Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 52°37′0″ пн. ш. 29°47′43″ у. д. / 52.61667° пн. ш. 29.79528° у. д. / 52.61667; 29.79528

«Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 30 чэрвеня 1968 (55 гадоў таму)
Краіна
Разьмяшчэньне Шацілавічы (Гомельская вобласьць, Беларусь)
Ключавыя фігуры Юры Крук, Міхаіл Таранскі
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя кардон, папера, цэлюлёза
Абарачэньне 817,272 млрд рублёў[1] (2015 г.; $50,283 млн)[2]
Апэрацыйны прыбытак -982,713 млрд руб (2015 г.; $-60,461 млн)
Чысты прыбытак -982,754 млрд руб (2015 г.; $-60,464 млн)
Лік супрацоўнікаў 2571 (2016 г.)
Матчына кампанія «Беллеспаперапрам»
Даччыныя кампаніі Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» (Чашнікі)

«Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» («СЦКК») — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў чэрвені 1968 году ў Шацілавічах (Гомельская вобласьць).

Вырабляе скрыні са шматслойнага гафракардону і склеенага кардону, фільтравальны кардон для харчовых вадкасьцяў, папяровыя мяшкі, пакеты, шпагат і соты[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 чэрвеня 1968 г. пусьцілі ў дзеяньне Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР), дзе здалі 1-ю чаргу цэха гафраванай тары. У 1970 г. здалі кардонна-папяровы цэх. У 1973 г. пусьцілі вытворчасьць кардонных скрыняў магутнасьцю 70 000 тонаў за год. У 1975 г. наладзілі выраб склеенага кардону па 25 000 тонаў за год. 31 траўня 1976 г. Міністэрства цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці СССР перайменавала Загадам № 139 прадпрыемства ў «Сьветлагорскі цэлюлёзна-папяровы завод». Пры канцы сьнежня 1979 году ўступіў у дзеяньне цэх фільтравальных кардонаў. 30 сьнежня 1980 г. пачалі выраб папяровых мяшкоў. У 1987 годзе пусьцілі 3-і гафраагрэгат. У 1988 г. вытворчасьць уласнай цэлюлёзы дасягнула 70 0000 тонаў. У 1990 г. завод падпарадкавалі канцэрну «Беллеспрам», які 2 кастрычніка 1991 г. Загадам № 11 вярнуў прадпрыемству ранейшую назву. У 1992 г. пусьцілі ўчастак сылікатнага клею магутнасьцю 37,5 тоны за год. Таксама пераабсталявалі кардонаробчую машыну К-07, што павялічыла яе магутнасьць да 90 000 тонаў кардону за год. Пры канцы 1993 г. прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У красавіку 1999 г. пусьцілі 4-ы гафраагрэгат, што падвоіла магутнасьць прадпрыемства[4].

У 2008—2011 гадах пераабсталявалі вытворчасьць гофратары 7-ю новымі лініямі. Паставілі лінію малых 3-колерных скрыняў для іх рэклямнага аздабленьня. У 2011 годзе ўсталявалі нямецкі гофраагрэгат даўжынёй 100 м, што дазволіла вырабляць за месяц 22 млн кв.м ліставога кофракардону. У 2011 г. на экспарт паставалі звыш 40% вырабаў ($3,5 млн штомесяц). На 2012 г. ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» вырабляла цэлюлёзу, на аснове якой паперу і кардон для гафраваньня, шматслойны гофракардон (3, 5 і 8 слаёў) для тары і гофраскрыні для пакаваньня побытавых прыладаў, мэблі і харчаваньня. Таксама выпускалі: плоскі гофракардон для пакаваньня; фільтравальны кардон для фільтраваньня лекаў, сокаў і брэндзі; папяровыя сотавыя амартызатары ў якасьці пракладак ва ўпакоўцы; папяровыя мяхі. За мяжу пераважна пастаўлялі гофратару (у тым ліку складанай высечкі бяз склейваньня, на кардонных замочках) і фільтравальны кардон, а таксама цэлюлёзныя маціцы для адпужвальнікаў камароў. Тавары дастаўлялі ўласнымі грузавікамі па Беларусі. Удзельная вага энэргарэсурсаў у сабекошце складала каля 40%. На выраб тоны цэлюлёзы выдаткоўвалі ад 4,5 да 5,6 кубамэтра драўніны, якая каштавала па $30—$40 за кубамэтар. На экспарт цэлюлёзу прадавалі па $700—$800 за тону[5].

У студзені 2012 году ў Доме культуры Салігорска прадстаўнікі УП «Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар экалёгіі» (Менск, вул. Якубава, д. 76) Мінпрыроды Беларусі зачыталі спаваздачу ацэнкі ўзьдзеяньня на асяродзьдзе будучага завода беленай цэлюлёзы, які меркавалі разьмясьціць за 2 км на ўсход ад гораду і за 800 м ад вёскі Якімава Слабада. Паводле справаздачы, шкодныя выкіды ў паветра мелі 10-кратна вырасьці. У выніку 12 прысутных месьцічаў на чале з былым настаўнікам Тэльманам Масьлюковым сабралі звыш 10 000 подпісаў салігорцаў (14% ад 70 тыс. насельніцтва) супраць будаўніцтва завода. На пачатку жніўня подпісы накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[6].

