Кузьня на Рыбальскім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кузьня на Рыбальскім
Выява лягатыпу
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1862
Уласьнікі Сяргей Цігіпка
Краіна
Разьмяшчэньне
Галіна суднабудаваньне[d]

Завод «Кузьня на Рыбальскім» — суднабудаўнічае прыватнае акцыянэрнае таварыства ў Кіеве. Завод уваходзіў у склад групы кампаній «Укрпромінвест». Прыватнае акцыянэрнае таварыства Завод «Кузьня на Рыбальскім» зьяўляецца адным з найстарэйшых прадпрыемстваў Кіева — завод заснаваны ў 1862 годзе як мэханічнае прадпрыемства з сталеліцейнай вытворчасьцю. У 1928 годзе завод заняўся суднабудаўніцтвам.

Канечнымі бэнэфіцыярамі прадпрыемства ў 2017 годзе былі Пятро Парашэнка ды Ігар Кананенка[1]. У 2018 годзе бэнэфіцыярам стаў Сяргей Цігіпка[2].

У верасьні 2019 году на нерухомую маёмасьць ды карпаратыўныя правы завода быў накладзены арышт[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1862—1917[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Завод заснаваны ў 1862 годзе інжынэрам-тэхнолягам Фёдарам Донатам. Спачатку гэта было мэханічнае прадпрыемства са сталеліцейнай вытворчасьцю.

У 1868 годзе заводам зробленыя мэталічныя канструкцыі для новага маста праз р. Дняпро, будаўніцтвам якога кіраваў вядомы інжынэр Аманд Струвэ.

У 1889 годзе таварыства «Донат, Ліпкіўскі і К» было ператворанае ў «Кіеўскі машынабудаўнічы завод».

У 1894 годзе завод перайшоў ва ўласнасьць акцыянэрнага таварыства «Паўднёварасейскі машынабудаўнічы завод». У той час завод спэцыялізаваўся на вырабе чыгуннага ліцьця, а таксама машын для бровараў, цукровых заводаў і млыноў[4].

Работнікі завода ўваходзілі ў склад марксысцкіх гурткоў кіеўскага Саюза барацьбы за вызваленьне рабочага клясу і бралі ўдзел у рэвалюцыі 1905—1907 гадоў[4].

У 1913 годзе завод асвоіў вытворчасьць буксірных параходаў[4].

1918—1991[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чырвонагвардзейцы завода прымалі ўдзел у студзеньскім паўстаньні ў Кіеве супраць Цэнтральнай рады[4].

У сакавіку 1919 завод быў нацыяналізаваны[4]. Першым дакумэнтам, які рэглямэнтуе статус завода ў складзе савецкай абароннай прамысловасьці можна лічыць Пастанову Савету абароны Ўкраіны № 290 ад 24 чэрвеня 1919 г. пра прызнаньне Кіеўскай вэрфі абаронным прадпрыемствам, адпаведна якой яно атрымала афіцыйную назву Першая Кіеўская савецкая вэрф, на ёй выконваліся заданьні па своечасовым забесьпячэньня караблямі Дняпроўскай вайсковай флятыліі, таму ўсе работнікі і служачыя вэрфі лічыліся мабілізаванымі[5].

У 1924 годзе пастановай Кіеўскага губэрнскага выканаўчага камітэта «Паўднёварасейскі машынабудаўнічы завод» быў перайменаваны ў завод «Ленінская кузьня».

У 1928 годзе пасьля пачатку індустрыялізацыі Вярхоўная Рада Ўкраінскай ССР прыняла рашэньне пра арганізацыю рачнога суднабудаўніцтва ва Ўкраіне ды спэцыялізацыі ў гэтай галіне завода «Ленінская кузьня» і будаўніцтва вэрфі. На Рыбальскім паўвостраве была закладзеная суднабудаўнічая вэрф.

У 1929 годзе завод «Ленінская кузьня» ня меў спэцыялізацыі, аднак пасьля паступленьня вялікай замовы ад Дняпроўскага рачнога параходзтва было прынята рашэньне пра пашырэньне вытворчых магутнасьцяў і тэхнічнае пераабсталяваньне прадпрыемства. Усяго на пераабсталяваньне й пашырэньне завода ў 1930—1934 гадох было выдзелена 22 млн рублёў, станкі для завода выраблялі маскоўскі завод «Чырвоны пралетар», ленінградзкі «Чырвоны пуцілавец» ды горкаўскі «Рухавік рэвалюцыі»[6].

