Карошчын
Карошчын | |
польск. Koroszczyn | |
Сядзіба | |
Першыя згадкі: | XV стагодзьдзе |
Краіна: | Польшча |
Ваяводзтва: | Люблінскае |
Павет: | Бельскі |
Гміна: | Тэрэспаль |
Вышыня: | 131 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 594[1] чал. (2011) |
Часавы пас: | UTC+1 |
летні час: | UTC+2 |
Тэлефонны код: | +48 83 |
Паштовы індэкс: | 21-550 |
Нумарны знак: | LBI |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°2′0″ пн. ш. 23°32′0″ у. д. / 52.03333° пн. ш. 23.53333° у. д.Каардынаты: 52°2′0″ пн. ш. 23°32′0″ у. д. / 52.03333° пн. ш. 23.53333° у. д. |
Карошчын | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Каро́шчын — вёска ў гміне Тэрэспаль Бельскага павету Люблінскага ваяводзтва ў Польшчы на мяжы зь Беларусьсю. Празь вёску праплывае рака Чапэлька — правы прыток Кшны, якая ўпадае ў Буг.
З 1975 да 1998 году вёска Карошчын знаходзілася ў складзе Белападляскага ваяводзтва.
Паводле ўсеагульнага перапісу насельніцтва ў Польшчы ў 2011 годзе налічвала 594 жыхары і была другой паводле колькасьці насельніцтва мясцовасьцю ў гміне Тэрэспаль.
У Карошчыне знаходзіцца аўтатэрмінал на найважнейшай камунікацыйнай магістралі Эўропы: Бэрлін — Варшава — Менск — Масква.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першыя згадкі датычаць пачатку XV стагодзьдзя. Карошчына («Корощино») знаходзілася ў прыватнай уласнасьці Яцка і Міхны Талюшкавічаў, уладальнікаў вёсак Даўгаброды і Ганна. Іх нашчадкі прадалі вёску троцкаму ваяводу Рыгору Осьціку. Ягоны сын, таксама Рыгор, у 1525 г. прадаў вёску Багдану Львовічу Багавіцінавічу. Пасьля яго вёску ўспадкавала дачка Марына, якая праз шлюб з уцекачом з Масквы князем Іванам Шуйскім унесла Карошчын яму ў пасаг. Да канца XVIII стагодзьдзя Карошчын разам з фальваркамі Карошчын і Самовічы належаў літоўскай галіне роду Шуйскіх. Наступным уладальнікам Карошчына стаў Лапускі, а пасьля яго сьмерці — дачка, якая выйшла замуж за банкіра Боцьку з Кракава. У 1836 г. Карошчын выкупілі ў яго Кучынскія, якія заставаліся ўладальнікамі да 1944 году.
У сярэдзіне XIX стагодзьдзя архітэктар італьянскага паходжаньня Генрык Марконі збудаваў на замову ўладальніка Карошчына Францішка Юрыя Кучынскага сядзібна-палацавы комплекс.
Князь Пётра Шуйскі ў 1572 г. фундаваў у Карошчыне царкву. У часы Уніі яна была ўніяцкай. У 1778 г. царкву рэстаўравалі.
У XVIII стагодзьдзі ва ўніяцкай царкве ў Карошчыне Берасьцейскага павету служылі наступныя сьвятары:
- а. Адам Івацэвіч (Iwacewicz Adam) служыў сьвятаром у царкве в. Карошчын Берасьцейскага павету ў пэрыяд 24.12.1714 — 28.03.1757. Прэзэнтаваны для служэньня ў царкву берасьцейскім харужым Дамінікам Шуйскім 10.10.1714. Высьвячаны на сьвятара і інсталяваны (уведзены на пасаду) мітрапалітам Львом Кішкам 24.12.1714.
- а. Мацей Клышынскі (Klyszynski Maciey) — сьвятар царквы ў в. Нэплі Берасьцейскага павету, які быў высьвячаны на сьвятара мітрапалітам Л. Кішкам 29.06.1728, быў прызначаны адміністратарам парафіі ў в. Карошчын 02.04.1759.
- З 1771 г. сьвятаром у в. Карошчын Берасьцейскага павету служыў а. Андрэй Такарэўскі (Tokare(w)ski Andrzey). Прэзентаваны на служэньне жонкай загальскага старосты Бальбінай Шуйскай. Высьвячаны на сьвятара дапаможным біскупам Берасьцейскім Антанінам Младоўскім у 1771 годзе. Пра яго за два гады яго сьвятарскага служэньня ў царкве в. Карошчын сказана: «Працуе як належыць, без заўваг».
- У пэрыяд з 10.1783 па 03.1794 сьвятаром царквы ў в. Карошчын быў а. Андрэй Татурскі (Toturski Andrzey (Jędrzey)). Ад 10.1786 гэты сьвятар з царквы ў Карошчыне зьяўляўся таксама берасьцейскім віцэ-дэканам і інструктарам.
- Сьвятаром у гэтай царкве ў пэрыяд 03.1794—1811 быў а. Юстын сын Васіля Будзіловіч (Budziłowicz Justyn), нарадзіўся 06.1770, ахрышчаны ў царкве в. Мурава Берасьцейскага павету. Яго бацькам быў сьвятар царквы в. Мурава Берасьцейскага павету а. Васіль Будзіловіч (Budziłowicz Bazyli).
У 1883 годзе насельніцтва Карошчына складала 850 жыхароў.
Паводле генэральнага пляну разьвіцьця крэпасьці ў Берасьці Літоўскім, які быў зацьверджаны расейскім Генштабам у 1912 годзе, сярод 11 новых фортаў на адлегласьці 6—7 км вакол крэпасьці быў створаны і форт літары «О» у Карошчыне. Форт «Карошчын» быў збудаваны ў 1911—14 гг. на плоскім узгорку на захад ад вёскі.
Перад пачаткам 1-й Сусьветнай вайны старую ўніяцкую царкву ў Карошчыне разабралі, і на ейным месцы пачалі будаваць новую ў гонар Раства Багародзіцы. Аднак яна верагодна згарэла разам зь іншымі драўлянымі пабудовамі вёскі, якую падпалілі пры адступленьні казакі паводле загаду расейскай улады.
У 1943 г. у Карошчыне жылі 422 украінцы і 375 палякаў. Пасьля 1944 г. частка жыхароў вёскі дабраахвотна выехала ў СССР. Паводле загаду камуністычных уладаў Польшчы 26 чэрвеня, 30 чэрвеня і 1 ліпеня 1947 г. у рамках акцыі «Вісла» Войска Польскае дэпартавала з Карошчына ў Альштынскае ваяводзтва 212 мясцовых украінцаў.
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Фёдар Панькоўскі — палкоўнік арміі УНР
Аўтатэрмінал Карошчын[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тэрыторыя аўтатэрміналу «Карошчын» займае агулам плошчу ў 46,6 га і знаходзіцца за 4 км ад аўтамабільнага пагранічнага пункта пропуску Рэспубліка Польшча — Рэспубліка Беларусь ў Кукурыках. Уся тэрыторыя акружаная з поўначы — дарогай № 812, а з поўдня — праектаванай аўтастрадай А-2. Разам з ахоўванай і асьветленай мытнай дарогай тэрмінал утварае тэрыторыю аўтапераходу Кукурыкі — Казловічы.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Koroszczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. — S. 421
- Apokryf Ruski — Koroszczyn
- Terminal samochodowy(недаступная спасылка)