Зьміцер Матусевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьміцер Матусевіч
3-і старшыня Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі
4 чэрвеня 2020 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Раман Галоўчанка
Папярэднік: Андрэй Гаеў
Намесьнік міністра эканомікі Беларусі
кастрычнік 2017 — 4 чэрвеня 2020
Прэм’ер-міністар: Сяргей Румас, Андрэй Кабякоў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 18 кастрычніка 1978 (45 гадоў таму)
Маладэчна, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Сужэнец: жанаты
Дзеці: 2 дачкі
Бацька: Феафан Матусевіч
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт (2001), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (2010)

Зьмі́цер Феафа́навіч Матусе́віч[2][3] (нар. 1978, Маладэчна, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Беларусі.

Трэці старшыня Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі (ад 4 чэрвеня 2020 году). Намесьнік міністра эканомікі Беларусі (2017—2020).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт (БДТУ), які скончыў 2001 годзе. У 2001—2004 годзе праходзіў падрыхтоўку ў асьпірантуры на катэдры эканомікі прыродакарыстаньня і мэнэджмэнту БДТУ, дзе працаваў інжынэрам дзяржаўна-бюджэтнай тэматыкі. У 2004—2007 гадох працаваў асыстэнтам на той самай катэдры БДТУ. У 2007 годзе працаўладкаваўся ў Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі на пасаду галоўнага эканаміста аддзелу плянаваньня і фінансаваньня. У 2009—2010 гадох працаваў кансультантам управы эканомікі і інвэстыцыяў Мінлясгасу Беларусі. У 2010 годзе перайшоў у Міністэрства эканомікі Беларусі на пасаду намесьніка начальніка ўправы ляснога комплексу. У 2012—2013 гадах працаваў галоўным дарадцам аддзелу аховы здароўя ў Апараце Савету міністраў Беларусі. У 2013—2014 гадох — галоўны дарадца ўправы аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны Апарату Савету міністраў Беларусі[4].

У траўні 2014 году ўладкаваўся на прадпрыемства «Белмэдпрэпараты» намесьнікам начальніка аддзелу капітальнага будаўніцтва. У жніўні 2014 году вярнуўся ў Мінэканомікі Беларусі на пасаду начальніка ўправы ляснога комплексу. У лютым 2015-га стаў начальнікам управы ляснога комплексу і навакольнага асяродзьдзя Мінэканомікі. У 2015—2016 гадох — начальнік галоўнай управы аграпрамысловага і ляснога комплексаў, навакольнага асяродзьдзя Міністэрства эканомікі[4]. 4 ліпеня 2016 году паведаміў, што кандытарская фабрыка «Камунарка» ашчадзіла каля 120 000 эўра за год ў рамках праграмы «Экалягізацыя эканомікі ў краінах Усходняга партнэрства». Дарадцы выявілі крыніцу скіду салодкай вады, якую скарысталі для вытворчасьці мармэляду. Адпаведная праграма ахоплівала некалькі прадпрыемстваў Беларусі і завяршалася ў верасьні, але мела працягнуцца ў наступным годзе[5].

У 2016—2017 гадох быў начальнікам галоўнай управы эканомікі прыродных комплексаў Мінэканомікі Беларусі[4]. 16 студзеня 2017 году паведаміў, што Нацыянальны плян дзеяньняў па разьвіцьці зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь да 2020 году, які Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастановай у сьнежні, зьмяшчае 40 мерапрыемстваў. Дадзены плян прадугледжваў мінімальнае выкарыстаньне сродкаў бюджэту Беларусі. У асноўным меркавалі скарыстаць сродкі прадпрыемстваў, замежную тэхнічную дапамогу і пазыкі замежных банкаў. Асноўнымі кірункамі Пляну былі: разьвіцьцё інфраструктуры электратранспарту, будаўніцтва энэргаашчаднага жытла, зьніжэньне энэргаёмістасьці сукупнага ўнутранага прадукту (СУП), павышэньне выкарыстаньня ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі, стварэньне ўмоваў для вытворчасьці арганічных вырабаў, устойлівае спажываньне і вытворчасьць, разьвіцьцё экалягічнага турызму[6]. У верасьні 2017 году заняў пасаду начальніка галоўнай управы ўстойлівага разьвіцьця Мінэканомікі[4].

