Пучын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пучын
трансьліт. Pučyn
Дата заснаваньня: перад 1638 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Брагінскі
Сельсавет: Хракавіцкі сельсавет
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2344
СААТА: 3203854086
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°38′42″ пн. ш. 30°16′33″ у. д. / 51.645° пн. ш. 30.27583° у. д. / 51.645; 30.27583Каардынаты: 51°38′42″ пн. ш. 30°16′33″ у. д. / 51.645° пн. ш. 30.27583° у. д. / 51.645; 30.27583
Пучын на мапе Беларусі ±
Пучын
Пучын
Пучын
Пучын
Пучын
Пучын

Пу́чын[1] — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавету.

Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджваньня жыхары (143 сям’і) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Вёска ліквідавана 20 жніўня 2008 году[2].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьмяшчэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 19 км на поўдзень ад Брагіна, 47 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 138 км ад Гомеля, на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.

Транспартная сістэма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.

Пляноўка складалася з крывалінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да цэнтру якой далучаліся з поўначы тры кароткія, шчыльна паміж сабой пастаўленыя мэрыдыянальныя вуліцы. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.
Герб Побуг роду Канецпольскіх.

Магчыма, найранейшая згадка пра паселішча прыпадае на 1638 год[a], калі князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму сваю палову Брагінскага замку і места з фальваркам Глухавічы, 22 сёламі, сярод якіх — Пучын, ды яшчэ з 3 хутарамі[4]. Адміністрацыйна ўвесь Брагінскі маёнтак тады і да разбораў Рэчы Паспалітай належаў да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай[b].

У 1683 годзе з 2 дымоў у Пучыне пані Бруханьскай выплачваўся 1 злоты[c][5].

Да 1708 году жыхары вёскі Пучын зьяўляліся прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы. Аднак, зь ініцыятывы застаўнага ўладальніка, мазырскага маршалка[d] пана Антонія Аскеркі яны далучаныя да наноўстворанага прыходу царквы ў Губарэвічах[7]. У «Тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1714 г.» Пучын названы сярод паселішчаў Брагінскіх добраў, якія заставаліся ў пасэсіі мазырскага чашніка пана Аскеркі[e]. 1 верасьня 1719 году серадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай даўгавую расьпіску на 1500 злотых, забясьпечаных прыбыткамі зь вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сьцяжарнае і Пучын[9].

У 1734 годзе Пучын знаходзіўся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[10], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[11].

Герб Равіч паноў Ракіцкіх.

У 1754 годзе з 10 двароў (×6 — каля 60 жыхароў) брагінскай вёскі Пучын айцоў цыстэрцыянаў выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 7 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 6 зл. і 8 гр.[12]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).

Перапіс габрэйскага насельніцтва 1765 году засьведчыў пражываньне ля хутару Пучын[f] 2-х плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[13]

Вёска Пучын у эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

Вёска Пучын згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

У самым канцы XVIII ст. браты Алаізі Рафал і Людвік Ракіцкія вызначыліся з падзелам фартуны, што дасталася па бацьку Адаму Міхалу, сыну Францішка Антонія, кашталяну менскаму. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласьцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзыдэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў (Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы, фальваркі Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Углы)[14].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фальварак і вёска Пучын на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Герб уласны роду Прозараў

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пучын апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15]. Паводле рэвізіі 1795 году, застаўным уладальнікам альбо пасэсарам Пучына быў пан Базыль, сын Антонія, Солтан, падстолі мсьціслаўскі, які тут і пражываў з жонкай Катарынай, з сынамі Юзафам, Міхалам, Каятанам, Вінцэнтам, дачкамі Юзафатай, Людвікай, Алаізай ды пляменьніцай Тэкляй[16]. Згодна зь ведамасьцю Глухавіцкай Сьвята-Міхайлаўскай царквы на 1818 год, у вёсцы Пучын пана Міхала (?)[g] Ракіцкага налічвалася 92 душы мужчынскага і 92 жаночага полу верных[17]. Кліравая ведамасьць тае ж царквы паведамляе, што ў 1839 годзе ў Пучыне было 24 двары з 96 мужчынамі і 116 жанчынамі[18].

