Спрыяльны выпадак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янычар-мушкетэр.

Спрыя́льны вы́падак або Падзе́я[1] (па-турэцку: Vaka-i Hayriye) — гвалтоўнае расфармаваньне старажытнага янычарскага корпусу султанам Махмудам II, якое адбылося 15 чэрвеня 1826 году[2]. Большасьць з 135-тысячнага корпусу янычараў паўсталі супраць Махмуда II, і пасьля таго, як паўстаньне было здушанае, ягоныя правадыры былі забітыя, а многія чальцы іхных сем’яў сасланыя і пасаджаныя ў турмы. Корпус янычараў быў распушчаны і заменены больш сучасным войскам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Янычары ўпершыню былі створаныя асманскімі султанамі. Першапачаткова корпус складаўся з хрысьціянскіх дзяцей, адлучаных ад дому ў малым узросьце, якія былі навернутыя ў іслам і атрымалі строгую вайсковую адукацыю. На працягу XV і XVI стагодзьдзяў яны былі адной з самых падрыхтаваных і найбольш эфэктыўных вайсковых частак Эўропы. Янычары былі вядомыя дзякуючы сваёй дысцыпліне, маральнаму стану і прафэсіяналізму. Яны рэгулярна атрымлівалі плату і чакалі, зьяўляючыся падрыхтаванымі да любой вайсковай апэрацыі[3].

Аднак да пачатку XVI стагодзьдзя янычарскі корпус перастаў функцыянаваць як элітарная вайсковая сіла і пераўтварыўся ў прывілеяваную спадчынную клясу, якая была вызваленая ад спагнаньня падаткаў[4]. Іхная колькасьць нашмат вырасла з 20 тысячаў у 1575 годзе да 135 тысячаў у 1826 годзе[5]. Корпус набыў палітычную моц, маючы права вета на рашэньні ўраду, а таксама быў здольны зрынуць любога султана, які спрабаваў паменшыць іхную магутнасьць. З ростам уплыву корпусу ў яго пачалі ўваходзіць і этнічныя туркі, а першапачатковы мэтад гвалтоўнага залучэньня хлопчыкаў з хрысьціянскіх сем’яў быў адменены.

Калі Махмуд II пачаў фармаваць новае войска і наймаць эўрапейскіх артылерыстаў, янычары паўсталі, бо бачылі ў гэтым спробу падрыву іхных пазыцыяў. Махмуд прадбачыў гэта і заклікаў народ супрацьстаяць корпусу. Паводле зьвестак турэцкіх гісторыкаў, супраць янычараў падняліся вялікія паводле колькасьці сілы, бо доўгі час мясцовыя жыхары ненавідзелі янычараў[6].

У выніку супрацьстаяньня больш за 4 тысячы янычараў былі забітыя ў цяжкіх баях на вуліцах Канстантынопалю, сталіцы Асманскай імпэрыі і цэнтры янычарскага корпусу. Выжылыя альбо ўцяклі, альбо трапілі ў турмы, султан канфіскаваў усе іхныя ўладаньні. Да канца 1826 году захопленыя янычары, якія складалі рэшту часткі былой сілы, былі забітыя ў тэсалёніцкім форце. Лідэры і правадыры янычараў былі забітыя. Ордэн суфіяў брацтва Бэкташы, асноўная інстыцыя янычараў, была забароненая. Ацалелыя янычары заняліся рамяством і гандлем.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Goodwin, Jason (1998). «Lords of the Horizons: A History of the Ottoman Empire». New York: H. Holt. — С. 296—299. — ISBN 0-8050-4081-1.
  2. ^ Kinross, Patrick (1977) «The Ottoman Centuries: The Rise and Fall of the Turkish Empire». London: Perennial. — С. 456—457. — ISBN 978-0-688-08093-8
  3. ^ Cleveland, William L & Martin Bunton (2009). «A History of the Modern Middle East». 4th Edition, Westview Press. — С. 43.
  4. ^ «Army and the military ranks». The Ottomans.
  5. ^ George F. Nafziger (2001). «Historical Dictionary of the Napoleonic Era». Scarecrow Press. — С. 153—154.
  6. ^ «Vaka I Hayriye Hayırlı Olay». Gözlemci.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]