Капліца (Сакалова)
Капліца — помнік архітэктуры XIX ст. у Сакалове. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка[a]. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі каталіцкую капліцу пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
У наш час у будынку капліцы дзейнічае царква Сьвятога Яна Прадцечы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Драўляную могілкавую капліцу ў Сакалове збудавалі ў 1820 годзе. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перадалі капліцу Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве).
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Гэта 1-зрубны аб’ём пад 2-схільным дахах з вальмай над алтарнай сьцяной. У агульнай кампазыцыі вылучаецца нетрадыцыйна асымэтрычна разьмешчаная ва ўсходняй алтарнай сьцяне нізкая рызьніца пад вальмавым дахам. Дах над галоўным фасадам праразаецца 8-гранным барабанам з шатровым верхам і купалам-баняй у завяршэньні, над алтарнай часткай — барабан з купалам. Вэртыкальна ашаляваныя фасады рытмічна падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах і вэртыкальнымі сьцяжкамі ў прасьценках. Рытм галоўнага фасаду ствараюць трыкутныя франтоны галоўнага аб’ёму і прастакутнага ў пляне прытвора.
У інтэр’еры алтарная частка вылучаецца драўляным іканастасам, выкананым у 1865 годзе. Захоўваюцца абразы XVIII—XIX стагодзьдзяў: «Сьвяты Юры», «Маці Божая Адзігітрыя», «Укрыжаваньне з прадстаячымі», «Ісус Хрыстос», «Арханёл Міхал», «Аляксандар Неўскі», «Таемная вячэра», «Маці Божая Знаменьне», абраз-таблетка «Маці Божая Адзігітрыя і Мікалай Цудатворца»[1].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 26А
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.