Стэланціс Славаччыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 48°21′55″ пн. ш. 17°37′59″ у. д. / 48.36528° пн. ш. 17.63306° у. д. / 48.36528; 17.63306

«Стэланціс Славаччыны»
славац. Stellantis Slovakia
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Заснаваная 17 чэрвеня 2003 (20 гадоў таму)
Заснавальнікі «Пэжо»
Уласьнікі «Стэланціс» (Нідэрлянды)
Краіна Славаччына
Разьмяшчэньне Трнава
Адрас Аўтамабільная вул., д. 1[1]
Ключавыя фігуры Марцін Дзама (генэральны дырэктар)
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя легкавік
Абарачэньне 3,785 млрд эўра (2022 год)
Апэрацыйны прыбытак 53,294 млн эўра (2020 год)[2]
Чысты прыбытак 34,314 млн эўра (2022 год)[3]
Лік супрацоўнікаў 3300 (2024 год)
Матчына кампанія «Стэланціс Аўта» (Францыя)
Аўдытар «Мазарс» (Францыя)

«Стэланціс Славаччыны» — аўтамабільны завод на захадзе Славаччыны, заснаваны ў чэрвені 2003 году ў Трнаве пад назвай «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны».

На 2024 год быў найбольшым вытворцам малых легкавікоў у Славаччыне. Вырабляў пераважна хэчбэкі «Сітраэн Ц3». Сэрыйная вытворчасьць дзейнічала зь 2006 году. Аўтазавод наймаў 3300 супрацоўнікаў і забясьпечваў працай праз пастаўнікоў яшчэ 20 000 чалавек у Славаччыне. У 2019 годзе стаў першым заводам холдынгу «Пэжо», які распачаў вытворчасьць акумулятараў для электрамабіляў. Агульны абсяг укладаньняў у завод складаў 1,2 млрд эўра[4].

Вытворчасьць і пастаўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2024 год «Стэланціс Славаччыны» мог выпускаць 62 самаходы за гадзіну, што складала 1395 за содні. Дзялянка аўтазавода складала 1,5 кв.км[5]. Вытворчасьць улучала 4 цэхі: прэсавальны і зварачны (супольная плошча 9 га), лакафарбавы і зборачны (самы масавы паводле ліку супрацоўнікаў). Прэсавальны цэх мог апрацоўваць 66 000 тонаў сталі за год і выкарыстоўваў рулёны па 15—24 тоны. Зь іх выраблялі 3360 частак кузава за гадзіну шляхам 27 удараў за хвіліну. Лазэрную зварку ажыцьцяўлялі 675 робатаў. У лакафарбавым цэху плошчай 2,9 га працавала 400 чалавек. Там 77 робатаў фарбавалі кузавы ў 10 адценьняў. Кожны кузаў знаходзіўся ў гэтым цэху 7 гадзінаў 15 хвілінаў[6].

Зборачны цэх плошчай 9,78 га налічваў 2000 супрацоўнікаў. Зборка аднаго самахода ў ім займала 5 гадзінаў 30 хвілінаў. Дастаўка на вытворчыя лініі складала 3,5 млн частак за дзень. Пасьля зборкі даччынае прадпрыемства вывозіла гатовыя самаходы ў 60 % выпадкаў чыгункай, а таксама цяжкавікамі. Пры гэтым 80 % вырабаў пастаўлялі ў краіны Эўразьвязу, а рэшту ў Японію, Новую Зэляндыю, Эгіпет і краіны Лацінскай Амэрыкі[6].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 студзеня 2003 году францускі аўтахолдынг «Пэжо-Сітраэн» заключыў інвэстыцыйную дамову пра будаўніцтва аўтазавода ў Трнаве[7]. 17 чэрвеня 2003 году холдынг «Пэжо-Сітраэн» распачаў будоўлю завода «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны»[4]. 12 траўня 2005 году заключылі дамову аб падтрымцы тэхнічнай асьветы ў аўтапрамысловасьці. Улетку 2005 году скончылі ўзьвядзеньне будынкаў. У студзені 2006 году запусьцілі досьледную вытворчасьць[7]. У чэрвені 2006 году запусьцілі сэрыйную вытворчасьць легкавіка «Пэжо 207»[4]. 20 сьнежня 2006 году выпусьцілі 50-тысячны самаход «Пэжо 207»[7].

«Сітраэн Ц3 Пікаса» (2010 год)

У сьнежні 2008 году пачалі вытворчасьць хэчбэка «Сітраэн Ц3 Пікаса», які да чэрвеня 2017 году выпускалі толькі ў Славаччыне[4]. 24 лістапада 2011 году вырабілі мільённы самаход[7]. 12 сакавіку 2012 году разгарнулі выпуск «Пэжо 208», якіх да заканчэньня вытворчасьці ў верасьні 2019 году вырабілі 1,275 млн асобнікаў[4]. У траўні 2012 году на заводзе пачалі 3-ю працоўную зьмену. У траўні 2015 году прадукцыйнасьць вырасла да 60 самаходаў за гадзіну. У чэрвені 2016 году на заводзе ў Трнаве вырашылі разьмясьціць вытворчасьць рухавікоў[7].

У верасьні 2016 год дадалі хэчбэк «Сітраэн Ц3», які стаў найбольшым масавым самаходам «Сітраэн». Яго выпуск да 2024 году перасягнуў 1,5 млн асобнікаў[4]. У студзені 2017 году на заводзе ўвялі 4-ю працоўную зьмену. У сьнежні 2018 году выпусьцілі 3-мільённы самаход[7]. У 2019 годзе Трнаўскі аўтазавод стаў 4-м найбольшым вытворчым прадпрыемствам Славаччыны і 3-м найбольшым экспартэрам краіны[5].

У лістападзе 2019 году запусьцілі выраб электрамабіля «Пэжо е-208», які выпускалі да верасьня 2023 году. Дадзены самаход атрымаў узнагароду «Эўрапейскі аўтамабіль 2020 году»[4]. За 2020 год вытворчасьць павялічылі на 5 % да 338 050 самаходаў, зь якіх 33 334 былі электрамабілямі. Пры гэтым выпусьцілі 35 922 акумулятары[5]. У 2020 году выручка прадпрыемства вырасла да 3,445 млрд эўра, а чысты прыбытак упаў да 41,4 млн эўра (2020 год)[2]. У 2021 году новаўтвораны аўтахолдынг «Стэланціс» (Нідэрлянды) пачаў пераабсталяваньне заводу, які ў 2024 годзе пашырыў вытворчасьць да 3-х мадэляў самаходаў, палову выпуску якіх склалі электрамабілі[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (славацк.) // «Стэланціс Славаччыны», 2024 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.
  2. ^ а б Барбара Люкс. Справаздача за 2020 год зь меркаваньнем аўдытара (славацк.) // ТАА «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны», 12 красавіка 2021 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.
  3. ^ ТАА «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны» (славацк.) // Славацкі партал «Фінстат», 2024 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.
  4. ^ а б в г д е ё ж Пра нас (славацк.) // «Стэланціс Славаччыны», 2024 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.
  5. ^ а б в Пра нас (славацк.) // ТАА «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны», 2024 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.
  6. ^ а б Нашая дзейнасьць (славацк.) // ТАА «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны», 2024 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.
  7. ^ а б в г д е Гісторыя Трнаўскага аўтазавода (славацк.) // ТАА «Аўтамабілі Пэжо-Сітраэн Славаччыны», 2024 г. Праверана 21 красавіка 2024 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]