Гарадзенская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарадзенская вобласьць

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Горадня
Улучае 17 раёнаў
Найбольшы горад Горадня
Іншыя буйныя гарады Ліда
Слонім
Наваградак
Смаргонь
Дата ўтварэньня 20 верасьня 1944
Старшыня аблвыканкаму Уладзімер Краўцоў
Насельніцтва (2018) 1 043 681[1]
Шчыльнасьць 42 чал./км²
Нацыянальны склад беларусы — 66,7%
палякі — 21,5%
расейцы — 8,2%
украінцы — 1,4%[2]
Канфэсійны склад 216 каталіцкіх касьцёлаў
212 праваслаўных цэркваў
Плошча 25 000 км² (12%)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт
 · сярэдняя вышыня
 · найніжэйшы пункт

 323 м
 114 м[3]
 80 м
Месцазнаходжаньне Гарадзенскай вобласьці
Гарадзенская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Код ISO 3166-2 BY-HR
Тэлефонны код +375-15
Паштовыя індэксы 230 xxx, 231 xxx
Код аўтам. нумароў 4
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Гарадзе́нская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 25 000 км². Насельніцтва на 2018 год — 1 043 681 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Горадня.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Харугва Гарадзенскага павету ВКЛ з выявай «Пагоні»

Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарадзенская вобласьць знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 247 км, з захаду на ўсход — 213 км. Тэрыторыя вобласьці складае 25 000 км² (12% тэрыторыі Беларусі).

На паўночным захадзе Гарадзенская вобласьць мяжуе зь Віцебскай, на захадзе — зь Менскай, на поўдні — зь Берасьцейскай абласьцямі Беларусі, на захадзе — з Падляскім ваяводзтвам Польшчы, на поўначы — зь Летувой.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф у асноўным раўнінны, пераважаюць вышыні ў 120—180 м. Значную частку вобласьці займаюць Нёманская і Нарачанска-Вялейская нізіны, Лідзкая раўніна (да 170 мэтраў). Сустракаюцца марэнавыя ўзвышшы — Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Наваградзкае і Ашмянскае.

У паўночна-заходняй частцы вобласьці, пры выйсьці Нёману за межы краіны знаходзіцца найніжэйшае месца Беларусі — 80 мэтраў над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт вобласьці — гара Замкавая (323 мэтры) знаходзіцца на Наваградзкім узвышшы.

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласьць мае паклады жалезных рудаў (Навасёлкаўскае радовішча ільмэніт-магнэтытавых рудаў у Карэліцкім раёне і шэраг рудапраяваў уздоўж мяжы зь Летувой у Гарадзенскім раёне), торфу (пераважна на Нёманскай нізіне), крэйды, цаглянай і дахоўчатай гліны, цэмэнтавай сыравіны (галоўныя радовішчы ў Ваўкавыскім раёне), сылікатных пяскоў, вапнавай сыравіны, пяскова-жвіровага матэрыялу.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат умерана-кантынэнтальны, у параўнаньні з усходнімі раёнамі Беларусі больш вільготны, зь цёплай зімой і прахалодным летам. Значна ўзьдзейнічаюць на клімат Гарадзенскай вобласьці паветраныя масы Атлянтыкі. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −6,6°С у Карэліцкім і Наваградзкім раёнах да −5°С на паўднёвым захадзе ў Бераставіцкім і Сьвіслацкім раёнах, у ліпені тэмпэратура дасягае 17—18,2°С. Вэгетацыйны пэрыяд 188—200 дзён. Ападкаў выпадае 520—640 мм за год (у Наваградку — 706 мм), 71% іх прыпадае на красавік — кастрычнік.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэдняя лясістасьць складае 33%, ад 10—12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім раёнах да 50% у Сьвіслацкім. Лясы пераважна іглічныя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чарнаалешнікавых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, часткова Белавеская.

Пераважаюць нізінныя балоты, яны займаюць 6,6% тэрыторыі вобласьці, вялікая іх частка асушаная. Пад лугі занятыя 14,4% тэрыторыі, 2/3 зь іх — нізінныя. На тэрыторыі вобласьці знаходзіцца 10 прыродных заказьнікаў дзяржаўнага значэньня, 50 помнікаў прыроды.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Практычна ўся тэрыторыя вобласьці належыць да басэйну Нёману і яго прытокаў: Бярэзіне, Гаўі, Дзітве, Лебядзе, Котры (праваруч), Вушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосьне (леваруч). На паўночным усходзе працякае рака ВяльляАшмянкай). На паўночным захадзе пачынаецца рака Нараў — прыток ракі Вісла.

На тэрыторыі вобласьці знаходзіцца вядомы Аўгустоўскі канал, які злучыў басэйны Нёману і Віслы.

Найвялікшыя азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Сьвіцязь (у межах Сьвіцяскага ляндшафтнага заказьніку), Сьвір і Вішнеўскае (на мяжы зь Менскай вобласьцю).

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыю вобласьці перасякаюць чыгуначныя шляхі: Менск — Маладэчна — Смаргонь — Вільня (Летува), Вільня — Ліда — Баранавічы, Маладэчна — Ліда — Масты — Горадня, Вільня — Горадня — Беласток (Польшча), БаранавічыСлонімГорадня. Буйныя чыгуначныя вузлы Ліда, Горадня, Слонім, Ваўкавыск. Галоўныя аўтамагістралі вобласьці ідуць на Менск, Вільню, Баранавічы, Берасьце. Праз тэрыторыю вобласьці праходзіць адзін з трансмагістральных шляхоў Эўразіі, што спрыяе шырокаму міжнароднаму супрацоўніцтву. Дзякуючы выгоднасьці свайго геаграфічнага становішча, Гарадзенская вобласьць — эфэктыўнае інтэгруецца ў гандаль дзяржаваў Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, краінаў СНД і Азіі. На кастрычнік 2013 году УП «Горадняаблдарбуд» абслугоўвала 10 631 км аўтадарог, зь іх 4914 км (46%) з гравійным пакрыцьцём і 4578 км (43%) асфальтаваных, а таксама звыш 1500 км сельскіх вуліцаў. На мясцовых дарогах Гарадзенскай вобласьці налічвалася каля 2800 аўтобусных прыпынкаў, зь іх каля 1000 (36%) з аўтапавільёнамі[5].

