Пастрыжыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выява першай стрыжкі ў цырульніка

Пастры́жыны — у традыцыйнай славянскай культуры абрад рытуальнага абразаньня хлапечых валасоў на гадавіну нараджэньня, злучаны з наданьнем яму імені. Традыцыю можна аднесьці да разраду пераходных абрадаў(d) або жыцьцёвых вехаў(d).

Абрад выконвала родныя маці, бацька або адзін з хросных бацькоў. Дзіця садзілі на пакрыты кажухом услон і састрыгалі валасы сьпярша на макушцы, а пасьля ўсе астатнія. Выкідаць валасы «абы-дзе» звычай забараняў. Іх ці спальвалі, ці кідалі на ваду, ці закладалі ў сьцяну, дзьверы або страху[1]. Пасьля пастрыжэньня ладзілі невялікае застольле.

Паводле народнага меркаваньня, калі пастрыгчы дзіця раней за год, яно ўсё жыцьцё пражыве ў галечы або будзе мець кароткую памяць.

Пастрыжыны таксама праводзілі, калі дзіцяці спаўнялася 7 гадоў; яны сымбалізавалі пераход у «малалецтва». Адгэтуль сын меў права насіць порткі[2], станавіўся паўнапраўным членам сям’і і пераходзіў з-пад апекі маці пад выхаваньне бацькі[3].

Для дзяўчынак існавала адмена пастрыжын — «заплеціны». Ладзіўся праз 5 гадоў пасьля нараджэньня. Гэта ўрачыстае заплятаньне накрыж першых косак. Для гэтага абраду запрашалі хросную маці, якой даравалі калача і хустку.

Пастрыжыны ідуць у шэрагу такіх традыцый агульначалавечай практыкі сымбалічнага прыняцьця падлеткаў у грамаду, як абразаньне, рытуальнае калечаньне ды інш[4]. Звычай практыкуецца і да нашага часу як своеасаблівы сымбал падпарадкаваньня вышэйстаячай уладзе. Пастрыгаюць, напрыклад, навабранцаў у войска, што зьяўляецца непасрэдным працягам рыцарскай традыцыі. У праваслаўнай царкве асобы, якія паступаюць у манастыр, таксама прымаюць манаскі пострыг(d).

Гай Юліюс Цэзар назіраў падобную практыку ў галаў, што занатаваў у мэмуарах «Нататкі пра Гальскую вайну». Малыя хлопцы не маглі зьяўляцца на публіцы ў прысутнасьці бацькі да дасягненьня веку, у якім станавіліся здатнымі ваяваць[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Якубінская, А. Дз. Традыцыйная ўнутрысямейная абрадавая сацыялізацыя дзяцей у беларускіх сялян у другой палове XIX — першай палове XX ст. // под ред. В. А. Божанова, С. В. Боголейши. Сборник научных трудов сотрудников кафедры „История, мировая и отечественная культура“ БНТУ. — Минск: БНТУ, 2018. — С. 167—175.
  2. ^ Крыўска-Беларускі іменнік // пад ред. В. Ластоўскага і К. Дуж-Душэўскага. Крывіч = Kryvič: месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця. — Коўна: 1923. — № 6. — С. 34—43.
  3. ^ Józef Kostrzewski, Kultura prapolska, Warszawa 1962, s. 419.
  4. ^ Aleksander Brückner, Tysiąc lat kultury polskiej, tom 1, Paryż 1956, s. 97.
  5. ^  Cezar, Gajusz Juliusz. Commentarii rerum gestarum belli Gallici, rozdział 6, księga 6, dział XVIII. — 59 да н. э.. — С. 126.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Енциклопедія українознавства для школярів і студентів. — Донецьк: Сталкер, 2000. — 496 с.
  • Постриги // Українська мала енциклопедія : 16 кн. : у 8 т. / проф. Є. Онацький. — Буенос-Айрес: Накладом Адміністратури УАПЦ в Аргентині, 1963. — Т. 6, кн. XI : Літери Пере — По. — С. 1448—1449. — 1000 ас.
  • Пострижини // Звичаї нашого народу. Етнографічний нарис / Олекса Воропай. — Мюнхен: 1958 Т. 2. — С. 228—233.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]