У 1931 годзе быў спушчаны на ваду буксірны параход з суцэльназварным корпусам магутнасьцю 150 к. с.

У 1932 годзе пабудаваны новы кацельны цэх завода аб’ёмам 100 тыс. м³. На Рыбальскім паўвостраве была пабудаваная суднабудаўнічая вэрф, якая забясьпечвала здольнасьць будаўніцтва да 30 суднаў штогод[6]. Пачалі будаваць рачныя буксірныя параходы магутнасьцю 300 к. с.

1934 год: будаўніцтва рачных буксірных параходаў магутнасьцю 400 к. с., на якія былі ўсталяваныя клапанныя паравыя машыны ўласнай вытворчасьці.

Улетку 1941 году на заводзе была наладжаная вытворчасьць кулямётаў, артылерыйскіх сыстэм ды іншага ўзбраеньня для савецкай арміі; работнікі завода прымалі ўдзел у будаўніцтве ўмацаваньняў ды барыкад[7]. З набліжэньнем да гораду лініі фронту асноўнае абсталяваньне завода было эвакуяванае на ўсход[4], у Татарскую АССР, дзе завод пачаў выпуск вайсковай прадукцыі[8].

У пэрыяд нямецкай акупацыі на заводзе дзейнічала падпольная дывэрсыйная група (у арганізацыйным пляне прадпарадкаваная Чыгуначнаму падпольнаму раённаму камітэту КП(б)У[9] (цяпер Саламянскі раён), кіраўніком якой быў Аляксандар Шохін, а таксама некалькі работнікаў, якія дзейнічалі па ўласнай ініцыятыве[10][11]:

  • У сьнежні 1941 году сярод работнікаў завода падпольшчыкамі былі распаўсюджаныя лістоўкі пра пачатак савецкага контрнаступу пад Масквой[9]
  • Падпольная група Аляксандра Шохіна, якая дзейнічала ў адкрытым немцамі на тэрыторыі завода аўтамабільным цэху за ўвесь пэрыяд акупацыі сапсавала 40 адрэмантаваных аўтамашын, каля 150 каробак перадач і больш за 200 рухавікоў[10]. Акрамя таго, Аляксандар Шохін і Пятро Перавяртун пераправілі некалькі чалавек у партызанскі атрад «Перамога» пад камандаваньнем Сьцяпана Навуменкі.
  • Нямецкая замова на тэрміновы выраб капра (неабходнага для аднаўленьня зруйнаванага Пятроўскга чыгуначнага маста праз Дняпро), выраб якога ў нармальных умовах займае ня больш за чатыры зьмены, было зацягнутае рабочымі ліцейнага цэху і працягвалася больш за два тыдні[11].
  • Работнікі завода пашкодзілі 80 гармат, якія былі дастаўленыя на завод для рамонту[11]. 25 зэнітных гармат сапсаваў рабочы П. Фішэнка — пасьля выкананага ім рамонту ні адна з гамат не магла страляць (што пацьвердзілася пры спробе правядзеньня немцамі стральбы з адрамантаваных гармат на палігоне). Пасьля гэтага П. Фішэнка быў расстраляны немцамі[10].
  • Электраманцёр Масьціцкі сапсаваў завадзкую электрападстанцыю, сарваўшы гэтым тэрміновы рамонт аўтамашын для нямецкай вайсковай часткі[11].
  • Работнік-камуніст С. Завіна пад час работы хаваў новыя дэталі, замяняў іх старымі (пасьля вызваленьня Кіева з захаваных ім дэталяў было сабрана 7 аўтамабіляў)[10].

Аднаўленьне завода пачалосья неўзабаве пасьля Кіеўскай наступальнай апэрацыі ў лістападзе 1943 году, цягам рээвакуацыі прамысловасьці абсталяваньне завода было вернутае ў Кіеў. На прадпрыемстве быў асвоены рамонт цяжкіх танкаў і ўжо ў сакавіку 1944 году работнікі завода пачалі перавыконваць выстаўленыя плянавыя паказчыкі прадукцыйнасьці працы[12]. На ахвяраваньні работнікаў і служачых завода, пералічаныя ў Фонд абароны для Чырвонай Арміі быў пабудаваны танк «Ленінская кузьня»[13].

