Абмеркаваньне:Жывіля

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Апавяданьне і расказ[рэдагаваць крыніцу]

Хацеў бы патлумачыць, што маем артыкул Апавяданьне, напісаны паводле вартых даверу крыніцаў (т.б. маем прыктыку ўжываньня такога тэрміну, засьведчаную ў тым ліку наяўнасьцю адпаведных катэгорыяў Катэгорыя:Апавяданьні). Хоць слова "расказ", як выглядае, з падобным значэньнем і сустракаецца ў слоўніку пэдагагічных дысцыплінаў БНТ [1] (тым часам слоўнік Байкова і Некрашэвіча дае для расказу зусім іншае значэньне [2]), але ТСБМ удакладняе, што расказ можа быць адно "дзеянне паводле значэнне дзеяслоў расказаць; славеснае паведамленне пра якія-н. падзеі" [3], і разьмяжоўвае яго з апавяданьнем "невялікі мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе" [4]. Калі існуе аўтарытэтная мовазнаўчая крытыка ўжываньня слова "апавяданьне" (ведаю, што такая крытыка ёсьць датычна ўжываньня слова "распавядаць"), то варта яе падаць яе тут. Kazimier Lachnovič (гутаркі) 16:35, 15 траўня 2024 (+03)[адказаць]

Перанесена са старонкі Гутаркі ўдзельніка:Riwai

Патлумачу матывацыю выбару адпаведнай тэрміналёгіі пры напісаньні артыкула. Я пагаджаюся з тым, што ня ведаю літаратурнай беларускай мовы, а пры стварэньні артыкулаў дапушчаю частыя адрукоўкі па прычыне жаданьня ахапіць вялікі матэрыял і адначасова - праз недахоп часу. Гэты артыкул напісаны цалкам мной, не зьяўляецца перакладам якой-кольвек старонкі вікіпэдыі ці матэрыялаў сайту. Выбар тэрміналёгіі быў прадыктаваны спробай перадаць адпаведны характар твору, а не крытыкай тэрміну апавяданьне. Добра было бы, каб ўдзельнік, што робіць праўкі ў артыкуле, што я ствараў, для пачатку азнаёміўся бы са зьместам твору, зь гісторыяй твору. Добра - гэта можа занадта складана, але дастаткова было проста паглядзець у правы бок і убачыць назву ў арыгінале: Żywila. Powiastka z dziejów litewskich. Апавяданьне - ня вельмі дакладны тэрмін для перакладу слова Powiastka. Літаральна гэтае слова можна перакласьці, як гісторыйка ці расказ, казаньне з нейкім маральна-павучальным сэнсам. Тут ідзе размова, што Адам Міцкевіч задумваў свой твор не ў форме мастацкага апавяданьня, а ў форме старадаўняга казаньня, славеснай нарацыі аб падзеі, нібы народнае паданьне. Ключавы сэнс, што гэты твор аўтарам рыхтаваўся, каб менавіта агучыць, як народнае паданьне, а не надрукаваць у зборніку мастацкі твор. Пры напісаньні артыкула, я з апорай на аўтарытэтныя крыніцы падкрэсьліў гэты момант: ўпершыню быў агучаны на пасяджэньні філяматаў 1 студзеня 1819 году. Твор нават выкананы блізкай да старапольскай мовай з ужываньнем архаізмаў і ў стылістыцы народнага казаньня, што падкрэсьлівае заканчэньне твору. Адпаведна - сам Адам Міцкевіч нават не дадаў гэты твор у ніводны свой зборнік, гэта менавіта славеснае, вуснае казаньне. Пра гэта ўласна піша сын Міцкевіча Ўладзіслаў у прадмове да выданьня 1866 году. Пра гэта ў артыкуле была пададзена інфармацыя. Выкарыстаньне мной тэрміну расказ у гэтай сытуацыі было абгрунтавана ня нейкім непрыманьнем тэрміну апавяданьне (ня маю нічога супраць, хоць, напрыклад, Ян Станкевіч увогуле не згадваў слова апавяданьне ці апавядаць у сваім слоўніку, а толькі расказ, расказаньне, расказваць), а жаданьнем перадаць дакладны сэнс і форму твору, больш дакладны пераклад слова Powiastka. Дзякуючы багацьцю беларускай мовы падавалася, што атрымалася.

Другі момант слова высакародны і шляхетны. Знову ня маю нічога супраць слова шляхетны. Але выкарыстаньне слова высакародны было абгрунтавана некалькімі важнымі прычынамі:

  • Высакародны слова значна больш архаічнае, чымсьці шляхетны, а для кароткага пераказу варта было абраць словы акурат больш архаічныя, каб перадаць атмасфэру, клімат твору. Шляхетны - слова, што каранямі сыходзіць у нямецкую мову, таму адмыслова не было ўжыта для перадачы твору ў форме паданьня з XIV ст., у той час як слова шляхта ад нямецкага geschlecht прыйшло на нашыя землі ў XV ст. ужо пасьля Гарадзельскай уніі.
  • У адрозьненьні ад слова шляхетны слова высакародны ўтрымлівае таксама важны сэнс - прыналежны да знатнага роду. У той жа час, як шляхетны сынанімічны слову прыстойны. У творы гаворыцца менавіта пра адмову Жывілі кавалерам са знатнага роду, а не шляхетным. Менавіта Порай - шляхетны, а кавалеры - высакародныя. Гэтая праўка скажае сэнс тэксту.
  • Дадатковая прычына не ўжываць слова шляхетны ў тым кантэксьце была таксама магчымая асацыяцыя ў чытача слова шляхетны са словам шляхецкі, што магло выклікаць памылковыя ўяўленьні аб часе зьяўленьня й пашырэньня тэрміну шляхта на землях ВКЛ. --Riwai (гутаркі) 00:17, 16 траўня 2024 (+03)[адказаць]