Гісторыя Заслаўя
Заслаўе — старажытнае места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор (XVI ст.) і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1779). Дзейнічае гістарычна-культурны запаведнік.
Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X ст. на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 км ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак»[1].
Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985—986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу[2]. Пад 1127 упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю[3].
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам[4]. У 1345 вялікі князь Кейстут перадаў паселішча свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). За часамі фэўдальнай вайны (1432—1439) у 1434 годзе[4] Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.
У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію (1574). У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзейнічала царква. З XVІІ ст. места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе мясьціна перайшла да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) К. Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце было 89 дымоў (апроч, відаць, касьцёльнай юрыдыкі), 4 вуліцы, Рынак[4].
У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Пшазьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У 2-й палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.
За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касьцёл. 15 красавіка 1906 году расейская паліцыя выкрыла ў Заслаўі падпольную школу, у якой Антаніна Войзбун навучала польскай мове 25 дзецей у веку 8—17 гадоў. Настаўніцу пакаралі штрафам у 50 рублёў з магчымасьцю замены на 15 дзёнь арышту[5]. У лістападзе 1917 году ў Заслаўі ўтварыўся Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ўсталяваў Савецкую ўладу. У Першую сусьветную вайну зь лютага да сьнежня 1918 году мястэчка займалі нямецкія войскі.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Заслаўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[6]. У 1919—1920 гадах мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтар гміны ў Менскім павеце Менскай акругі Грамадзкай управы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Заслаўе засталося ў БССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1959 годзе Заслаўе атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку, у Менскім раёне. У 1985 годзе — статус места. У 2014 годзе да Дня беларускага пісьменства ў месьце паставілі помнік князю Ізяславу[7].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
-
Рынак, да 1918 году
-
Вуліца Замкавая. Замкавая брама
-
Вуліца Замкавая. Кальвінскі збор па маскоўскай перабудове
-
Вуліца Замкавая. Былы збор
-
Вуліца Рынкавая. Касьцёл па маскоўскай перабудове
-
Вуліца Рынкавая. Касьцёл, 1941
-
Вуліца Рынкавая. Касьцёл, 1941
-
Вуліца Вакзальная. Станцыя, 1939
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 410.
- ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 131.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Заслаўя. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
- ^ а б в Грынявецкі В. Заслаўе // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 648.
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 32.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Помнік князю(недаступная спасылка), Белсат
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 3 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Заслаўя. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 464 с.: іл. ISBN 985-6302-24-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.
- Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem: Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. ISBN 978-83-227-2629-7.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гісторыя Заслаўя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў