41-ы батальён дапаможнай паліцыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
41-ы батальён дапаможнай паліцыі
Гады існаваньня 10 ліпеня 1941—?
Краіна Трэці райх Трэці райх
Уваходзіць у Шуцманшафт (украінская дапаможная паліцыя)
Тып пяхота
Колькасьць 1086 чалавек
Дысьлякацыя Менск
Войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна
Вядомыя камандзіры лейтэнант Аляксандар Ялавы

41-ы батальён дапаможнай паліцыі, раней 1-ы батальён дапаможнай паліцыі — фармаваньне ўкраінскае дапаможнае паліцыі, якое дзейнічала на Беларусі. Складалася таксама й з расейцаў.

Шлях батальёну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1-ы батальён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Клепша, улетку 1941 году ў Менску зь ліку вызваленых з палону ваеннапалонных ўкраінскае нацыянальнасьці быў сфармаваны асобны паліцыйны батальён у колькасьці 910 чалавек, узятых з лягераў Менску й ваколіцаў. Батальён характаразаваўся поўнай адсутнасьцю надзейных ўкраінскіх камандоўцаў, недастатковай колькасьцю камандоўцаў зьвязаў і дружынаў, адсутнасьцю аснады, недастатковасьцю памяшканьняў для разьмяшчэньня. Узімку 1941-1942 гадоў гэты батальён быў падзелены на два ўкраінскія ахоўныя паліцыйныя батальёны (41-ы і 42-і).

Аднак паведамленьні Клепша, падвяргаюцца сумневам. Паводле наяўных у НАРБ дакумэнтаў і матэрыялаў, першы дапаможны паліцыйны батальён быў сфармаваны 10 ліпеня 1941 року ў мястэчку Беластоку з вайскоўцаў-украінцаў і тых, хто «жадаючы палегчыць сваё становішча выдаваў сябе за ўкраінцаў».

У жніўні 1941 году батальён у колькасьці 481 чалавека прыбыў у Менск. Ён разьмяшчаўся ў былой артылерыйскай школе на Камароўцы. Першапачаткова называўся 1-м батальёнам, а некалькі пазьней у Менску быў арганізаваны 2-і батальён, які атрымаў назву «рабочы батальён». Пазьней 1-ы быў перайменаваны ў 41-ы, а наваствораны — у 42-і. У абодвух батальёнах было 1086 чалавек. 41-ым батальёнам камандаваў лейтэнант Аляксандар Ялавы, а 42-м — лётнік, лейтэнант Кручкоў.

41-ы батальён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 1941 году 1-я рота 41-га батальёну прымала ўдзел у расстрэле габрэяў. Гэта адбылося ў памяшканьні былое шостае калёніі НКУС па Танкавай вуліцы, за чыгуначным пераездам. Менскі падпольнік Рафаэль Бромбэрг, які у кастрычніку 1942 году прыбыў за лінію фронту, распавёў пра гэта пры апытаньні работніку Беларускага штабу партызанскага руху (БШПР):

Мне вядома са слоў салдата ўкраінскага батальёну. Гэта быў першы масавы разгром. У калёнію прывезьлі габрэяў з гета на машынах, трымалі суткі ў двары пад падстрэшкам. Затым загадалі зьняць зь сябе ўсю вопратку й прывялі да краю выкапаных ямаў. Выстраілі ў чаргу 1-ю роту ўкраінскага батальёну паліцыі, якая стаіць у Менску па Шырокай вуліцы, у будынку казармы 38-га кавпалку, і загадалі салдатам адкрыць агонь. Пасьля першае каманды не было ніводнага стрэлу. Падалі другую каманду «Агонь»! - пачуліся 2-3 стрэлы ў паветра. Пасьля гэтага немцы адвялі украінцаў, прывезьлі дзьве бочкі спірту, напаілі іх. Потым другi раз пабудавалі украінцаў, за іх сьпінамі ўсталі нямецкія аўтаматнікі. Тады ўкраінцы адкрылі агонь... Ня ўсе кінутыя ў ямы былі дабітыя. У места пачалі сьцякацца цяжкапараненыя, жанчыны зь дзецьмі, звар’яцелыя маці несьлі на руках мёртвых дзяцей

За зімовы кругабег батальён некалькі разоў ўзбройваўся, а затым раззбройваўся, што тлумачылася няўстойлівым маральна-псыхалягічным станам асабовага складу. Да траўня 1942 году масавых пераходаў да партызанаў не было. Масавы пераход пачаўся з траўня 1942 году. 41-м і 42-м батальёнамі камандаваў Залеўскі — арганізатар ўкраінскіх батальёнаў. Залеўскі — мл. лейтэнант РСЧА, зь ім разам дзейнічаў Яшчанка. Узначальваў увесь гарнізон украінец-немец Гумэр, які добра размаўляў па-расейску.

Да асабістага складу ўжывалі наступныя рэпрэсіі: ў кастрычніку 1941 году 12 чалавек выпілі й пачалі сьпяваць савецкія песьні. Немцы пасадзілі іх на гаўптвахту, а пасьля лупцавалі розгамі. Калі нехта своечасова ня зьявіцца ў батальён або не адсалютуе — білі палкамі. Форма ўкраінскіх батальёнаў у асноўным чырвонаармейская, за выключэньнем цэшкі з жоўтага матэрыялу на пілётках, а пасьля асабісты склад 41-га батальёну быў аснаджаны ў летувіскімі мундзірамі.

41-ы й 42-і батальёны складаліся з былых ваеннапалонных, а часткова з добраахвотнікаў. Мабілізацыя папаўненьня была немагчымая як з-за ненадзейнасьці ўкраінскіх ваеннапалонных, так з-за адсутнасьці ўкраінскіх добраахвотнікаў. З гэтае прычыны, Клепш у сваім выступе прамаўляў, што празь некаторы час нямецкія ўлады будуць вымушаныя зьліць гэтыя батальёны.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Dmitrij A. Żukow, Iwan I. Kowtun, Русские эсэсовцы, 2010

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]