Валеры Славук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валеры Славук
2015 год
Імя пры нараджэньні Валеры Пятровіч Славук
Дата нараджэньня 17 красавіка 1947 (77 гадоў)
Месца нараджэньня Коханаў, Талачынскі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Адукацыя Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1977)
Месца вучобы
Занятак кніжная графіка
Жанры кніжная ілюстрацыя[d]
Плынь рамантызм
Працы ілюстрацыі кніг казак «Людзей слухай, а свой розум май» (1988) і «Залаты птах» (1993), «Шляхціц Завальня» (1990) і «Вядзьмар, якi рабiўся ваўком», казкі «Лятучы цмок» (1995) і нізка «Псэўдазоалёгія»
Пад уплывам Васіль Пятровіч Шаранговіч
Уплыў на Надзея Макеева[1]
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія Беларусі (2001), прэмія «Залаты фаліянт» (2008), прэмія Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спэцыяльная прэмія прэзыдэнта Беларусі (2017), прэмія Цёткі (2021)
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль «За працоўныя заслугі»
Мэдаль «За працоўныя заслугі»

Валеры Пятровіч Славук (нар. 1947, Коханаў, Талачынскі раён, Віцебская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі кніжны графік-ілюстратар.

Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (2015). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2001), прэміі «Залаты фаліянт» (2008), спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Беларусі (2017), прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі[2] і прэміі Цёткі (2021) ў намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленьне» за аздабленьне зборніка казак «Вядзьмар, якi рабiўся ваўком». Сябра Беларускага саюзу мастакоў (1981)[3]. Прафэсар (2009) катэдры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў[4]. Належаў да плыні мастакоў-рамантыкаў[5].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1977 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут паводле спэцыяльнасьці «кніжная графіка», на якую быў пры конкурс 7 чалавек на месца пры паступленьні. Навучаўся ў графіка Васіля Пятровіча Шаранговіча. У 1980—1990-я гады рабіў малюнкі на тэму міталёгіі, фантасмагорыі і фантастыкі, такія як «Пераможца» і «На дрэвах», «Гнёзды» і «Дрэва для вогнішча». Падрабязна прамалёўваў забаўных і мілых пачвараў. Усе тагачасныя графічныя аркушы былі ў выглядзе такой друкаванай графікі, як афорт, акватынта і шаўкаграфія. У 1991 годзе стварыў афорт «Шлях», на якім нямоглыя старэчы брыдуць у навакольлі засохлых дрэваў з драпежнымі птушкамі і кажанамі. У 1997 годзе пачаў выкладаць у Беларуская дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2000-я гады стаў перадаваць у малюнках эстэтыку прыроды, сымвалізму і мэтафары. Адпаведнымі творамі былі «Раніца», нізка «Псэўдазоалёгія», «Дзіцячы сад», «Восеньскі сон» і «Маленькія сьнежныя людзі», «Адпачынак» і «Рыбная лоўля». Сярод іншага, на малюнку тушшу «Дыялёг» намаляваў 2-х людзей, якія размаўляюць седзячы ў атачэньні катоў і 12 сабакаў[4].

У 2008 годзе стаў ляўрэатам прэміі «Залаты фаліянт» ў намінацыі «Найлепшы майстар» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»[6]. 21 траўня 2009 году быў уганараваны мэдалём «За працоўныя заслугі»[7]. У 2010-м атрымаў дыплём 1-й ступені Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі», а таксама быў ўзнагароджаны 2-ма мэдалямі: Францішка Скарыны і «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюзу мастакоў[6]. У лютым—сакавіку 2014 году зладзіў у менскім Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва выставу больш як 30 сваіх твораў з 1980-х да 2012 году[4]. У кастрычніку 2015 году атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. У 2017-м за правядзеньне выставы «Плянэта Славук» атрымаў адмысловую прэмію прэзыдэнта Беларусі дзеячам культуры[4]. У 2019 годзе выдаў каляровы альбом на 141 старонку[8].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На восеньскім салёне ў Палацы мастацтваў з калекцыянэрам Алегам Судлянковым (зьлева; Менск, 2015 год)

Валеры Славук працаваў у кніжнай і станковай графіцы. Яго творчасьці была ўласьцівая контурнасьць выявы, мадэляваньне аб'ёмаў дробнымі штрыхамі, гратэскавасьць і іранічнае шаржаваньне постацяў. Для станковых твораў былі ўласьцівыя адыход ад дакладнасьці сюжэтнага дзеяньня і абагульненьне вобразнай шматграннасьці зьместу, падрабязнае адлюстраваньне прадметаў побыту і навакольнага асяродзьдзя: «Белы кот» (1995), «Начны візыт» і «Дарога» (1996), «Аднарог» і «Прыцемкі» (1997), «Запаволены рух», «Эдэм» і «Ператварэньне» (1998). Кніжная графіка вызначалася абвостраным успрыманьнем літаратурнага тэксту, пачуцьцёвым і глыбокім выяўленьнем характараў постацяў і своеасаблівасьцяў сюжэту: народныя казкі «Ўдовін сын» (1977—1980), «Піліпка-сынок» і «Курачка Раба» (1983), «Людзей слухай, а свой розум май» (1988), «Алёнка» (1989) і «Залаты птах» (1993), казка «Лятучы цмок» Уладзімера Ягоўдзіка (1995), кнігі «Касмалёт» Міколы Ганчарова (1979) і «Ад рэчыва да сутнасьці» Кірыла Шарыкава (1982), «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага (1990) і «Вясна ўвосень» Уладзімера Караткевіча (2000)[9]

