Менскі маргарынавы завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°54′22″ пн. ш. 27°35′46″ у. д. / 53.90611° пн. ш. 27.59611° у. д. / 53.90611; 27.59611

«Менскі маргарынавы завод»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 14 верасьня 1946 (77 гадоў таму)
Уласьнікі «Белдзяржхарчпрам» (94%)[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Першамайскі раён, вул. Казлова, д. 27
Ключавыя фігуры Андрэй Ганчароў (дырэктар), Зьміцер Кашнікаў (намесьнік па камэрцыі)[2]
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя алей, гарчыца, кетчуп, маргарын, маянэз, соўс, спрэд
Абарачэньне 75,897 млн рублёў (2021 год; 29,785 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 10,775 млн рублёў (2021 год; 4,228 млн $)
Чысты прыбытак 8,137 млн рублёў (2021 год; 3,193 млн $)[3]
Лік супрацоўнікаў 381 (2022 год)
Матчына кампанія «Белдзяржхарчпрам»
Даччыныя кампаніі Асацыяцыя «БелАлейТлушчПрам» (17%)
Аўдытар «ААБ Кансалт»[1]

«Менскі маргарынавы завод» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1946 году.

На 2022 год быў найбуйнейшым алейнатлушчавым заводам Беларусі. Вырабляў алей, гарчыцу, кетчуп, маргарын, маянэз, соўс, кандытарскі тлушч і хрэн пад таварным знакам «Залатая кропля». Штодня вытворчасьць перавышала 130 тонаў вырабаў паводле 80 найменьняў[4].

Вырабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год «Менскі маргарынавы завод» выпускаў пад таварным знакам «Залатая кропля»:

  • 6 найменьняў алею ў плястыкавых пляшках па 850 мілілітраў і 4,9 літры з тэрмінам прыдатнасьці 12 месяцаў, у тым ліку рафінаваны і нерафінаваны сланечнікавы, а таксама рафінаваныя рапсавы, рапсава-сланечнікавы, сланечнікава-аліўкавы і сланечнікава-кукурузны[5];
  • 3 найменьні гарчыцы ў шкляных слоіках па 170 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 5 месяцаў[6];
  • замяняльнік малочнага тлушчу тлустасьцю 99 % у палімэрных мяшках па 20 кг і з тэрмінам прыдатнасьці 12 месяцаў
  • 5 найменьняў кетчупу ў пакунках ад 250 да 500 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 12 месяцаў[7];
  • 8 найменьняў маргарыну ў пакунках па 230 грамаў або ў палімэрных мяшках па 20 кг з тэрмінам прыдатнасьці ад 45 да 360 дзён[8];
  • 6 найменьняў маянэзу «Правансаль» тлустасьцю ад 20 да 67 % у пакунках ад 180 да 900 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці ад 60 да 120 дзён[9];
  • 3 найменьні маянэзнага соўсу ў пакунках па 230 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 120 дзён[10];
  • расьлінна-тлушчавы спрэд у пакунку па 200 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 90 дзён[11];
  • 5 найменьняў кандытарскага тлушчу тлустасьцю 98 % у плястыкавых бутэльках па 4,9 літры і палімэрных мяшках на 20 кг з тэрмінам прыдатнасьці ад 12 месяцаў да 450 дзён, калі з супрацьакісьляльнікам[12];
  • 2 найменьні «Беларускага» сталовага хрэну ў шкляных слоіках па 170 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці ад 3-х да 4-х месяцаў[13];
  • змазку для формаў у плястыкавых пляшках па 4,9 літры і з тэрмінам прыдатнасьці 18 месяцаў[14].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

14 верасьня 1946 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову аб заснаваньні «Менскага маргарынавага заводу». 17 красавіка 1951 году на прадпрыемстве вырабілі першы маргарын. У 1952 годзе вытворчасьць маргарыну дасягнула 8000 тонаў. У 1953 годзе запусьцілі маянэзны цэх. У 1970 годзе закупілі ангельскую аўтаматызаваную лінію вытворчасьці маргарыну ў дробнай расфасоўцы і бэльгійскую лінію безупыннай дэзадарацыі алею. У той год вырабілі 2500 тонаў маргарыну і 2300 тонаў маянэзу ў дробных пакунках. За 1970—1980 гады вытворчасьць маргарыну вырасла з 25 400 да 51 000 тонаў за год, а вытворчасьць маянэзу ўзрасла ў 2,4 разы. У 1990 годзе выпусьцілі 53 000 тонаў маргарыну і 4500 маянэзу 18 найменьняў[4].

