Гуачымантонэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Круглая ступеньчатая піраміда ў Гуачымантонэс, вядомая як «Круг 2»
Дэталь круглай піраміды і іншыя руіны

Гуачымантонэс або Уачымантонэс (па-гішпанску: Guachimontones, Huachimontones) — археалягічны помнік дакалюмбавых часоў каля мэксыканскага гораду Тэўчытлян, штат Халіска. Помнік адносіцца да так званай Тэўчытлянскай традыцыі[1] — грамадзкай супольнасьці ці іх комплексу, які існаваў у пэрыяд 300—900 гг. н. э.

Асноўнай уласьцівасьцю Гуачымантонэс зьяўляюцца круглыя ступеньчатыя піраміды, разьмешчаныя ў цэнтрах круглых комплексаў будынкаў. Піраміда вышынёй 18 м у Крузе 2 мае 13 высокіх прыступкаў, якія вядуць на верхні ўзровень, на якім маецца 4 дадатковых прыступкі. На найвышэйшым узроўні быў разьмешчаны пост назіральнікаў, верагодна, для цырымоніі «летуноў», распаўсюджанай у наш час у татанакаў (кручэньне вакол шаста)[1]. Паводле іншай вэрсіі, на вяршынях пірамідаў маглі разьмяшчацца невялікія храмы.

Кожную піраміду атачаюць паглыбленыя круглыя плошчы, а вакол кожнай плошчы разьмешчана сэрыя маленькіх курганаў. На вяршынях курганаў маюцца плятформы, якія раней служылі апорамі будынкам з дрэва і гліны.

У Гуачымантонэс адкрыта каля 10 круглых комплексаў, чатыры простакутных плошчы і два стадыёна для гульні ў мяч.

Раскопкі Гуачымантонэс праводзілі археолягі з Мічааканскага коледжа пад кіраўніцтвам амэрыканскага археоляга Філа Вэйганда і яго жонкі Сэліі Гарсія дэ Вэйганд. Буйнамаштабны праект раскопак распачаты ў 1998 годзе.

ЮНЭСКО ўключыла ўвесь рэгіён, у тым ліку бліжэйшы завод па вытворчасьці тэкілы, у свой сьпіс Сусьветнай спадчыны. У сувязі з тым, што помнік падзьвергся сур’ёзнаму рабаваньню, ён таксама ўключаны ў сьпіс 2008 г. па Кантролі за сусьветнымі помнікамі, які складаецца з 100 аб'ектаў, разьмешчаных у найбольш пагрозьлівым стане.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Weigand.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Smith, Julian (2006) «Surprise Finds in Tequila Country» in Archaeology magazine November/December 2006.
  • Weigand, Phil and Efraín Cárdenas, «Proyecto Arqueológico Teuchitlán», accessed May 2008.