Тадэвуш Чацкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тадэвуш Чацкі
Дата нараджэньня 28 жніўня 1765(1765-08-28)[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 лютага 1813(1813-02-08)[1][2] (47 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак гісторык
Псэўданімы T. C.
Бацька Фелікс Чацкі[d]
Маці Катажына Караліна з Малахоўскіх[d]
Дзеці Марыя з Чацкіх[d] і Віктар Чацкі[d]
Узнагароды
ордэн Белага арла ордэн Святога Станіслава

Тадэвуш Чацкі (польск. Tadeusz Czacki; 26 жніўня 1765, в. Паўлаўка Валынскага ваяводзтва Каралеўства Польскага — 8 лютага 1813) — гісторык, гаспадарчы і культурны дзяяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атрымаў хатнюю адукацыю. 3 1781 году быў практыкантам задворнага асэсарскага (каралеўскага) суду ў Варшаве. Зблізіўся з гісторыкам Адамам Нарушэвічам. На даручэньне караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўпарадкаваў частку прыватнага каралеўскага архіву і Кароннай мэтрыкі. У 1786—1792 гадох быў сябрам Кароннай скарбовай камісіі.

Праводзіў дасьледаваньні гаспадарчага стану Рэчы Паспалітай. Ініцыятар складаньня гідраграфічнай мапы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Прапаноўваў шматлікія праекты гаспадарчага разьвіцьця рамяства, местаў, замежнага гандлю, скасаваньня ўсіх абмежаваньняў для жыдоў. Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) асеў у Кракаве, дзе праводзіў гістарычныя дасьледаваньні. Сабраў каштоўныя бібліятэчныя і архіўныя зборы.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) стаў адным з галоўных арганізатараў асьветы і навукі на землях, анэксаваных Расейскай імпэрыяй, адзін з заснавальнікаў Таварыства аматараў навук у Варшаве (1800 год). 3 1805 году быў візытатарам школаў Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губэрняў, заснаваў Крамянецкі ліцэй (разам з Гугам Калантаем). Абіраўся ганаровым сябрам Віленскага ўнівэрсытэту. Працаваў з газэтамі «Nowy pamiętnik Warszawski» («Новы варшаўскі дзёньнік»), «Dziennik wileński» («Віленскі дзёньнік»). У 1807 і 1808 гадох арыштоўваўся з прычыны падазрэньняў у дзейнасьці супраць тагачаснага ўраду Расейскай імпэрыі[3].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гістарычнай навуцы эпохі Асьветніцтва належаў да манархічнай плыні.

Твор «Аб літоўскіх і польскіх законах, аб іх духу, крыніцах, сувязі і аб рэчах, зьмешчаных у першым статуце для Літвы, выдадзеным у 1529 г.» (т. 1—2, 1800—1801 гады) — першая ў польскай гістарыяграфіі спроба гістарычнай інтэрпрэтацыі права.

Першы пачаў дасьледаваць Статут ВКЛ 1529 году. Галоўную крыніцу Статутаў ВКЛ бачыў у звычаях паўночных народаў і германцаў, крытыкаваў погляды, нібы права ВКЛ грунтуецца на рымскім праве.

Быў ініцыятарам зьбіраньня народных песень і паданьняў, у якіх бачыў крыніцу дзеля вывучэньня дахрысьціянскай Польшчы і Літвы[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Tadeusz Czacki // CERL Thesaurus (анг.)Consortium of European Research Libraries.
  2. ^ а б Tadeusz Czacki // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  3. ^ Пазднякоў В. Чацкі Тадэвуш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 336.
  4. ^ Пазднякоў В. Чацкі Тадэвуш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 337.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]