30 сьнежня 1993 году завод пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства. Пасьля гэтага завод пераабсталявалі за кошт укладаньняў ад прадпрыемстваў Вугоршчыны, у тым ліку ўзьвялі 4-павярховы вытворчы корпус, халадзільны склад, падстанцыю, кампрэсарную халадзільню і водаачышчальныя збудаваньні. У 1996 годзе пачалі вырабляць рапсавы алей у плястыкавых пляшках. Пасьля 1998 годзе доля ўраду Беларусі ў «ММЗ» вырасла да 82 %. На 1999 год вытворчая магутнасьць складала 33 000 тонаў маргарыну і 9500 тонаў маянэзу за год. Сярод іншага выраблялі рапсавы і сланечнікавы алей, у тым ліку рафінаваны і нерафінаваны, а таксама кулінарны тлушч[15]. У 1999 годзе маянэз сталі расфасоўваць у поліэтыленавую плёнку і ўкаранілі лінію вытворчасьці маргарыну ў блёках па 20 кг прадукцыйнасьцю 30 тонаў за зьмену. У 2000 годзе вырабілі 5700 тонаў маргарыну і 5300 тонаў маянэзу. У 2003 годзе ўкаранілі вымарожваньне алею. У 2006 годзе набылі лінію разьліву алею прадукцыйнасьцю да 3000 пляшак за гадзіну. Таксама ў вытворчасьць дадалі аўтамат выдзіманьня плястыкавых пляшак[4].

У 2011 годзе ўсталявалі нямецкую лінію безупыннага рафінаваньня і ахалоджваньня тлушчу, пасьля чаго пачалі выпуск гарчыцы і хрэну ў шкляных слоіках, а таксама кетчупу. Таксама запусьцілі вытворчасьць сланечнікава-аліўкавага, сланечнікава-кукурузнага і рапсава-сланечнікавага алею[4]. У 2015 годзе вырабілі 7400 тонаў маргарыну, 6300 тонаў маянэзу, 3600 тонаў алею і 600 тонаў спрэду. У Беларусі прадалі 95 % вырабаў, а рэшту — у Расеі. Пры гэтым, 73 % вырабаў паставілі спажыўцам, а рэшту — харчовым прадпрыемствам. На «Менскі маргарынавы завод» прыпала 38 % беларускага рынку маргарыну і 27 % рынку маянэзу. Вытворчая магутнасьць прадпрыемства складала 13 700 тонаў маргарыну, 11 300 тонаў маянэзу і 7100 алею за год. У 2016 годзе запусьцілі лінію безупыннага дэзадараваньня алею з парагенэратарам высокага ціску. За 2021 год 38 % вытворчасьці склаў маргарын, 33 % — маянэз і 24 % — алей[1]. За мяжу вырабы пастаўлялі ў 6 краінаў Азіі — Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Кітай, Саудаўскую Арабію і Сынгапур, а таксама ў 9 краінаў Эўропы — Данію, Латвію, Летуву, Нідэрлянды, Польшчу, Расею, Сэрбію, Украіну і Эстонію[16].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в А.А. Ганчароў, А.М. Рында. Зьвесткі пра дзейнасьць за 2021 год (рас.) // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 31 сакавіка 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ Кантакты // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ А.А. Ганчароў, А.М. Рында. Справаздача аб прыбытках за 2021 год (рас.) // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 31 сакавіка 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ а б в г Пра кампанію // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ Алей // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  6. ^ Гарчыца // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  7. ^ Кетчуп // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  8. ^ Маргарын // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  9. ^ Маянэз // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  10. ^ Соўс // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  11. ^ Спрэд // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  12. ^ Кандытарскі і кулінарны тлушч // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  13. ^ Хрэн // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  14. ^ Іншая прадукцыя // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  15. ^ Мінскі маргарынавы завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — С. 444. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  16. ^ Афіцыйны сайт // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Звароты // ААТ «Менскі маргарынавы завод», 2022 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.