Намесьнік міністра эканомікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 2017 году заняў пасаду намесьніка міністра эканомікі Беларусі і заявіў: «Магчымасьць камандна-рэгулятарных дзеяньняў інвэстарамі ўспрымаецца як стабільнасьць і магчымасьць захаваньня капіталу»[2]. 13 лістапада 2017 году на Міжнародным форуме да 7-га Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва заявіў пра распрацоўку Стратэгіі разьвіцьця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, што прадугледжвала стварэньне Агенцтва разьвіцьця прадпрымальніцтва[7]. 28 сьнежня 2017 году ў Віцебску распавёў, што зь 2005 году ў Беларусі правялі 37 рэформаў з улікам парадаў Сусьветнага банку (ЗША), што зрабіла краіну 5-й у сьвеце паводле ліку праведзеных рэформаў у галіне прадпрымальніцтва. У выніку ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» Беларусь узьнялася на 38-е месца сярод 190 краінаў. Пры гэтым за год індывідуальныя прадпрымальнікі прыцягнулі да занятасьці 46 900 чалавек. Разам з тым, 30 % ІП знаходзілася ў Менску, як і 38 % малых прадпрыемстваў. Такія прадпрыемствы стваралі звыш 1/4 валавай дададзенай вартасьці ў Беларусі. На 1 кастрычніка 2017 году ў Беларусі дзейнічала 93 цэнтры і 24 інкубатары малога прадпрымальніцтва. Матусевіч таксама адзначыў, што зь 2011 году 4-кратна вырасла колькасьць рамесьнікаў, звыш 75 % якіх знаходзілася ў абласьцях. Ён паведаміў, што Беларускі фонд падтрымкі прадпрымальнікаў забясьпечваў ільготныя пазыкі пад 7 % гадавых для малых прадпрыемстваў, якія ня мелі забесьпячэньня закладу. Сярод іншага, намесьнік міністра паведаміў: «Міністэрства эканомікі правяло работу, урад ухваліў пазыку Сусьветнага банку з працэнтнымі стаўкамі для бізнэсу 5—7 %. Доступ да фінансаваньня дазваляе малому і сярэдняму бізнэсу павялічыць абароты»[8].

16 сакавіка 2018 году паведаміў: «У Праграме сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016—2020 гады прапісана, што адным з прыярытэтных напрамкаў разьвіцьця Беларусі ёсьць ўкараненьне ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве фінансавых інструмэнтаў падтрымкі зялёнай эканомікі — гэта зялёныя аблігацыі, банкаўскае праектнае фінансаваньне, стварэньне банка зялёных інвэстыцыяў»[9]. 17 кастрычніка 2018 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастановай № 743 стратэгію «Беларусь — краіна пасьпяховага прадпрымальніцтва» да 2030 году. 18 кастрычніка з гэтай нагоды Матусевіч заўважыў, што стратэгія прадугледжвала давядзеньне долі малых прадпрыемстваў у агульным абсягу валавай дададзенай вартасьці да 50 %[10].

16 ліпеня 2019 году паведаміў пра накіраваньне праекту ўказу аб ліцэнзаваньні на ўзгадненьне ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі. Матусевіч удакладніў, што праект скіраваны на зьніжэньне ліцэнзійных патрабаваньняў: «Важным ёсьць адмена строгага патрабаваньня да пратэрміноўкі праходжаньня тэхагляду як умовы, па якой кампанію могуць пазбавіць ліцэнзіі. Мы бачым у гэтым страту экспартных паслуг». Таксама ён згадаў праект указу аб адміністрацыйных працэдурах: «Праект указу дапрацаваны, ён узгоднены на ўзроўні ўраду з усімі міністэрствамі. Цяпер знаходзіцца на ўзгадненьні так званай вялікай пяцёркі, у якую ўваходзяць у тым ліку Камітэт дзяржаўнага кантролю, Вярхоўны суд, Генэральная пракуратура»[11]. 12 сьнежня на 9-м Форуме польскіх інвэстараў Зьміцер Матусевіч заявіў, што польскія ўкладаньні ў Беларусі склалі каля 500 млн даляраў: «Гэта ўжо накопленыя валавыя інвэстыцыі ў Беларусі польскіх кампаніяў. Іх каля 350. Таму мы бачым, што тут яшчэ таксама ёсьць патэнцыял, але ўжо зараз гэта 4-ы паказчык з усіх нашых гандлёвых партнэраў»[3].

