Уладзімер Ліпскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Ліпскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 6 траўня 1940(1940-05-06) (83 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, дзіцячы пісьменьнік, журналіст
Жанр казка
Мова беларуская мова і расейская мова[1]
Узнагароды

Уладзі́мер Сьцяпа́навіч Лі́пскі (6 траўня 1940, в. Шоўкавічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць) — беларускі пісьменьнік, грамадскі дзеяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 6 траўня 1940 году ў в. Шоўкавічы Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям’і. У 1960 годзе скончыў Менскі тэхнікум харчовай прамысловасьці.

Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960—1964), у нясвіскай раённай газэце «Чырвоны сцяг» (1964—1967). У 1966 годзе завочна скончыў аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1967—1968 гадох — першы сакратар Нясвіскага райкаму камсамолу, у 1968—1976 — у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976—1978 — адказны сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.

З 1978 году — галоўны рэдактар часопісу «Вясёлка». З 1988 году — старшыня праўленьня Беларускага аддзяленьня Савецкага дзіцячага фонду, пасьля — прэзыдэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня I Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці (1995).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У друку выступае з 1964 году. Аўтар кніг публіцыстыкі «Райкамаўскія будні» (1971), «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасьце?» (1977), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумэнтальных аповесьцящ «Крутыя вёрсты» (1980, пастаўлена радыёп’еса ў 1978), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі…» (з Б. Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час нямецка-савецкай вайны ў Нямеччыну), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І. Грынявіцкага), зборнікаў прозы «Раны» (1987), «Дзень нараджэньня» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхаваньня моладзі аповесьць «Адпяваньне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзёньніку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесьць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998) створаная на архіўных і дакумэнтальных матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозьвішчаў, гербаў. Кнігу «Мама. Малітва сына» (1999) Ліпскі напісаў да стагодьдзя сваёй маці. Прозьвішчы землякоў, іх жыцьцёвыя лёсы сталі матэрыялам для дасьледаваньня пісьменьніка ў кнізе «Мы: аповесьць пра нашыя прозьвішчы» (2006).

Выдаў кнігі аповесьцяў, апавяданьняў, казак (у тым ліку казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Пралескі ў небе» (1997), «Антонік-понік» (1998), «Наша Маша» (2002), «Прыгоды нуліка» (2007), «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь» (2008) і іншыя. Творы для дзяцей адметныя веданьнем дзіцячай псыхалёгіі, займальнасьцю, жывой народнай мовай, дасьціпнасьцю. Паводле аповесьці «Вясёлая азбука» ў Дзяржаўным музычным тэатры Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Альфабэт» (1996, лібрэта С. Клімковіч, музыка В. Войціка).

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Літаратурная прэмія імя Янкі Маўра (1993) за кнігу «Падкідыш».
  • Літаратурная прэмія імя В. Віткі (1997) за аповесьць «Загадкавы чалавечак».
  • Міжнародная прэмія А. Швейцара (1998) за дабрачынныя справы на карысьць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі.
  • Дзяржаўная прэмія Беларусі (2001).
  • Прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў (2005).
  • Ордэн Францішка Скарыны (2007)[2].
  • Спэцыяльная ўзнагарода «За асабісты ўклад у развіцьцё дзіцячай прэсы» па выніках ХІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера» (2015)[3].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Lìpskì, Uladzìmìr Scjapanavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ за нумарам 109
  3. ^ Палуян Ч. Узнагароды, якія натхняюць : газ.. — Мн.: СПБ, Выдавецкі дом «Звязда», 8 траўня 2015. — В. 4818. — № 18. — С. 2.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Менск, 1994. ISBN 5-340-00709-X