Яго творы захоўвалі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі і Беларускі саюз мастакоў, прыватныя зьбіральнікі мастацтва і музэі Аўстрыі, Італіі і Нямеччыны. Творчасьць пераважна тычылася беларускай і агульнаславянскай міталёгіі[6]. У чэрвені 2017 году ў Палацы мастацтваў Менску Валеры Славук зладзіў выставу да свайго 70-годзьдзя, дзе сярод іншых выставіў ілюстрацы да кніг «Айвэнга» Ўолтэра Скота, «Чорны млын» Юрыя Брэзана, «Шляхціч Завальня» Яна Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» Уладзімера Караткевіча, да беларускіх народных казак «Удовін сын» і «Алёнка», да кнігі казак «Цудоўны сьвет»[10]. У 2019 годзе на падставе ілюстрацыі Славука «Жалезны чалавек» вырабілі набор аднайменных дызайнэрскіх кофтаў[11].

У дзень атрыманьня ганаровай годнасьці заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі зь Ільвом Алімавым (2015 год)

У красавіку 2020 году Антон Брыль выдаў зборнік 30 беларускіх чарадзейных казак «Вядзьмар, якi рабiўся ваўком», які аздобіў Валеры Славук[12]. Пагатоў, Славук стварыш вобразы Злыдня, Зьніча і Дзікіх людзей за 30 гадоў да таго[13]. 14 кастрычніка 2021 году Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў прысудзілі Славуку прэмію Цёткі ў намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленьне» за аздабленьне зборніка казак «Вядзьмар, якi рабiўся ваўком»[14]. 7 красавіка 2022 году ў мэсэнджэры «Вайбэр» разьмясьцілі набор «Беларускія міты» налепак на падставе твораў Славука[15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ МГ. Ілюстратарка Надзея Макеева – пра ад’езд у ЗША, супрацу з «Форбсам» і натхняльны беларускі пратэст // Тэлеканал «Белсат», 22 красавіка 2021 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  2. ^ Каляндар знамянальных і памятных датаў на 2022 год // Барысаўская цэнтральная бібліятэка імя Івана Каладзеева, 2021 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  3. ^ Славук Валеры Пятровіч, выяўленчае мастацтва // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 15 ліпеня 2020 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  4. ^ а б в г Вольга Чайкоўская. Дыялёг // Жырандоля. — 1 сакавіка 2014. — № 5 (222).
  5. ^ Натальля Шаранговіч. Мастакі-рамантыкі і мастацкая практыка ў пераходную эпоху: 1970–1990-я гг. // Дзесяць стагодзьдзяў мастацтва Беларусі: каталёг выстаўкі / дызайн Ігар Бандаровіч, фатографы Аляксей Аляксандраў, Алег Лукашэвіч і Зьміцер Казлоў. — Менск: Чатыры чвэрці, 2014. — С. 591. — 629 с. — 600 ас.
  6. ^ а б в Валеры Славук // Партал «Міталёгія Беларусі», 2018 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  7. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 траўня 2009 г. № 260 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 1 чэрвеня 2009 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  8. ^ Валеры Славук: альбом // Інтэрнэт-кнігарня «Кніганоша», 2019 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  9. ^ Міхась Баразна. Славук Валеры Пятровіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 500. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  10. ^ Вікторыя Аскера. Энэргетычны запал ад Валерыя Славука // Зьвязда : газэта. — 16 верасьня 2017. — № 179 (28543). — С. 9. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Худзі «Жалезны чалавек» // Крама «Лстр адзеньне», 2019 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  12. ^ Ірына Кацяловіч. «Я добра арыентуюся ва ўяўным сьвеце, i прыдумляць мне нiчога ня трэба» // Жырандоля. — 25 красавіка 2020. — № 15 (503).
  13. ^ Вядзьмар, які рабіўся ваўком: Беларускія чарадзейныя казкі // Выдавецтва «Янушкевіч», 2020 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  14. ^ Вольга Гапеева і Валерый Славук — пераможцы Прэміі Цёткі // Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 14 кастрычніка 2021 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.
  15. ^ Зьніч, дэманы і русалкі // «Будзьма беларусамі», 7 красавіка 2022 г. Праверана 26 жніўня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]