Касьцёл Маці Божай Ружанцовай (Радунь)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай
Краіна Беларусь
Мястэчка Радунь
Каардынаты 54°02′36″ пн. ш. 24°59′30″ у. д. / 54.04333° пн. ш. 24.99167° у. д. / 54.04333; 24.99167Каардынаты: 54°02′36″ пн. ш. 24°59′30″ у. д. / 54.04333° пн. ш. 24.99167° у. д. / 54.04333; 24.99167
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль мадэрн
Аўтар праекту Ян Бароўскі[d]
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай на мапе Беларусі
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай
Касьцёл Маці Божай Ружанцовай на Вікісховішчы

Касьцёл Маці Божай Ружанцовай — помнік архітэктуры першай паловы XX ст. у Радуні. Знаходзіцца ў паўднёвай частцы мястэчка, на гістарычнай Касьцельнай вуліцы[a]. Дзейнічае. Твор архітэктуры мадэрну.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы драўляны касьцёл у Радуні ў 1556 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1538 годзе) фундавала вялікая княгіня Бона Сфорца. У 1660 годзе яго аднавілі. Два чарговыя драўляныя касьцёлы збудавалі ў 1662 і ў 1752 гадох.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Радунь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1801 годзе збудавалі новы драўляны касьцёл. Апошні драўляны касьцёл паставілі ў 1838 годзе. Пры касьцёле дзейнічала парафіяльная школа.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1929—1933 гадох побач з старым драўляным збудавалі новы мураваны касьцёл паводле праекту архітэктара Яна Бароўскага. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся (стары касьцёл згарэў). У 1954 годзе будынак касьцёла пафарбавалі ўсярэдзіне, у 1986 годзе — звонку.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры мадэрну з рысамі нэаготыкі. Гэта буйнамаштабная 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з трансэптам і 5-граннай апсыдай (даўжыня 58 м, вышыня 48 м, шырыня 35 м). Нартэкс выступае перад галоўным фасадам як самастойны нізкі аб’ём. У складанай шматплянавай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыі дамінуюць две тэлескапічныя шмат’ярусныя вежы. Іх дынамічны вэртыкальны рух, бакавыя прыступкавыя контрфорсы-сьценкі, круглае вітражнае акно-«ружа» галоўнага фасада, глыбокі стральчаты ўваходны праём, пінаклі даху выклікаюць асацыяцыі з гатычнай стылістыкай. У аснове архітэктурнага разьвязку геамэтрызаваныя аб’ёмы, разнастайнай канфігурацыі вокны ў роўных ліштвах, шырокія лапаткі. Калярыстычны эфэкт будынку засноўваецца на спалучэньні паліхромнай бутавай муроўкі сьценаў і пабеленых атынкаваных прыступкавых атыкаў, роўніцы галоўнага фасаду, 8-гранных завяршальных ярусаў-вежаў, элемэнтаў архітэктурнага дэкору (ліштваў, прафіляваных карнізных пасаў).

Усярэдзіне нэфы разьмяжоўваюцца паўкруглымі аркадамі на 4-гранных пілёнах, перакрываюцца стральчатымі скляпеньнямі на падпружных арках-прасьценках. Над бакавымі нэфамі вісяць хоры-эмпоры, абмежаваныя філёнгавымі парамэтамі і адкрытымі аркавымі прасьветамі. Інтэр’ер аздабляецца ансамблем высокамастацкіх стукавых алтароў: пяць альтароў у стылі барока, якія захаваліся ад старога касьцёла, і яшчэ адзін, «пахавальны», з абразом Сьвятога Францішка з Асызі, знаходзіцца пад правай вежай. Галоўны алтар 1-ярусны, мае выгляд трыфорыюма, завершанага фігурамі Пана Езуса і анёлаў. У цэнтры зьмяшчаецца абраз сярэдзіны XVІІІ ст. — Маці Божая перадае шкаплер генэралу кармэлітаў Сымону Стоку. З бакоў — абразы Сьвятой Марыі Магдалены (налева) і Сьвятой Тэрэзы ад Крыжа (направа). Два драўляныя 2-ярусныя алтары стаяць пры вуглах травеі сяродкрыжжа: налева — алтар Сьвятога Антонія з абразом «Зьняцьце з Крыжа» наверсе, направа — Сьвятога Юрыя з абразом Пана Езуса ў цярновай кароне ў другім ярусе. Яшчэ два 2-ярусныя алтары — Сьвятога Язэпа (налева) і Маці Божай Ружанцовай (направа). Над нартэксам месьцяцца антрэсолі хораў зь філёнгавым парапэтам[1].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Леніна, 113

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 310.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]