Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў (Сьвіслач)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
Краіна Беларусь
Места Сьвіслач
Канфэсія каталіцтва
Заснавальнік Геранім Крышпін-Кіршэнштайн
Дата скасаваньня 1940

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы[a]  і кляштар францішканаў— помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Сьвіслачы. Знаходзіўся ў цэнтры места, на Рынку. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і стылю барока.

Комплекс Сьвіслацкага францішканскага кляштару складаўся з драўлянага касьцёла, мураванага кляштарнага корпуса і агароджы з брамай. У 1860-я гады ўлады Расейскай імпэрыі зьнішчылі касьцёл.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы драўляны касьцёл у Сьвіслачы збудавалі паміж 1633 і 1654 (1666) гадамі. У 1705 годзе гарадзенская харунжая Алена Яна з Агінскіх заснавала пры касьцёле кляштар францішканаў. У 1754 годзе ўладальнікі мястэчка Тышкевічы збудавалі новы драўляны касьцёл. На 1779 год ужо існаваў мураваны кляштарны корпус, збудаваны замест ранейшага драўлянага.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сьвіслач апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1817 годзе будынак кляштару накрылі дахоўкай. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў — зачынілі касьцёл і неўзабаве зьнішчылі яго будынак. Атрыманы будаўнічы матэрыял выкарысталі дзеля будаваньня царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у вёсцы Лашы[1].

Намаганьні ўладальніцы манётку графіні Красінскай у 1905 годзе збудаваць на выкупленым пляцы мураваны касьцёл ня далі плёну празь пярэчаньні гарадзенскага і берасьцейскага япіскапа Ўрадавага сыноду.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцельная агароджа захоўвалася яшчэ за часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі стылю барока. Гэта быў прастакутны зруб з 3-граннай апсыдай, 2-схільны гонтавы дах над якой пераходзіў у вальмавы і завяршаўся сыгнатуркай. Над фасадам узвышалася 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Асымэтрыю ў кампазыцыю будынка ўносіла бакавая прастакутная закрысьція. Вэртыкальна ашаляваныя фасады праразаліся прастакутнымі аконнымі праёмамі.

Унутраную прастору аздаблялі тры алтары, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз «Найсьвяцейшая Панна Марыя і Сьвяты Францішак». Бакавыя алтары прысьвячаліся Сьвятому Антонію Падуанскаму і Сьвятому Язэпу.

Кляштарны корпус — помнік архітэктуры барока. Гэта быў 2-павярховы будынак з цаглянымі падлогамі і скляпеньнямі. Унізе знаходзілася трапэзная, камора, склад і амбар.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле іншых зьвестак, меў тытул Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 453.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]