30 жніўня 2012 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 391 «Аб будаўніцтве завода па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы», які прадугледжваў «выхад на праектную магутнасьць у 2015 годзе ... 400 тыс. тонаў у год у адпаведнасьці з кантрактам будаўнічага падраду ад 11 кастрычніка 2010 г., заключаным між ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» і ТАА «Кітайскі завод міжнароднага машынабудаваньня» (Пэкін). 5-ы пункт Указу пастанаўляў «Забясьпечыць за кошт сродкаў рэспубліканскага каштарысу выплату ў 2012—2015 гадах: 1) адсоткаў за карыстаньне пакупніцкім крэдытам у суме 654 163 995 даляраў ЗША, дадзеным Ураду Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з Крэдытным пагадненьнем між Урадам Рэспублікі Беларусь, Экспартна-імпартным банкам Кітаю і Індустрыяльна-камэрцыйным банкам Кітаю аб даваньні пакупніцкага крэдыту ад 14 чэрвеня 2011 г.; 2) паловы 5-адсоткавай стаўкі гадавых «за карыстаньне крэдытам, выдадзеным заказчыку комплеснага будаўніцтва ААТ «АБ «Беларусбанк» у суме $175 440 000 для фінансаваньня авансавай платы генэральнаму падрадніку і выплаты страхавой камісіі «Кітайскай карпарацыі страхаваньня экспартных крэдытаў». Таксама Ўказ прадугледжваў «пакрыцьцё заказчыку комлекснага будаўніцтва часткі адсоткаў, якія выплачваюцца ім у 2016–2023 гадах за карыстаньне пакупніцкім крэдытам» і пазыкай ад «Беларусбанка» ў «памеры 50% ставак па гэтых крэдытах». 6-ым пунктам Указу загадвалася выдаць «Сьветлагорскаму ЦКК» бюджэтныя пазыкі «ў 2012–2015 гадах для выплаты часткі (паловы) адсоткаў за карыстаньне крэдытам» ад «Беларусбанка» ў «суме, эквівалентнай $33 037 000»[7]. Агульная сума 3-х пазыкаў склала $862,641 млн. У выніку ў 2015 годзе страты «Сьветлагорскага ЦКК» перавысілі гадавую выручку на 20%[1]. Цягам 2016 г. для новай вытворчасьці беленай цэлюлёзы нанялі каля 500 супрацоўнікаў[8]. 11 сьнежня 2017 г. адбыўся пуск самога завода[9].

Аварыі і надзвычайныя становішчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 чэрвеня 2023 году на ўчастку выпаркі шкіпінару адбыўся выбух. Загінула 3 чалавекі, яшчэ 4 атрымалі траўмы. Былі пашкоджаны будаўнічыя канструкцыі ўчастка і бліжэйшых будынкаў[10].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аляксандар Чыж (1968—2001)[4]
  • Юры Айвазаў (2001—2005)
  • Юры Крук (з 2010 году)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 лютага 2017 г.
  2. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
  3. ^ Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 254. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  4. ^ а б А.М. Хоміч. Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» // Памяць: Сьветлагорск. Сьветлагорскі раён (у 2 кнігах) / уклад. Пётар Рабянок, маст. Эдуард Жакевіч, гал.рэд. Уладзімер Бурачонак. — Менск: Беларусь, 2003. — Т. 2. — С. 560-562. — 750 с. — 3000 ас. — ISBN 985-01-0255-1
  5. ^ Іван Бараноўскі. Праз мадэрнізацыю —  да новага вытворчага жыцьця // Зьвязда : газэта. — 20 чэрвеня 2012. — № 117 (27232). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Аляксей Клімовіч, сайт «Тут і цяпер». Як праігнаравалі меркаваньні 10 тысяч сьветлагорцаў // Сайт «Заўтра тваёй краіны», 29 жніўня 2012 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
  7. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2012 г. № 391 «Аб будаўніцтве завода па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 верасьня 2012 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
  8. ^ Вольга Халадовіч, тэлеканал «Беларусь 1». Новы завод сульфатнай беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску атрымае першую прадукцыю // Белтэлерадыёкампанія, 21 сакавіка 2016 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
  9. ^ У Беларусі ўведзены ў эксплёатацыю пабудаваны кітайскай кампаніяй САМСЕ Сьветлагорскі цэлюлёзны завод // Міжнароднае радыё Кітая, 11 сьнежня 2017 г. Праверана 16 лютага 2018 г.
  10. ^ Мінімум тры чалавекі загінулі пры выбуху на цэлюлёзна-кардонным камбінаце ў Сьветлагорску, bar24.by, 7-06-2023

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]