Адам Яўхімавіч Храптовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адам Храптовіч
1844 год (партрэт працы Юзэфа Азямблоўскага)
1844 год (партрэт працы Юзэфа Азямблоўскага)
Старшыня Віленскага дабрачыннага таварыства
1834 — 1836
Старшыня Віленскай часовай губэрнскай выканаўчай камісіі
1813 — 1813
Сябар кіраўніцтва Віленскага дэпартамэнту
1812 — 1812
Візытатар школ Віленскай навучальнай акругі
1803 — 1811
Пасол на Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай
1790 — 1792
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 25 сакавіка 1768
Шчорсы, Наваградзкі павет, Вялікае Княства Літоўскае
Памёр: 13 сьнежня 1844
Вішнёўка, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Сужэнец: Марыя Любамірская[d][2]
Бацька: Яўхім Храптовіч
Маці: Канстанцыя з Пшаздзецкіх[d]
Род: Храптовічы
Адукацыя: Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага

Адам Яўхімавіч Храптовіч (1768, Шчорсы, цяпер Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 13 сьнежня [ст. ст. 25 сьнежня] 1844, Вішнёўка, цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Расейскай імпэрыі.

Пасол на Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай ад Наваградзкага павету Вялікага Княства Літоўскага (1790—1792). Візытатар школ Віленскай навучальнай акругі ў Расейскай імпэрыі (1803—1811). Старшыня Віленскага дабрачыннага таварыства (1834—1836). Быў дабрачынцам сялянскай асьветы.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і cакратара вялікага літоўскага Яўхіма Храптовіча, які пазьней стаў канцлерам[3]. Навучаўся ў Галоўнай школе Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні. Пазьней падарожнічаў па нямецкіх землях Сьвятой Рымскай імпэрыі, Даніі і Ангельшчыне[4]. Атрымаў чын ротмістра кавалерыі Войска Вялікага Княства Літоўскага[3].

У 1790—1792 гадох быў паслом на Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай ад Наваградзкага павету[5]. У 1794 годзе браў удзел у паўстаньні Касьцюшкі[4]. Быў ад’ютантам генэрала Станіслава Макраноўскага, які загадваў войскам ВКЛ са жніўня па кастрычнік. Ад 1803 году працаваў візытатарам школ Віленскай навучальнай акругі ў Расейскай імпэрыі[3]. Скасаваў цялеснае пакараньне для прыгонных сялянаў у сваіх уладаньнях і зьменшыў чынш зь іх[4].

У 1812 годзе францускі імпэратар Напалеон I Банапарт прызначыў яго сябрам кіраўніцтва Віленскага дэпартамэнту[4]. У 1813 годзе быў старшынёй Віленскай часовай губэрнскай выканаўчай камісіі і Віленскага цэнтральнага камітэту ваенных павіннасьцяў[3]. У 1822 годзе пачатковая школа узаемнага навучаньня, заснаваная ім у Шчорсах, налічвала 350 вучняў зь сем’яў прыгонных сялянаў, якіх навучалі рамяству. У 1834—1836 гадох займаў пасаду старшыні Віленскага дабрачыннага таварыства. Таксама быў намесьнікам старшыні Віленскага друкаванага таварыства[4].

Папоўніў да 20 000 тамоў[6] бібліятэку Храптовічаў старадрукамі і віленскімі выданьнямі пачатку ХІХ стагодзьдзя[4], працамі старажытных творцаў і рукапісамі, творамі італьянскай і францускай клясычнай літаратуры, а таксама працамі па гісторыі Беларусі, Летувы і Польшчы[6]. Перавёз бібліятэку Храптовічаў з Варшавы (Царства Польскае) ў Шчорсы (Наваградзкі павет), куды запрашаў прафэсараў Віленскага ўнівэрсытэту. У 1838 годзе паводле рукапісаў зь бібліятэкі выдалі ўспаміны Самуіла Маскевіча. Быў аўтарам артыкулаў у газэце «Навуковыя апісаньні і абмеркаваньні». У мястэчку Нягневічы Наваградзкага павету, якое набыў у 1809 годзе, стварыў парафіяльную школу. Заснаваў ашчадныя касы для сваіх прыгонных сялянаў і скараціў колькасьць шынкоў у сваіх уладаньнях. Сярод іншага, увёў шматпольны севазварот[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://zviazda.by/sites/default/files/pdf/2014/03/25sak-8.indd_.pdf
  2. ^ https://www.muzeumzamoyskich.pl/ukryty-portret-tajemniczej-damy
  3. ^ а б в г д Аляксандар Ярашэвіч. Храптовіч Адам // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 6. Кн. 2: Усьвея — Яшын; Дадатак. — С. 81. — 591 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0276-8
  4. ^ а б в г д е Даты, падзеі, людзі / гал.рэд. Алесь Карлюкевіч // Зьвязда : газэта. — Беларускі дом друку, 25 сакавіка 2014. — № 54 (27664). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Анатоль Грыцкевіч. Храптовічы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 60. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  6. ^ а б «Беларуская біятэхналягічная карпарацыя» Храптовіч Адам, сын Іаахіма Ігнацыя Юзафа // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 25 траўня 2018 г. Праверана 3 студзеня 2023 г.