6 траўня 2020 году як нацыянальны каардынатар праекту «Малыя гарады» Праграмы разьвіцьця ААН заявіў, што за тры гады стварылі цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва ў Крычаве, Амсьціславе, Чавусах, Горках, Барані (Аршанскі раён) і Глыбокім. За час сваёй працы цэнтры дапамаглі стварыць 58 новых прадпрыемстваў. Звыш 3000 чалавек прайшлі навучаньне маркетынгу і франчайзінгу. Бюджэт праекту склаў 1,2 млн даляраў. Банк разьвіцьця Беларусі дадаткова вылучыў 5,8 млн $ для 140 малых прадпрыемстваў Віцебскай і Магілёўскай абласьцей[12].

Старшыня Дзяржкамітэту па маёмасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 чэрвеня 2020 году А. Лукашэнка прызначыў Матусевіча старшынём Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі пры ўтварэньні ўраду Рамана Галоўчанкі[13]. 15 ліпеня 2020 году сумеснай Пастановай Ураду і Нацыянальнага банку Беларусі № 419/15 быў прызначаны прадстаўніком дзяржавы ў «Белінвэстбанку» і «Прыёрбанку»[14]. 7 кастрычніка прадставіў намесьніку старшыні Ўраду Беларусі Аляксандру Субоціну электронную геадэзічную сыстэму для руху тэхнікі пры ажыцьцяўленьні дакладнага земляробства: «Мы можам удзельнічаць у кантролі за ўнясеньнем мінэральных угнаеньняў. Зь бесьпілётнікаў гэта вельмі бачна здалёк. І гэта павышае празрыстасьць такога віду дзейнасьці. Акрамя таго, безумоўна дае значны эканамічны эфэкт — да 30 %, асабліва ў буйных гаспадарках». Таксама паведаміў пра намер стварыць нацыянальны геапартал прасторавых дадзеных і дадаў: «Ёсьць ужытковыя, эканамічна накіраваныя рэчы, пра якія мы запрасілі пагаварыць калег зь Мінпрыроды, Мінлясгасу, Мінсельгасхарчу, Мінтранспарту. Зь Міністэрствам лясной гаспадаркі працавалі сумесна над геаінфармацыйным парталам зямельных рэсурсаў і на гэтай аснове ў іх ужо ёсьць усе прасторавыя дадзеныя. На базе гэтай сыстэмы можна распрацоўваць ужытковыя праграмы для патрэбаў лесьнікоў, лесакарыстальнікаў, кантралюючых органаў». Ён адзначыў, што навігацыйная мапа Беларусі, напрацаваная ў Дзяржкамітэце па маёмасьці, прыдасца для бесьпілётнага транспарту і заявіў пра рост ліку яе карыстальнікаў сярод дзяржаўных і прыватных установаў. Урэшце, Матусевіч заўважыў: «Мы паказалі сябе добрай дзяржаўнай ІТ-кампаніяй. У прыватнасьці, кадастравае агенцтва і „Белдзіпразем“. І мэта гэтага мерапрыемства — прэзэнтаваць напрацоўкі і ўпакаваць па магчымасьці іх у дзяржаўныя галіновыя праграмы наступнай пяцігодкі»[15]. Пры гэтым ён анансаваў перавод адрасоў у лічбавы выгляд да 1 сьнежня. У сваю чаргу гэта дазваляла 1 студзеня запусьціць Беларускую інтэграваную сэрвісна-разьліковую сыстэму, што давала доступ да зьвестак аб прапісцы на падставе ідэнтыфікацыйных картак[16].

