Melody of Oshawa

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Melody of Oshawa
Інфармацыя
Гады1950-я—1990
АдкульСьцяг Канады Ошава, Канада
Мовабеларуская
Жанр(ы)Полька, вальс, танга
УдзельнікіБаляслаў Лішчонак

Melody of Oshawa (канец 1950-х — 1990) — беларускі гурт у Канадзе, у горадзе Ошаве.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснавальнік гурту Баляслаў Лішчонак, які напачатку 1950-х перабраўся ў Канаду і адразу ўключыўся ў працу ЗБК («Згуртаваньня беларусаў Канады»). У вольны ад працы на General Motors час ён выкладаў музыку. А са сваіх вучняў сабраў ансамбль — Melody of Oshawa.

Склад у гурту адрозьніваўся цякучасьцю і быў шматнацыянальным: беларусы, украінцы, палякі… Пэўны час, на мандаліне грала жонка Лішчонка, родам з Польшчы. Меўся саксафаніст-славак. Часам у ансамблі адначасова былі задзейнічаныя баян і акардэон альбо два тэнар-саксафоны, труба з сурдынай і без. Засталося некалькі запісаў з опэрным сьпеваком Сяргеем Шульгам. Сам Лішчонак граў на электрыфікаванай мандаліне і скрыпцы, рабіў аранжыроўкі пад розныя камбінацыі музыкаў. Рэпэртуар жа быў выключна беларускі: усе магчымыя народныя танцы, фольк-апрацоўкі кампазытара-эмігранта Міколы Куліковіча, творы Любана і Русака, песьні на вершы Натальлі Арсеньневай.

Танцы ладзіліся на тэрыторыі Беларускага рэлігійна-грамадзкага цэнтру ў Таронта, куды прыходзіла ад 70 да 100 чалавек. Гурт граў прынамсі раз на месяц, кошт квіткоў сягаў $2. Melody of Oshawa суправаджала ўсе сьвяты: ад хрэсьбінаў і вясельляў да Дня волі 25-га сакавіка і Дня Слуцкага збройнага чыну 27-га лістапада. Зразумела, што ансамбль рэгулярна граў і ў Ошаве.

У 1980-х гг. шэсьць сэзонаў запар ладзіўся ўсеканадзкі этнічны фэстываль «Караван». Прадстаўнікі кожнае нацыі мелі ўласны павільён ля ратушы таго гораду, дзе яны жылі. Павільён беларусаў у Таронта называўся «Менскам». Дэманстраваліся ўсе магчымыя народныя рамёствы, строі, стравы і музыка. Капэля Лішчонка, як кажа Марыя Ганько, прыяжджала штовечар з Ошавы ў Таронта цягам двух тыдняў і выступала выключна за ежу.

Ансамбль існаваў пакуль быў жывы Баляслаў Лішчонак, які граў практычна да апошніх дзён свайго жыцьця. У 1990 годзе музыку пахавалі ў jшаве.

Кружэлкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Melody of Oshawa ня толькі актыўна выступала, але і запісвала ўласныя кружэлкі. Тое адбылося з падачы беларуска-канадзкага выдавецтва й арт-клюбу «Пагоня». Кружэлкі з пазнакай «Byelorussian dances by the Byelorussian orchestra» прадаваліся на танцах. У дыскаграфіі Melody of Oshawa, прынамсі, тры такія кружэлкі. Паводле аздабленьня іх умоўна можна назваць «сіняй», «зялёнай» і «чырвонай». Чамусьці яны зусім недатаваныя, але мяркуючы па ўсім былі запісаныя цягам 1960-х гадоў. Прычым, запіс адбываўся ў розныя пэрыяды, бо інструмэнтальны склад на ўсіх трох альбомах адрозьніваецца. Трэцяя па ліку («чырвоная») кружэлка, сталася найбольш бліскучай па зьмесьце і зладжанай па выкананьні.

Некаторыя запісы Melody of Oshawa напачатку 1990-х гг. перавыдаваліся ў Беларусі на касэтах. Напрыклад, у нумары газэты «Чырвоная зьмена» за 1993 год, зьмешчаная рэцэнзія Вітаўта Мартыненкі на «зялёны» альбом Melody of Oshawa. Крытык палічыў некаторыя інтэрпрэтацыі фальклёру занадта сьмелымі, і назваў гэта «ўзорам інтуітыўна-наіўнага фальклёру, прыкладам сямейна-бытавога музычнага наіву».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]