Праская біржа каштоўных папераў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Праская біржа каштоўных папераў»
чэск. Burza cenných papírů Praha
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Прага, Чэхія
Заснаваная 17 красавіка 1871 (153 гады таму)
Уладар «Венская біржа» (Аўстрыя)
Ключавыя асобы Пэтар Кобліч (генэральны дырэктар), Ян Сікора[1]
Валюта чэская крона
Колькасьць лістынгаў 59 (канец 2022 году)
РынКап 16,585 трлн кронаў (канец 2022 году)
Аб'ём 166,17 млрд кронаў (2022 год)[2]
Індэксы 4
Сайт pse.cz

«Праская біржа каштоўных папераў» («ПБКП») — фондавая біржа Чэхіі, заснаваная ў красавіку 1871 году ў якасьці «Праскай біржы тавараў і каштоўных папераў».

На 2023 год мела ва ўласнасьці «Цэнтральны дэпазытарый каштоўных папераў» і «Энэргабіржу Сярэдняй Эўропы». Асноўным пайшчыкам на 99,5% выступала «Венская біржа» (Аўстрыя). Уваходзіла ў Саюз эўрапейскіх фондавых біржаў (Бэльгія). За дзейнасьцю біржы наглядаў Чэскі народны банк[3]. Месьцілася ў Старым Месьце па Рыбнай вуліцы, д. 14[4].

Рынкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год «Праская біржа каштоўных папераў» налічвала 4 рынкі:

  • Пачатковы — для паёў малых прадпрыемстваў Чэхіі і Славаччыны[5], налічваў 13 прадпрыемстваў[6];
  • Вольны — для паёў, аблігацыяў, укладніцкіх пасьведчаньняў, парукаў і біржавых фондаў[7], зьмяшчаў 30 прадпрыемстваў[8];
  • Звычайны — для прадпрыемстваў з грашовымі справаздачамі за папярэднія 3 гады, прынамсі 25% паёў у вольным абарачэньні і рынкавай капіталізацыяй іх выпуску звыш 1 млн эўра[9], налічваў 8 прадпрыемстваў[10];
  • Першасны — для найбольшых прадпрыемстваў з грашовымі справаздачамі за папярэднія 3 гады, прынамсі 25% паёў у вольным абарачэньні і рынкавай капіталізацыяй іх выпуску звыш 1 млн эўра[11], налічваў 8 прадпрыемстваў[12].

Таксама прадавалі аблігацыі банкаў, іншых прадпрыемстваў і ўраду Чэхіі, паі 25 фондаў кваліфікаваных укладальнікаў[13].

Індэксы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год «Праская біржа каштоўных папераў» вылічала 4 індэксы.

  • Праскі біржавы (PX). Узважаны цэнавы індэкс паёў найбольшых прадпрыемстваў. Разьлічваўся ў рэальным часе падчас гандлю. Быў створаны 10 лютага 2014 году. Разьлічваўся зь 9 лютага 2015 году ад вартасьці ў 1000 пунктаў. На 19 траўня 2023 году меў вартасьць 1310,42 пункты[14].
  • Праскі біржавы агульнай даходнасьці (PX-TR). Даходны індэкс паёў прадпрыемстваў і дывідэндаў па іх. Вылічаўся ад пачатковай вартасьці ў 1554,6 пунктаў. На 19 траўня 2023 году меў вартасьць 3041,33 пункты[15].
  • Праскі біржавы чыстай агульнай даходнасьці (PX-TRnet). Даходны індэкс зь пераўкладаньнем дывідэндаў. Вылічаецца з 20 сакавіка 2006 году ад вартасьці ў 1554,6 пунктаў. На 19 траўня 2023 году меў вартасьць 2432,51 пунктаў[16].
  • Праскі сусьветны (PX-Glob). Цэнавы індэкс, які вылічалі на канец дня па выніках гандлю паямі усіх прадпрыемстваў. Заснаваны 10 лютага 2014 году і пачаў разьлічвацца зь 9 лютага 2015 году ад вартасьці ў 1000 пунктаў. На 19 траўня 2023 году меў вартасьць 1658,6 пунктаў[17].

