Рускае Вусьце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рускае Вусьце (па-расейску: Русское Устье, па-якуцку: Русскай Устье) — сяло ў Алаіхаўскім улусе Рэспублікі Саха (Якутыя) у Расейскай Фэдэрацыі. Разьмешчанае за Паўночным палярным колам, на левым беразе ракі Індзігірка, пры ўпадзеньні ў яе рэчкі Шаманаўка, у 120 км на паўночны ўсход ад п. Чакурдах. Насельніцтва: 172 жыхары (2007).

Па паданьнях жыхарства Рускае Вусьце (Русское Жило) было заснаванае ў канцы XVI ст. наўгародцамі, якія зьбеглі з-пад улады Івана Жахлівага, і найперш пабудавалі царкву, лазьню ды шынок. Асабліва рускавусьцінцы шанавалі абраз Знаменскай Божай Маці, што пацьвярджае іхняе наўгародзкае паходжаньне. Але першае пісьмовае ўпамінаньне пра паселішча адносіцца да 1638 г. і лічыцца датай заснаваньня. У 1942 г. сяло было перанесенае ў іншае месца і атрымала назву Палярнае. У 1988 г., у сувязі з 350-годзьдзем заснаваньня Палярнае атрымала старадаўнюю назву Рускае Вусьце. Рускавусьцінцы захавалі архаічную паўночна-вялікарускую мову XVI ст. Існуюць сьведчаньні выкарыстаньня імі глаголіцы. У цяперашні час яны вылучаны ў асобную этнаграфічную групу расейцаў — па вонкавым выглядзе азіяты, якія размаўляюць па-расейску і апранаюцца у старадаўнія расейскія ўборы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Зензинов В. М. Русское Устье Якутской области Верхоянского округа. Москва. 1913. 235 с.
  • Зензинов В. М. Старинные люди у холодного океана. Русское Устье Якутской области Верхоянского округа. Москва. 1914. 133 с.
  • Чикачев А. Г. Русские на Индигирке. Историко-этнографический очерк. Новосибирск. 1990. 189 с.
  • Чикачев А. Г. Когда же была открыта Аляска // Советы Якутии. Якутск. 17 ноября 1992.
  • Русское Устье. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 73.