Трэвар Зэграс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трэвар Зэграс
Рост 183 см[1]
Вага 78 кг
Пазыцыя цэнтральны нападнік, нападнік
Грамадзянства
Дата нараджэньня 20 сакавіка 2001(2001-03-20)[1] (23 гады)
Месца нараджэньня
Клюб Анагайм Дакс
Выступаў за
Драфт НХЛ 9, 2019
Анагайм Дакс
Гульнявая кар’ера 2021 — цяпер

Трэвар Зэграс (па-ангельску: Trevor Zegras; нар. 20 сакавіка 2001 году) — амэрыканскі хакеіст, цэнтральны нападнік клюбу «Анагайм Дакс» з Нацыянальнай хакейнай лігі. У 2019 годзе быў абраны на драфце НХЛ клюбам «Анагайм Дакс» у першым раўндзе пад агульным 9 нумарам. На студэнцкім узроўні абараняў колеры Бостанскага ўнівэрсытэту.

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаў займацца хакеем у Нью-Ёрку, дзе таксама браў удзел у юнацкіх і юніёрскіх лігах. Быў заўзятарам клюбу «Нью-Ёрк Рэйнджарз»[2]. Гуляючы ў Хакейнай лізе ЗША, быў заўважаны клюбамі НХЛ. У выніку быў задрафтаваны ў 2019 годзе ў першым раўндзе пад агульным дзевятым нумарам клюбам «Анагайм Дакс»[3]. Не зважаючы на тое, што гулец мог далучыцца да структуры вялікага клюбу, Зэграс, кіруючыся сваімі абавязацельствамі, далучыўся да каманды Бостанскага ўнівэрсытэту[4].

Зэграс у швэдры «Анагайм Дакс» у 2022 годзе.

Зэграс афіцыйна завяршыў сваю студэнцкую кар’еру 27 сакавіка 2020 году, склаўшы трохгадовы кантракт пачаткоўца з «Анагайм Дакс»[5]. Па падпісаньні кантракту маладзён быў пераведзены ў фарм-клюб «Сан-Дыега Галз», які спаборнічаў у Амэрыканскай хакейнай лізе, дзе згуляў частку сэзону 2020—2021 гадоў[6]. 5 лютага 2021 году Зэграс дэбютаваў на прафэсійным узроўні ў складзе «Галз» і адзначыўся голам і двума выніковымі перадачамі ў пераможным матчы зь лікам 4:1 над «Бэйкерсьфілд Кондарз»[7]. У канцы лютага быў адкліканы у каманду НХЛ[6], у складзе якой запачаткаваў выступы ў НХЛ матчам 22 лютага супраць «Арызоны Каётыз»[8]. Празь некалькі гульняў, 18 сакавіка 2021 году, Зэграс закінуў сваю першую шайбу ў браму Эйдына Гіла, які абараняў колеры «Арызоны Каётыз». У выніку Зэграсавы клюб здабыў перамогу зь лікам 3:2 у авэртайме. Згуляўшы 24 матчы хакеіст вярнуўся ў «Сан-Дыега Галз», дзеля атрыманьня патрэбнага досьведу.

Падчас трэнаваньня перад сэзонам 2021—2022 гадоў Зэграс замацаваўся на пазыцыі цэнтральнага нападніка[9] ды хутка замацаваўся ў асноўным складзе. Да сьнежня 2021 году ён зарабіў 22 пункты ў 27 гульнях, заняўшы другое месца сярод пачаткоўцаў лігі паводле вынікаў. Сярэдні час на лёдзе гульца складаў блізу 17 хвілінаў[10]. Зэграс завяршыў свой першы паўнавагавы сэзон з 23 галамі і 38 выніковымі перадачамі. У выніку нападнік быў намінаваны на Мэмарыяльны трафэй Колдэра, які прысуджаецца найлепшаму пачаткоўцу году ў НХЛ[11], аднак узнагароду атрымаў Морыц Зайдэр[12]. У наступным усьцяж працягваў абараняць колеры каліфарнійскай каманды. Напрыканцы 2023 году выбыў праз траўму на двацацць матчаў[13][14].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]