Хаджалінская разьня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паштовая марка Азэрбайджану 2007 году, прысьвечаная разьні ў Хаджалы

Хаджалі́нская разьня́ (па-азэрбайджанску: Xocalı soyqırımı) — масавае забойства жыхароў азэрбайджанскага гораду Хаджалы армянскімі ўзброенымі фармаваньнямі, якое ў шэрагу крыніцаў характарызуецца як самае буйное і жорсткае кровапраліцьцё за час Карабаскай вайны. У азэрбайджанскіх крыніцах гэтыя падзеі называюцца Хаджалінскай трагедыяй (па-азэрбайджанску: Xocalı faciəsi) або Хаджалінскім генацыдам (па-азэрбайджанску: Xocalı soyqırımı), які прадстаўляецца азэрбайджанскім бокам як частка больш агульнага 200-гадовага генацыду азэрбайджанцаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ноч з 25 на 26 лютага 1992 году армянскія ўзброеныя фармаваньні пры ўдзеле некаторых вайскоўцаў 366-га палку Аб’яднаных сілаў СНД, дысьлякаванага ў Сьцепанакерце (мяркуецца, што яны дзейнічалі без загаду камандаваньня), занялі горад Хаджалы. Падчас штурму і пасьля яго былі параненыя, загінулі і зьніклі бязь вестак сотні мірных жыхароў.

Паводле афіцыйных дадзеных азэрбайджанскіх уладаў, у выніку гэтай трагедыі загінула (уключаючы замерзлых у шляху) 613 чалавек, зь іх 63 дзіця, 106 жанчын, 70 старых. 8 сем’яў было зьнішчана цалкам. 487 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей, было паранена, 150 чалавек прапала бязь вестак, 1275 чалавек пабывала ў закладніках.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Азэрбайджане помнікі ахвярам Хаджалінскай разьні ўсталяваны ў Баку, гарадох Закатала і Ленкарань, а таксама ў пасёлку Шаўмянаўск, дзе часова пражываюць хаджалінскія ўцекачы.