19 лютага 2021 году заявіў: «Летась на падставе землеўпарадкавальных матэрыялаў мясцовымі і распарадчымі органамі на аўкцыёнах рэалізаваны 1731 зямельны ўчастак на суму 57,7 млн рублёў. Акрамя таго, сфармаваныя 83 зямельныя ўчасткі для разьмяшчэньня аб’ектаў дзяржаўнай нерухомай маёмасьці, якія падлягаюць продажу»[17]. Пры гэтым у дзяржаўнай уласнасьці знаходзіліся будынкі, збудаваньні і памяшканьні агульнай плошчай 120,9 млн кв.м (120,9 кв.км). Матусевіч асобна спыніўся на скарачэньні ліку 2059 нявыкарыстаных дзяржаўных збудаваньняў: «Найбольшая колькасьць аб’ектаў набыта на аўкцыёнах з пачатковай цаной, роўнай адной базавай велічыні. Так, у 2020 годзе на такіх аўкцыёнах рэалізавана 219 аб’ектаў (39,4 % ад прададзеных). У цэлым па годзе палепшаныя паказчыкі па колькасьці прададзеных аб’ектаў — 43,2 % (у 2019-м — 39,6 %), па зносе — 98 % (летась — 94,9 %)». 21 лютага 2020 году абнавілі адзіную інфармацыйную базу невыкарыстоўваемай дзяржаўнай уласнасьці, што ўлучыла звыш 6000 будынкаў і зямельных дзялянак, якія прапаноўвалі да продажу і здачы ў наём. Гаспадарчыя таварыствы ўлучылі ў абарот і зьнесьлі 728 (49,6 %) з 1469 занядбаных будынкаў, што было на 6,6 % больш за ўзровень 2019 году. Арандатарам прадалі 129 будынкаў[18]. 21 лютага паведаміў на «Сталічным тэлебачаньні» пра ўзгадненьне праекту ўказу аб адчужэньні пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасьці. Старшыня Дзяржкаммаёмасьці адзначыў, што такія дамы дазволяць прадаваць за 1 базавую велічыню, што складала 29 рублёў[19]. Таксама ён паведаміў пра рост запытаў у 2020 годзе да інфарэсурсаў ведамства: «Толькі да рэестру нерухомай маёмасьці зьвярталіся каля 40 млн разоў». Сярод іншага, Матусевіч дадаў: «У нас ёсьць рэсурс крыніцаў на публічнай кадастравай мапе, рэсурс выбарчых акругаў. Прымеркаваўшы да Вялікай Перамогі, мы зрабілі рэсурс усіх помнікаў, якія знаходзяцца ў нашай краіне». Асобна ён спыніўся на найбольш устойлівых прадпрыемствах ведамства: «У нас у падпарадкаваньні ёсьць блёк прамысловых прадпрыемстваў: „Беларуськалій“, 2 холдынгі — „Белаўтадар“ і „Белрэсурсы“». Урэшце, ён згадаў, што сярэднія заробкі ў ведамстве перавышалі 1600 рублёў (630 даляраў)[20].

1 красавіка 2021 году перад паседжаньнем Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраваньні Савету Рэспублікі паведаміў пра распрацоўку новай рэдакцыі закону «Аб геадэзічнай і мапаграфічнай дзейнасьці». Ён падкрэсьліў, што законапраект прадугледжвае злучэньне зямельных і будаўнічых прасторавых рэсурсаў: «Хаб, які зьбіраў бы ўсе неабходныя дадзеныя для канкрэтнага, спэцыфічнага карыстальніка. Нешта з сыстэмы нашага камітэту можа быць ўзята, нешта з сыстэмы Мінбудархітэктуры, Мінлясгасу — у кожнага ведамства набор будзе свой, для пэўных мэтаў». Урэшце, ён распавёў пра інтэрактыўны пашпарт капітальнага збудаваньня: «Гэта тэхналёгія, якую мы зрабілі самастойна. Мы плянуем паставіць яе на камэрцыйную аснову». Пры гэтым Матусевіч патлумачыў: «Інтэрактыўны пашпарт — гэта мадэль капiтальнага збудаваньня або маёмаснага комплексу, створаная ў электронным выглядзе ў фармаце 3D з выкарыстаньнем тэхналёгіі інфармацыйнага мадэляваньня. Яна ўключае ў сябе зьвесткі аб разьмяшчэньні элемэнтаў аб’екту ў прасторы і часе, а таксама іншых вылічальных характарыстыках, у тым ліку зьвязаных з эксплюатацыяй аб’екту і інтэграваных у мадэль у выглядзе асобных інфармацыйных пластоў, якія ў сукупнасьці вызначаюць яе як мадэль 5D»[21]. 22 чэрвеня 2021 году на сустрэчы з кіраўніком Фэдэральнай службы дзяржаўнай рэгістрацыі, кадастру і мапаграфіі Расеі Алегам Скуфінскім у Берасьці паведаміў пра выданьне атляса «Дарогамі воінскай славы 1941—1945» у якасьці 1-га тома турыстычнага атляса «Падарожнічаем разам: Расея — Беларусь»[22]. 11 кастрычніка 2021 году быў абраны старшынём Назіральнай рады «Белінвэстбанку»[23].

