Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх (Сноў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх
Палац Рдултоўскіх
Палац Рдултоўскіх
Краіна Беларусь
Вёска Сноў
Каардынаты 53°13′22.94″ пн. ш. 26°24′47.15″ у. д. / 53.2230389° пн. ш. 26.4130972° у. д. / 53.2230389; 26.4130972Каардынаты: 53°13′22.94″ пн. ш. 26°24′47.15″ у. д. / 53.2230389° пн. ш. 26.4130972° у. д. / 53.2230389; 26.4130972
Архітэктурны стыль клясыцыстычная архітэктура[d]
Аўтар праекту Браніслаў Тычэцкі[d]
Заснавальнік Казімір Рдултоўскі[d]
Дата заснаваньня 1827
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва першай паловы XIX ст. у Снове. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка, на раўнінным беразе ракі Сноўкі. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект Б. Тычэцкага, 1827 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маёнтак Сноў перайшоў да Рдултоўскіх ад Я. Пратасевіча. Першы палац тут, відаць, збудаваў у 1760 годзе Ян Хрызастом Рдултоўскі (1735—1791). У 1764 годзе ў ім спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Паводле радзіннай хронікі Рдултоўскіх, гэты палац разбурылі ў час Барскай канфэдэрацыі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац. Н. Орда, 1864—1876 гг.

Аднаўленьне сядзібы адбылося за Казімерам Рдултоўскім (1785—1855), які стварыў тут рэзыдэнцыю зь зімовым садам і галерэяй, заснаваў у Адахаўшчыне суконную фабрыку. Будаваньне мураванага палаца скончылася ў 1827 годзе паводле праекту архітэктара Браніслава Тычэцкага[1].

У 1854 годзе маёнтак і палац перайшлі да барона Густава Гартынга (1819—1879), які парадніўся зь мясцовымі зямянамі і асыміляваўся ў мясцовым асяродзьдзі. Пазьней маёнтак перайшоў у валоданьне яго сына — Мікалая, а потым унука — Генрыка, жанатага з Тэкляй Неміровіч-Шчыт.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абмеры 1936 г.

Па рамонце каля 1925 году барон Генрык Гартынг прыстасаваў палац пад канцылярыю і жытло Корпусу аховы памежжа. Сам барон жыў побач у адной з гаспадарчых пабудоваў маёнтку.

За савецкім часам у будынку разьмяшчалася вайсковая мэдычная ўстанова.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац — помнік архітэктуры клясыцызму, кампазыцыйны цэнтар буйнамаштабнага манумэнтальнага ансамблю, арганізаванага паводле прынцыпу сымэтрычна-восевага пляну[2]. Гэта 2-павярховы цэнтральны аб’ём, які злучаецца бакавымі крыламі-калянадамі з павільёнамі. Галоўны ўваход вылучаецца 4-калённым портыкам іянічнага ордэра. Такі ж портык, але зь меншым выступам ад роўніцы сьцяны месьціцца з боку парку. Левае крыло мае выгляд адкрытай галерэі — калянады, а правае — калянады, якая далучаецца да фасаднай сьцяны. У неглыбокіх і роўных нішах павільёнаў разьмяшчаюцца вокны з сандрыкамі, а ў верхняй частцы сьценаў — рэльеф расьліннага арнамэнту.

Усярэдзіне мае больш за 100 памяшканьняў. Уваходныя вэстыбюлі злучаюцца паміж сабою і асноўнымі памяшканьнямі палаца — залямі, гасьцёўнямі, кабінэтамі, разьмешчанымі на першым паверсе. Парадная заля мае ў пляне прастакутную форму, яе плошча перавышае 100 м². Шэсьць высокіх вокнаў, якія выходзяць на абодва фасады палаца (па тры на кожны), забясьпечваюць вялікую лёгкасьць інтэр’еру. Заля аздабляецца нішамі, скульптурай, калянадамі, захавалася кафляная печ.

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэйзажны парк пэрымэтрам ахопліваецца алеяй, на якую выводзіць цэнтральная 3-радная алея зь ясеняў і клёнаў. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку далучаецца вялікі вадаём, зь левага — пладовы сад з алеяй зь ясеняў і ліпаў. Сыстэма каналаў утварыла некалькі выспаў мудрагелістай формы, шчыльна зарослых хмызьняком і дрэвамі розных пародаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX — пачатку XX стагоддзя. — Менск, 2011. С. 350.
  2. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 455.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX — пачатку XX стагоддзя. — Менск: Беларусь, 2011. — 430 с ISBN 978-985-01-0880-7.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000500