Падатак на ўцёкі з Райху

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пада́так на ўцёкі з Ра́йху (па-нямецку: Reichsfluchtsteuer) — падатак, уведзены 8 сьнежня 1931 году падчас Вялікай дэпрэсіі. 25-адсоткавы падатак накладаўся на эмігранта, калі кошт яго маёмасьці пераўзыходзіў 200 тысячаў райхсмарак ці ж яго гадавы прыбытак перавышаў 20 тысячаў райхсмарак.

Да 1933 году нямецкі бюджэт атрымаў каля 1 млн марак прыбытку ад гэтага падатку. Па меры росту нацысцкага тэрору і павелічэньня патоку эмігрантаў падатак складаў усё больш значную частку прыбыткаў Трэцяга Райху. У 1933 году прыбытак ад падатку склаў 17 мільёнаў райхсмарак, а ў 1938 годзе ён дасягнуў свайго апагею ў памеры 342 мільёнаў райхсмарак. У цэлым даходы ад «падатку на ўцёкі з Райху» за ўвесь пэрыяд яго існаваньня склалі 941 млн райхсмарак. Да 90% падатковых паступленьняў складаў падатак на людзей, што пакідалі Нямеччыну з-за перасьледу расісцкага характару (у асноўным жыдоў).

Калі да канца Ваймарскай рэспублікі мэтай падатку было прадухіленьне эміграцыі заможных прадпрымальнікаў зь Нямеччыны, то пры нацыстах, наадварот, мяжа падаткаабкладаньня была зьніжаная, каб ахапіць максымальна высокую колькасьць тых, хто выяжджае. Пры гэтым аж да адкрытай забароны жыдам на эміграцыю ў кастрычніку 1941 году нацысты заахвочвалі эміграцыю габрэяў пры ўмове выплаты імі падатку. Цяжар падатку пагаршаўся нявыгадным абменным курсам, які ўжываў Райхсбанк у адносінах да сродкаў на вываз, якія заставаліся пасьля сплаты падатку.

«Падатак на ўцёкі з Райху», які аплаціла Мары Банапарт, дазволіў Зыгмунду Фройду выехаць у чэрвені 1938 году зь Вены у Ангельшчыну.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Martin Friedenberger et al. (Pub.): Die Reichsfinanzverwaltung im Nationalsozialismus. Bremen 2002, ISBN 3-86108-377-9.
  • Martin Friedenberger: Fiskalische Ausplünderung. Berlin 2008, ISBN 978-3-938690-86-4.
  • Dorothee Mußgnug: Die Reichsfluchtsteuer 1931—1953. Berlin 1993, ISBN 3-428-07604-4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]