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год на «Праскай біржы каштоўных папераў» мелі права гандляваць Чэскі народны банк і Міністэрства фінансаў Чэхіі, а таксама 17 удзельнікаў біржы: «БХ каштоўныя паперы», «Цырус» (Брно), «Чэская ашчаджальня» (Прага 4), «Чэхаславацкі гандлёвы банк» (Прага 5), «Эквілор Укладаньні» (Вугоршчына), «Эрст-банк» (Аўстрыя), «Фіё-банк», «Банк Якабовіча і Ткача» (Прага 8), «Камэрцыйны банк», «Патрыя фінансы» (Прага 5), «Банк Першага прыватнага фонду» (Прага 6), «Міжнародны Райфайзэн-банк» (Аўстрыя), «Райфайзэнбанк» (Прага 4), гандляр каштоўнымі паперамі «САБ» (Славаччына), «Агульнае таварыства» (Францыя), «Унікрэдытбанк Чэхіі і Славаччыны» (Прага 4), «Ўуд і кампанія»[18].

Сярод удзельнікаў біржы налічвалася 9 рынкаўтваральнікаў, якія ўсталёўвалі цэны каштоўных папераў: «БХ каштоўныя паперы», «Эквілор Укладаньні», «Эрст-банк», «Фіё-банк», «Банк Якабовіча і Ткача», «Патрыя фінансы», «Міжнародны Райфайзэн-банк», гандляр каштоўнымі паперамі «САБ», «Ўуд і кампанія»[19]. Гандаль мелі спыняць пры разьбежцы ў цэнах паёў звыш 10%, а аблігацыяў — звыш 4%[20].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 красавіка 1871 году адбыўся першы сход «Праскай біржы тавараў і каштоўных папераў» у памяшканьні па вуліцы на Рове. Першы біржавы гандаль доўжыўся з 11:30 да 13:00. Адкрыцьцё біржы забясьпечылі падпіскай на 29 870 гульдэнаў ад 389 заснавальнікаў. Сябрамі біржы былі доўгатэрміновыя ўдзельнікі гандлю. Увесну 1872 году адбыўся ўздым цэнаў на каштоўныя паперы. Пасьля гэтага адбыўся абвал, які паглыбіўся праз спад на Венскай біржы. У выніку з пераліку ў гандлі зьнік шэраг каштоўных папераў. У 1920-я гады ўнёсак за права гандлю на біржы складаў 1000 кронаў за год. Заяўнік меў падаць даведкі ад 2-х банкаў або гандлёвых дамоў і зьвесткі пра маёмасьць. У 1920 годзе стварылі «Праскі разьліковы банк». Гэта дазволіла ўвесьці разьлік угодаў для ўстойлівасьці наўпроставага гандлю. Праз гэта ўвялі гандаль вытворнікамі[3].

У сакавіку 1938 году біржа займела ўласную сядзібу. У сакавіку 1939 году пачаўся спад гандлю ў сувязі зь нямецкай акупацыяй Чэхаславаччыны. у 1943 годзе гандаль спыніўся. У 1948 годзе біржу зачынілі[3]. 24 ліпеня 1992 году 12 банкаў і 5 брокерскіх дамоў Чэхаславаччыны заключылі Дамову аб супрацы ва ўтварэньні «Праскай біржы каштоўных папераў». 16 кастрычніка 1992 году Міністэрства фінансаў Чэхіі выдала Пастанову № 102 аб дазволе ладжаньня гандлю каштоўнымі паперамі. 24 лістапада 1992 году прадпрыемства атрымала ўлік у гандлёвым пераліку Мескага суду Прагі[2].