Водны транспарт зьяўляецца складовай часткай транспартнага комплексу вобласьці, суднаходнымі зьяўляюцца рэкі Нёман і Шчара.

Па тэрыторыі вобласьці праходзіць адгалінаваньні газаправодаў Дашава (Украіна) — Менск — Івацэвічы — Ліда — Вільня (Летува), Івацэвічы — Слонім — Горадня.

Памежнае становішча вобласьці спрыяе разьвіцьцю яе эканамічных сувязяў з Польшчай, Летувай, Расеяй (Калінінградзкая вобласьць) у рамках эўрарэгіёну «Нёман». У чэрвені 1997 году на канфэрэнцыі ў польскім месьце Сувалкі адбылося падпісаньне дамовы пра стварэньне і статус трансьмежнага зьвязу «Эўрарэгіён „Нёман“». У яго склад увайшлі Гарадзенская вобласьць, Мар’ямпальскі і Аліцкі паветы Летувы і Падляскае ваяводзтва Польшчы.

Прамысловасьць і сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіроўныя пазыцыі ў эканоміцы Гарадзенскай вобласьці займае хімічная прамысловасьць. Найвялікшыя прадпрыемствы гэтай галіны разьмешчаныя ў местах Горадня і Ліда. Гэта вытворчыя аб’яднаньні «Азот» і «Хімвалакно», акцыянэрнае таварыства «Лакафарба». Больш за траціну прамысловай прадукцыі выпускаецца на прадпрыемствах харчовай прамысловасьці і машынабудаваньня. Шырокую вядомасьць набыла прадукцыя шклозавода «Нёман», разьмешчанага ў месьце Бярозаўцы Лідзкага раёну.

Вобласьць мае высокаразьвітую сельскагаспадарчую вытворчасьць. Тут распаўсюджаныя малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне бульбы ў спалучэньні з вырошчваньнем ільну на ўсходзе і вырошчваньнем цукровых буракоў на захадзе. Пашыраныя пасевы зерневых культураў, а вакол буйных местаў разьвітыя птушкагадоўля і агародніцтва.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2018 год — 1 043 681 чал.[1]
  • 2017 год — 1 047 494 чал.[6]
  • 2016 год — 1 050 125 чал.[7]
  • 2014 год — 1 054 900 чал.[8]

На тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці жыве (на 1 студзеня 2003 году) 1 млн 150 тыс. чалавек, зь іх: 63,6% — у местах, 36,4% — у вёсках.

У вобласьці жыве 552,8 (47,1%) — мужчынаў і 621,1 (52,9%) — жанчын. Колькасьць насельніцтва ва ўзросьце да 19 гадоў складае 312 тыс. чалавек, 20—59 гадоў — 622,5 тыс., 60 гадоў і старэй — 239,4 тыс.

Паводле нацыянальнага складу (перапіс 2009 году): беларусы — 66,7%, палякі — 21,5%, расейцы — 8,2%, украінцы — 1,4%, іншыя — 2,2%[2].

На тэрыторыі вобласьці дзейнічае 451 рэлігійная суполка, у тым ліку 184 праваслаўныя, 170 каталіцкіх, 82 пратэстанцкія, 8 мусульманскіх, 3 юдэйскія. У вобласьці разьмешчаны 451 культавы будынак, сярод якіх 216 — каталіцкіх храмаў, 212 — праваслаўных, 18 — пратэстанцкіх, 4 — мячэты і 1 сынагога. Працуюць два праваслаўныя эпархіяльныя ўпраўленьні й 1 каталіцкае, дзейнічаюць два каталіцкія брацтвы і адно праваслаўнае сястрыцтва, чатыры каталіцкія кляштары і 2 праваслаўныя манастыры.

У Гарадзенскай вобласьці функцыянуюць 20 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў, 8 нацыянальных супольнасьцяў.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У вобласьці налічваецца 645 аб’ектаў спадчыны (на 15 чэрвеня 2005 году, зьвесткі Міністэрства культуры), улучаных у Дзяржаўны рэестар гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, у тым ліку аб’ектаў архітэктуры — 210 (будынкі, якія маюць гістарычную значнасьць), гісторыі — 87 (братэрскія магілы жаўнераў і ахвяраў ваенных падзеяў, магілы вядомых людзей, мэмарыяльныя комплексы), мастацтва — 28 (прадметы інтэр’еру, манумэнтальныя творы, фрэскавы жывапіс), археалёгіі — 320 (курганы, стаянкі, паселішчы, гарадзішчы, мескі культурны пласт). Нацыянальны парк Белавеская пушча і Мірскі замак улучаны ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКО.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласьць узначальваецца Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэтам. Вобласьць налічвае 17 раёнаў, 12 местаў, 21 мястэчка.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б Перепись населения — 2009. Гродненская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  4. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Алена Даўжанок, Барыс Пракопчык. Мясцовыя дарогі Гарадзеншчыны — пад надзейнай «апекай» // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2013. — № 203 (27568). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  8. ^ Demographic situation in January 2014 (анг.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гродненская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]