Хроніка ўсяго сьвету

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тытульны аркуш першага выданьня

«Хроніка ўсяго сьвету» (па-польску: «Kronika wszytkiego świata») — помнік польскай гістарыяграфіі XVІ ст., гісторыка-літаратурная кампіляцыя, складзеная Марцінам Бельскім.

Прысьвечана сусьветнай гісторыі ад антычных часоў да сярэдзіны XVІ ст. Шмат увагі аддадзена біблейскай гісторыі, якая выкладзена паводле Старога Запавету і Эвангельля, старажытнай гісторыі Грэцыі і Рыма, а таксама сярэдневяковай гісторыі Заходняй Эўропы. Больш сьцісла апісана гістарычнае мінулае славян. У канцы хронікі кароткае апісаньне розных падарожжаў і вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага дададзена паводле «Гісторыі Польшчы» Я. Длугаша. Хроніка вызначаецца некрытычным стаўленьнем аўтара да крыніц. У ёй шмат легендарных зьвестак, белетрызаванага апісаньня мінулага, літаратурнага матэрыялу.

Упершыню апублікавана ў Кракаве ў 1551 годзе, у дапоўненым варыянце перавыдадзена ў 1554 і 1564. Карысталася папулярнасьцю на землях усходніх славян. Перакладзена на беларускую (1560-я гг.) і рускую мовы. Паслужыла непасрэднай крыніцай 3-й рэдакцыі «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага й Жамойцкага», «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, беларуска-ўкраінскага хранографа XVІІ ст. «Вялікая хроніка».

Адыграла станоўчую ролю ў пашырэньні агульнага кругагляду беларускіх чытачоў эпохі барока, задавальняла іх павышаную цікавасьць да гістарычнага мінулага інш. краінаў і народаў, далучала да антычнай гісторыі й міталёгіі, знаёміла з падзеямі й героямі сусьветнай гісторыі: Траянская вайна, подзьвігі й прыгоды Аляксандра Македонскага (гл. «Александрыя») і Скандэрбега (гл. «Аповесьць пра Скандэрбега»), крыжовыя паходы, адкрыцьцё Калумбам Амэрыкі і інш.

У трэцім выданьні (1564) складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Пра маскоўскі альбо рускі народ. Пра пасольства Васіля да папы рымскага. Пра Літву. Пра Ліфлянцкую зямлю. Пра Татараў» разглядаецца й гісторыя ВКЛ. Амаль увесь разьдзел «Пра маскоўскі народ» зьяўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Гэрбэрштэйна. Геаграфічная частка й зьвесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактата аб дзьвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым разьдзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданьняў і нават анекдотаў, не адрозьніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял.

Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыямэтральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемэнт, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (Ігнацы Хшаноўскі). Адзначаецца, што «Хроніка ўсяго сьвету», магчыма, і не стала б прадметам гістарыяграфічнага дасьледаваньня, калі б не дзейнасьць яго сына Яўхіма Бельскага[1].

  1. ^ Паводле: Белазаровіч, С.39.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с — ISBN 985-417-858-7. — С. 38, 39.

Спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хроніка ўсяго сьветусховішча мультымэдыйных матэрыялаў