Крыж Свабоды (Эстонія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Крыж Свабоды
Арыгінальная назва па-эстонску: Vabadusrist
Краіна Эстонія Эстонія
Тып вайсковая ўзнагарода
Падставы ўзнагароджаньня прызнаньне заслугаў у часе Вайны за незалежнасьць
Статус не ўручаецца
Статыстыка
Дата заснаваньня 24 лютага 1919 (105 гадоў таму)
Першае ўзнагароджаньне 2 жніўня 1919
Апошняе ўзнагароджаньне 19 чэрвеня 1925 (98 гадоў таму)
Колькасьць 3130
Чарговасьць
Старэйшая ўзнагарода няма
Малодшая ўзнагарода Ордэн крыжа зямлі Марыі
Адпавядае Ордэн Дзяржаўнага гербу

Крыж Свабо́ды (па-эстонску: Vabadusrist, скарочана VR) — вайсковая ўзнагарода Эстонскай рэспублікі, заснаваная ў 1-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці 24 лютага 1919 року. Надаваўся за заслугі ў барацьбе за незалежнасьць і свабоду[1].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ордэн мае тры катэгорыі:

  • за баявыя заслугі;
  • за асабістую адвагу;
  • за цывільныя заслугі.

У кожнай з катэгорый уручаліся I, II і III ступені.

Дызайн ордэна распрацаваў Пэет Арэн(d), спалучыўшы крыж(d) Вялікіх магістраў Тэўтонскага ордэну з выявай рукі, прысутнай на фінскім крыжы Свабоды(d) (герб Карэліі(d)). Кожная з трох ступеняў крыжаў Свабоды мае вышыню 36 мм і шырыню 30 мм; другая ступень — 39 мм і 34 мм; першая — 45 і 39 мм адпаведна.

Крыжы адрозьніваюцца памерам, колерам, стужкай і спосабам нашэньня. У аздабленьні ўжытыя спалучэньні нацыянальных колераў (блакітны, чорны ды белы). Толькі ў цэнтры ўсіх ордэнаў II катэгорыі — чырвоны мэдальён, колер якое сымбалізуе пралітую кроў.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыж заснаваны пастановай Часовага ўраду Канстантына Пятса 24 лютага 1919 року. Пачаткова яго ўручалі за заслугі ў Вызвольнай вайне. Вынятак зроблены для 10 узнагароджаных за здушэньне спробы камуністычнага перавароту 1 сьнежня 1924 року(d).

Першае ўручэньне адбылося 2 жніўня 1919 року: ордэны атрымалі 7 вайскоўцаў ЗША.

Агулам уручаныя 3225 крыжаў Свабоды. Некаторыя асобы ўзнагароджаныя некалькімі ступенямі ордэнаў, таму колькасьць рыцараў ордэна крыху меншая — 3130 чалавек. Акрамя таго, ордэнамі ўзнагароджаныя францускае места Вэрдэн, а таксама брытанскі, італьянскі ды францускі Невядомыя жаўнеры. Акрамя грамадзянаў Эстоніі, крыжы Свабоды атрымалі 1050 прадстаўнікоў 17 дзяржаваў, у тым ліку кароль Бэльгіі Альбэрт I, кароль Даніі Крысьціян X, кароль Вялікабрытаніі Георг V, прэм’ер-міністар Італіі Бэніта Мусаліні. Некаторыя замежнікі, прыкладам Ўінстан Чэрчыль, адмовіліся прымаць узнагароду.

Крыж II катэгорыі (за асабістую адвагу) I ступені ніколі не ўручаўся.

Разам з ордэнам ляўрэат атрымліваў грашовае ўзнагароджаньне, а нярэдка таксама бяскоштную зямлю і вызваленьне ад аплаты за навучаньне. Пазьней дадаліся яшчэ прывілеі пры ўладкаваньні на дзяржаўную працу. Гэта была адзіная эстонская ўзнагарода, якая давала рыцару ордэна і прадстаўнікам ягонай сям’і падобныя прывілеі.

19 чэрвеня 1925 року парлямэнт Эстоніі пастанавіў болей не ўручаць ордэн, хоць ён дагэтуль лічыцца дзяржаўнай узнагародай. У выпадку вайсковага канфлікту, які пагражацьме незалежнасьці Эстоніі, прадугледжанае ўзнаўленьне ўручэньня.

Пасьля ўводу ў Эстонію савецкіх войскаў вайсковы міністар і галоўнакамандуючы 26 ліпеня 1940 року загадалі ўласьнікам узнагароды не апранаць яе. Пад нямецкай акупацыяй нашэньне ордэна было дазволенае.

У 2009 року ў Таліне адкрытая калёна Перамогі ў вайне за незалежнасьць, зробленая паводле дызайну Крыжа Свабоды.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Vabaduse Risti Vendadele oma lipp. Päevaleht, 30. mai 1939, nr 144, lk 6.
  • Vabaduse Risti kandmise õigus tagasi. Uus Eesti, 26. juuni 1939, nr 169, lk 7.
  • Eesti Vabadusristi kavalerid. Koostajad: August Traksmaa, Voldemar Päts, Artur Laats, Juhan Toomsar, Paul Villemi, Hengo Tulnola. Vabadusristi Vendade Ühendus. 1935

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]