У пасьляваенныя гады акрамя вышэйзгаданай прадукцыі завод будаваў землясосы, прадукцыйнасьцю 250 м/год, пасажырскія параходы магутнасьцю 400 к. с., рэйдавыя марскія буксіры ды марскія самаходныя шаланды.

У 1948 годзе калектыў работнікаў завода быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй за распрацоўку ды ўкараненьне ў вытворчасьць у 1947 годзе ўдасканаленай канструкцыі стандартнага рачнога буксіра[14].

У 1950 годзе было цалкам завершана аднаўленьне завода[4].

У 1954 годзе завод асвоіў выраб сярэднэтанажных марскіх рыбапрамысловых суднаў, шматкоўшавых землечарпалак ды іншых земснарадаў[4].

У 1957 годзе завод асвоіў вытворчасьць суднавых машын і катлоў[4].

У 1959 годзе завод пачаў выпуск абсталяваньня для хімічнай прамысловасьці[4].

У 1962 годзе завод быў узнагароджаны ордэнам Леніна[4].

У 1954—1962 пачалося будаўніцтва сярэдніх марскіх рыбацкіх траўлераў з кармавым траленьнем, абсталяваных рухавіком магутнасьцю 800 к. с. і вінтом рэгуляванага ходу з дыстанцыйным кіраваньнем уласнай вытворчасьці, з мэханізмамі для выбару заданьня для лоўлі рыбы ды паточныя лініі для яе апрацоўкі, кансэрвавым цэхам, дапаможным халадзільным абсталяваньнем, рыбапошукавымі прыладамі.

Значную частку агульнага аб’ёму прадукцыі займала машынабудаваньне. Завод выпускаў шырокі асартымэнт паравых катлоў, насосаў, абсталяваньня для хімічнай прамысловасьці, вінты рэгуляванага ходу, маразільнае абсталяваньне ды інш.

Работнік завода «Ленінская кузьня», брыгадзір сьлесараў-мантажнікаў Мікалай Малодчанка стаў Героем Сацыялістычнай Працы[15].

Напачатку 1970-х група спэцыялістаў завода «Ленінская кузьня» працяглы час працавала на будаўніцтве камбіната хімічнай прамысловасьці ў горадзе Відын, дапамагаючы ў мантажы і наладцы абсталяваньня. Пасьля заканчэньня работ тры работнікі былі ўзнагароджаныя баўгарскімі дзяржаўнымі ўзнагародамі (старэйшы інжынэр Басуноўскі быў узнагароджаны ордэнам НРБ III ступені, сьлесар Мішчанка і старэйшы тэхнік Б. Палішчук былі ўзнагароджаныя ордэнам Працы)[16].

У 1979 годзе завод узяў шэфства ад навучальна-вытворчым камбінатам Дняпроўскага раёну Кіева, дзе былі абсталяваныя 52 рабочых месца для працоўнага навучаньня больш за 100 старшаклясьнікаў[17].

У 1981 годзе адпаведна прынятай у кастрычніку Кіеўскім гарадзкім выканаўчым камітэтам комплекснай навукова-тэхнічнай праграмы «Абарона навакольнага асяродзьдзя ды рацыянальнае выкарыстаньне прыродных рэсурсаў і сыравіны» была праведзеная рэканструкцыя ды ўдасканаленьне ачышчальных збудаваньняў завода[18].

У 1982 годзе лябараторыя аўтаматызацыі канструяваньня корпусаў суднаў «Ленінская кузьня» павысіла ўзровень уніфікацыі корпусных канструкцый для суднаў, якія выпускаліся, дазволіўшы панізіць расход ліставога мэталу[19].

У 1986 годзе завод выканаў вялікі аб’ём работ па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

На момант распаду СССР на заводзе працавалі больш за 6000 рабочых.

Пасьля 1991[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 мая 1993 году перабудаваны і ў 1994 уведзены ў склад вайскова-марскіх сіл Украіны карвэт праекту 1124М «Луцьк»[20].