Савічы, Пучын на мапе Ф. Шубэрта сярэдзіны XIX ст.

У кліравой ведамасьці за 1856 год сказана, што ў 25 дварах і яшчэ 1/4 двара вёскі Пучын пана Мечыслава Прозара пражывалі 104 мужчыны і 114 жанчын[19]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 219 жыхароў вёскі Пучын належалі да прыходу Глухавіцкай Міхайлаўскай царквы, а 3 верных мужчынскага і 6 жаночага полу з фальварку Пучын былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].

У парэформавы пэрыяд Пучын – у складзе Савіцкай воласьці.

У 1876 годзе жыхары вёскі Пучын ужо зьяўляліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы, што месьцілася ў сяле Грушным[21]. Згодна зь перапісам 1897 году, у вёсцы налічвалася 75 двароў, 384 жыхары, побач — фальварак з 2 дварамі і 17 жыхарамі, дзейнічала капліца[3]. На 1912 год у Пучыне было 69 двароў з 531 жыхаром, у наступным 1913 г. — 70 двароў[h] і 548 жыхароў[22].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 годe, яшчэ да падпісанmня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пучын у складзе Савіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[23].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пучын на мапе 1924-1926 гг.

Пасьля вяртаньня ў склад БССР, з 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска зьяўлялася цэнтрам Пучынскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны сьцяг», працавалі вятрак і кузьня[3]. З 29 лютага 1938 году Камарынскі раён увайшоў у склад Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 68 вяскоўцаў.

З 8 студзеня 1954 году Пучын — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы, што ўваходзіла ў склад саўгаса «Слабодзкі» (цэнтр — Выграбная Слабада), налічвалася 588 жыхароў[3].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2010 год — жыхароў няма.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
  2. ^ Ня Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва[3] Вялікага Княства Літоўскага.
  3. ^ У іншым выпадку (у другі пабор?) сказана пра 1 дым і пра выплату таго ж 1 злотага.
  4. ^ Тады яшчэ мазырскага чашніка[6]. А ўжо на момант падачы скаргі (з улікам больш позьніх учынкаў пазванага) ад імя панства Бандынэлі 7 кастрычніка 1715 г. пан Антоні стаў маршалкам.
  5. ^ Са спасылкай на С. Урускага выдаўцы сьцьвярджаюць нібы пасэсарам быў Станіслаў Аскерка. Але больш пераканаўчымі ўяўляюцца зьвесткі за 1708, 1711 і 1715 гг. судовай справы, у якой вялося пра маршалка Антонія[8].
  6. ^ Запісаны паміж вёскай Chotucza і хутарам Ilicze як futor Luczyn, але такога паселішча ў рэгіёне не было. Скажэньні назваў у апублікаваным дакумэнце даволі частыя. Напрыклад, Cwieki (Цюцькі), Hiedycze (Гедычы замест Нудычы/Нудзічы).
  7. ^ Пучын належаў ня сыну Рафала Міхалу, а яго дзядзьку Людвіку Ракіцкаму. Глухавічы былі ўласнасьцю Міхала, дык па інэрцыі яму і Пучын запісалі.
  8. ^ 70 і 1/4 двара, як запісана ў царкоўнай ведамасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 (рас.)
  3. ^ а б в г д Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. С. 104
  4. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
  5. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489, 506
  6. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 202 — 203; Анішчанка Я. К. Збор твораў у 6 т. Т. 6. Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ у першай палове XVIII ст. Спісы на рус. мове / Я. К. Анішчанка. — Мінск: Выд. В. Хурсік, 2010. С. 255
  7. ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 378—379
  8. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 29
  9. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива. — № 38 / Сост. Е. П. Дьяковский — Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 15
  10. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 72, 287
  11. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  12. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 188
  13. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 711
  14. ^ Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016. С. 211
  15. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  16. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 114; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  17. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40523. А. 27адв.
  18. ^ НГАБ. Ф.136. Воп. 1. Спр. 40661
  19. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40791. А. 40-43
  20. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв., 717
  21. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 457
  22. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41158. А. 109, 114
  23. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. — С. 85

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]