіраўся ў трэцюю вежу, да ўзроўню другога яруса мураваную, а вышэй зробленую з дрэва. Ніжнюю частку яе займаў цэйхгаўз, дзе было 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невялікія жалезныя гарматы, старасьвецкі жалезны «кій ку стрэльбе», запас гарматных ядраў, куль, сьвінец, порах, салетра, сера, кнаты і інш. На беразе Дняпра разьмяшчалася чацьвертая 2-павярховая вежа з гарматай. Пад мураванай сьцяной знаходзіўся «тайнік дзеравяны, фундаваны для вады ў Днепар». Краем высокага правага берага Дняпра сьцяна праходзіла да пятай вежы. Наверсе прасел замкавых сьценаў, на кансольных бэльках ішла баявая галерэя — «абланкі», дзе стаялі гарматы, тут жа бліжэй да брамы вісеў «звон вялікі з кляпалам», у які званілі «на трывогу». Унутры замка, ушчыльную да мураваных сьценаў, далучалася 101 драўляная гародня, дзе ў ваенны час мелі «клеці на сваё схованьне часу патрэбы» і свайго скарбу мяшчане, шляхта і сяляне замкавай воласьці. Пэрымэтар мураванага замка складаў 354 м.

У XVII ст. замак, відаць, завяршаўся мураванымі зубцамі. Вышыня замкавых муроў да зубцоў была не аднолькавай: зь небясьпечнага «прыступнага» боку — з поўначы і захаду да 8 м, з бакоў, абароненых рэкамі і высокім берагам,— 5,3 м, шырынёю сьцяна замка была «ў сажань» (каля 2 м)[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  211В000887