У 1995 годзе зьмененая форма ўласнасьці ды ператварэньне ў адкрытае акцыянэрнае таварыства «Завод «Ленінская кузьня».

Ад 1995 да 1998 году вытворчасьць на заводзе практычна была спыненая[21].

У верасьні 1999 году быў спушчаны на ваду пабудаваны заводам рачны сухагруз-кантэйнэравоз «ROBO-1», выраблены па замове галяндзкай фірмы[22].

Напрыканцы мая 2000 году быў спушчаны на ваду пабудаваны заводам сухагруз водазьмяшчэньнем 1,5 тыс. тон, выраблены па замове нямецкай фірмы «Schiffswerft Schlomer GmbH Co. KG»[23].

11 кастрычніка 2001 году быў спушчаны на ваду пабудаваны заводам рачны сухагруз «Y408», прызначаны для транспартаваньня кантэйнэрных і сыпучых грузаў[24].

У 1991—2002 гг на заводзе быў пабудаваны і 15 сакавіка 2002 спушчаны на ваду і ўведзены ў склад вайскова-марскіх сіл Украіны карвэт «Тернопіль».

У лютым 2004 году на заводзе пачаўся выраб двух рачных бронекатэраў праекту 58150 «Гюрза» для памежнай службы Ўзбэкістана (іх выраб быў завершаны ў сьнежні 2004).

Паводле стану на 2008 год, прадпрыемствам быў асвоены выпуск воданагравальнага паравога катла КОАВ-68, а таксама паравых катлоў КВА-0,25/3-1, КВА-0,63/5-1, КВА-1,0/5-1 і КВА-1,0/6-1[25].

У 2011—2012 гг. на заводзе былі пабудаваныя першыя два 7,4-тонныя катэры «UMS−1000» (5 кастрычніка 2012 году катэры былі дастаўленыя ў Севастопаль і 10 кастрычніка 2012 уключаныя ў склад Севастопальскага атрада Марской аховы Ўкраіны з найменьнямі BG-16 і BG-17).

25 кастрычніка 2012 году на заводзе адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі двух малых браніраваных артылерыйскіх катэраў праекту 58155 «Гюрза-М» для вайскова-марскіх сіл Украіны[26]. У лістападзе 2013 году іх вытворчасьць была прыпыненая, але ў кастрычніку 2014 зноў аднавілася[27].

Ад 2012 году прадпрыемства асвоіла выраб мэталаканструкцый для будаўніцтва Падольскага марскога пераходу[28].

У 2013 годзе на прадпрыемстве быў асвоены выпуск 40-мм аўтаматычнага гранатамёта УАГ-40.

Пасьля 2014 года[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2014 годзе на заводзе быў пабудаваны яшчэ адзін катэр «UMS −1000» (31 ліпеня 2014 году ўключаны ў склад Марыюпальскага атрада марской аховы Ўкраіны Дзяржаўнай памержнай службы Ўкраіны пад найменьнем BG-22).

24 верасьня 2014 на выставе «Зброя ды бясьпека-2014» завод «Ленінская кузьня» прадставіў новыя распрацоўкі:

  • баявы модуль для бронетэхнікі ПБМ (у склад якога ўваходзяць кулямёт НСВ-12,7[29] і 40-мм гранатамёт УАГ-40 з оптыкай вытворчасьці Ізюмскага прыборабудаўнічага завода)[30].
  • дэманстрацыйны ўзор баявой машыны «Скорпіон» (перабсталяваны ГАЗ-66 з баявым модулем ОБМ)[31].