6 красавіка 1993 году Праская біржа аднавіла гандаль дзякуючы дапамозе брокераў зь Ліёнскай біржы і ўраду Францыі. Спачатку яна месьцілася ў арандаваным памяшканьні па вуліцы на Мосьце[3]. 8 кастрычніка 1996 году ТАА «Біржавы пералік каштоўных папераў» пераўтварылі ў АТ «Цэнтральны дэпазытарый каштоўных папераў», адзіным пайшчыкам якога ёсьць «Праская біржа каштоўных папераў». 8 студзеня 2007 году падпісалі Пагадненьне аб заснаваньні «Праскай энэргетычнай біржы», якую 1 ліпеня 2009 году пераўтварылі ў АТ «Энэргетычную біржу Сярэдняй Эўропы» з дазволам ладзіць гандаль таварнымі вытворнікамі ад Чэскага народнага банку. 18 ліпеня 2008 году заснавалі АТ «Энэргаразьліковы контарагент», што атрымала ўлік у гандлёвым пераліку 6 жніўня 2008 году і пачаў гандаль нерухомасьцю і электраэнэргіяй. З пачатку 2014 году «Энэргаразьліковы контарагент» пераняў сродкі зьніклых АТ «Цэнтральны контарагент» і «Цэнтральны разьліковы контарагент». У студзені 2016 году 67% паёў «Энэргетычнай біржы Сярэдняй Эўропы» прадалі «Эўрапейскай энэргетычнай біржы» (Нямеччына). 23 сьнежня 2016 году імянныя паі «Праскай біржы каштоўных папераў» пераўтварылі ў бездакумэнтарныя. Прадпрыемства налічвала 4 пайшчыкі[2].

За 2022 год на біржы разьмясьцілі 110 выпускаў аблігацыяў на 6,96 млрд чэскіх кронаў, 34 выпускі паёў інвэстыцыйных фондаў на 7,332 млрд кронаў і 95 выпускаў парукаў і ўкладніцкіх пасьведчаньняў на 416 млн кронаў. У 2022 годзе выручка «Праскай біржы каштоўных папераў» вырасла да 290,3 млн кронаў, зь якіх 44% прыпала на паслугі для АТ «Цэнтральны дэпазытарый каштоўных папераў», 18% — на разьлікі па каштоўных паперах, 17% — на біржавыя зборы, 15% — на біржавыя апавяшчэньні і 3% — на паслугі для АТ «Энэргабіржа Сярэдняй Эўропы». Апэрацыйны прыбытак павялічыўся да 149,7 млн кронаў, а чысты прыбытак — да 283,7 млн кронаў[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Органы і будова (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  2. ^ а б в г Пэтар Кобліч, Андрэй Дусілек. Справаздача за 2022 год (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 3 сакавіка 2023 г. Праверана 20 траўня 2023 г.
  3. ^ а б в г Пра нас (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 20 траўня 2023 г.
  4. ^ Зьвяжыцеся з намі (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  5. ^ Апісаньне Пачатковага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  6. ^ Паі Пачатковага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  7. ^ Апісаньне Пачатковага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  8. ^ Паі Вольнага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  9. ^ Апісаньне Звычайнага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  10. ^ Паі Звычайнага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  11. ^ Апісаньне Першаснага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  12. ^ Паі Першаснага рынку (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  13. ^ Фонды кваліфікаваных укладальнікаў (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  14. ^ Праскі біржавы індэкс (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 19 траўня 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  15. ^ Праскі біржавы індэкс агульнай даходнасьці (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 19 траўня 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  16. ^ Праскі біржавы індэкс чыстай агульнай даходнасьці (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 19 траўня 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  17. ^ Праскі сусьветны біржавы індэкс (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 19 траўня 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  18. ^ Удзельнікі біржы (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  19. ^ Рынкаўтваральнікі (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.
  20. ^ Умовы гандлю (чэс.) // АТ «Праская біржа каштоўных папераў», 2023 г. Праверана 21 траўня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]