30 студзеня 2015 было аб’яўлена, што завод пачаў работы па стварэньні двух новых бронемашын: 10-тоннай «Трытон» ды 15-тоннай «Арбалет».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Картка контрагента із довідника юридичних осіб Архіўная копія ад 24 чэрвеня 2016 г.
  2. ^ Інвестфонди Порошенка і Кононенка підписали документи про продаж Тігіпку «Кузні» Архіўная копія ад 15 сьнежня 2018 г.
  3. ^ Суд арештував усе нерухоме майно заводу "Кузня на Рибальському" – у ДБР прокоментували Архіўная копія ад 2 кастрычніка 2019 г.
  4. ^ а б в г д е ё ж з і к Киевский судостроительный завод "Ленинская кузница" // Українська радянська енциклопедія. В 12-ти томах / За ред. М. Бажана. — 2-ге вид. — К.: Гол. редакція УРЕ, 1974—1985. — Т. 5. — С. 45.
  5. ^ Киевщина в годы гражданской войны и иностранной военной интервенции (1918—1920 г.): Сборник документов и материалов / Сост.: Ю. Ф. Борщ, Ф. И. Ильин, М. А. Коломойский и др. — К.: 1962. — С. 255.
  6. ^ а б Супруненко 1985. С. 180.
  7. ^ И. Х. Баграмян Так начиналась война. — М.: Воениздат, 1971. — С. 207.
  8. ^ Супруненко 1985. С. 319.
  9. ^ а б Палажниченко А. Неопалимая купина // Люди легенд / сост. В. В. Павлов, И. П. Селищев. — М.: 1974. — С. 123-145. Вып. 5 Очерки о партизанах и подпольщиках — Героях Советского Союза.
  10. ^ а б в г Супруненко 1985. С. 339-340.
  11. ^ а б в г Тронько П. Т., Овчаренко П. М. Солдаты киевского подполья // Герои подполья. О подпольной борьбе советских патриотов в тылу немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. — М.: 1965. — С. 398-399.
  12. ^ Супруненко 1985. С. 359.
  13. ^ Супруненко 1985. С. 389.
  14. ^ Постановление Совета Министров СССР № 1897 от 2 июня 1948 года «О присуждении Сталинских премий за выдающиеся изобретения и коренные усовершенствования методов производственной работы за 1947 г.»
  15. ^ Кондуфор 1986. С. 87.
  16. ^ Кондуфор 1986. С. 382-383.
  17. ^ Кондуфор 1986. С. 212.
  18. ^ Кондуфор 1986. С. 323.
  19. ^ Кондуфор 1986. С. 306.
  20. ^ Боевое судно может быть названо в честь… киевской мэрии // Сегодня : газэта. — 2000. — № 76 (577).
  21. ^ Будет и в вашей общаге праздник // Сегодня : газэта. — 2001. — № 40 (792).
  22. ^ Голландцы будут плавать на украинских судах // Сегодня : газэта. — 1999. — № 180 (435).
  23. ^ Ижик, П. Новое судно «обмыто» // День : газэта. — Киев: 2000. — № 89.
  24. ^ С рельсов сошел сухогруз // Сегодня : газэта. — 2001. — № 229 (981).
  25. ^ Ленинская кузница, завод // Предприятия оборонно-промышленного комплекса стран Польши и Литвы. Справочник. — изд. 4-е, пер. — М.: 2008. — С. 184.
  26. ^ На ПАО «Завод „Ленинская кузница“» заложены два катера «Гюрза-М» для ВМС Украины. Новости ЦАМТО (26 кастрычніка 2012). Архіўная копія ад 31 сьнежня 2016 г.
  27. ^ Завод Порошенко возобновил строительство бронекатеров. Взгляд. RU (4 октября 2014). Архіўная копія ад 31 грудня 2016 г.
  28. ^ “Кузня на Рибальському” виготовила металоконструкцій для Подільського мосту на 75 мільйонів гривень. Національний промисловий портал (27 мая 2019). Праверана 27 мая 2019 г. Архіўная копія ад 27 мая 2019 г.
  29. ^ Украина начала выпускать оружие по стандартам НАТО. Аргументы и факты — Украина (30 января 2015). Архіўная копія ад 5 липня 2017 г.
  30. ^ Сердюк, А. HMMWV: служба в Украине // Defense Express. — 2015. — № 5. — С. 18-19.
  31. ^ ПАО «Завод „Ленинская кузница“» впервые представило новый боевой модуль ОБМ. Украина промышленная (26 верасьня 2014). Архіўная копія ад 1 квітня 2016 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • История Киева в 3-х тт. / редколл., отв. ред. Н. И. Супруненко. — Киев: «Наукова думка», 1985. — Т. 3. Киев социалистический, книга 1. — С. 180.
  • История Киева в 3-х тт. / редколл., отв. ред. Ю. Ю. Кондуфор. — Киев: «Наукова думка», 1986. — Т. 3, книга 2. Киев социалистический. — С. 87.