5 ліпеня 2022 году прадставіў праект указу «Аб распараджэньні маёмасьцю», які на 80 % грунтаваўся на Ўказе 2019 году № 169. Асноўнай прычынай распрацоўкі новага ўказу Матусевіч назваў зьніжэньне зацікаўленасьці да набыцьця некарыстанай дзяржаўнай маёмасьці: «Дзякуючы працы па выяўленьні і пашпартызацыі аб’ектаў, па працы са старымі і пустуючымі дамамі, а таксама ў сувязі з новым будаўніцтвам аб’ёмы дзяржмаёмасьці ў нас нават павялічваюцца. Штогод зь дзяржаўнай уласнасьці выбывае ад 1200 да 1800 аб’ектаў плошчай да 1 млн кв.м. Попыт на гэтыя аб’екты зьнізіўся ў 2020 годзе на 1/3 і пакуль не аднаўляецца. Застаюцца незапатрабаванымі 3,3 млн кв.м, або 2,7 % ад агульнай дзяржаўнай нерухомай маёмасьці. Нават калі ўлічыць, што асноўная маса такіх аб’ектаў ёсьць аб’ектамі сельгаспрызначэньня, сацыяльнай сфэры, былымі вайсковымі аб’ектамі, мы лічым, што ў тым ліку дзякуючы ўдасканаленьню нарматыўнай прававой базы магчыма стварэньне новых стымулаў для ўключэньня такой маёмасьці ў гаспадарчы абарот і для рэгіянальнага разьвіцьця. Таму і быў падрыхтаваны праект указу». Новаўвядзеньнем мела стаць атрыманьне Ўрадам Беларусі ад прэзыдэнта паўнамоцтваў перадаваць паі гаспадарчых таварыстваў у мясцовую ўласнасьць. Пры гэтым за 12 гадоў было 61 рашэньне А. Лукашэнкі па 860 такіх выпадках. Старшыня Дзяржкамаёмасьці падкрэсьліў, што перадачу паёў мелі ўзгадняць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі. У сваю чаргу дзяржаўныя органы і арганізацыі мелі атрымаць ад Ураду Беларусі паўнамоцтвы адчужаць маёмасьць і перадаваць яе ў заклад. За 2021 год ухвалілі рашэньні па 236 такіх прадметах дзяржуласнасьці. Сярод іншага, Матусевіч згадаў: «Прапануецца вызначаць пазыцыі прадстаўнікоў дзяржавы на ўзроўні міністраў, а не на ўзроўні ўраду, па пытаньнях адчужэньня нерухомай маёмасьці коштам больш за 10 тыс. базавых велічыняў. Такіх рашэньняў было прынята 125 зь 2010 году, і ў кожным зь іх магло быць некалькі пазыцыяў прадстаўнікоў дзяржавы, але пры гэтым адчужалася ў лепшым выпадку палова». Праект указу таксама прадугледжваў наданьне мясцовым уладам паўнамоцтваў прадаваць занядбаную маёмасьць за 1 БВ без умоваў і вызваляць пакупнікоў ад спагнаньня за невыкананьне такіх умоваў. Матусевіч падкрэсьліў: «Важны ня сам працэс, у каго маёмасьць знаходзіцца, а важна, каб яна прыносіла карысьць і не генэравала страты». Пры гэтым 2/3 некарыстанай маёмасьці знаходзілася ў веданьні мясцовых уладаў. За 1 БВ прапаноўвалі 230 адзінак такой нерухомасьці з умовамі продажу. Зь 2015 году прадалі толькі 1800 адзінак такой нерухомасьці. Попыт на яе быў нізкім у тым ліку праз спагнаньне ў 100 % ацэнкавай вартасьці маёмасьці за невыкананьне ўмоваў. Іншым новаўвядзеньнем мела стаць магчымасьць выкупу арэнднай маёмасьці пасьля 3-х гадоў сумленнай арэнды пры ўзгадненьні зь мясцовымі ўладамі. Пасьля абмеркаваньня праекту ўказу Лукашэнка даручыў дапоўніць яго нормай аб адчужэньні маёмасьці міністрамі толькі пры ўзгадненьні зь мясцовымі ўладамі[24].

5 жніўня 2022 году ў Барысаве паведаміў, што ад 1 студзеня 2024 году запрацуе «Адзіны рэестар маёмасьці», які прапануе бясплатныя зьвесткі пра даступныя зямельныя дзялянкі[25]. 9 лютага 2023 году на паседжаньні Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Матусевіч згадаў пра Ўказ № 330 «Аб распараджэньні маёмасьцю», які Лукашэнка падпісаў у верасьні: «22 сакавіка ён уступіць у сілу. ... новаўвядзеньне — зацьверджаны пашпарт закансэрваванага аб’екта, гэта значыць спрошчаны парадак атрыманьня дакумэнтаў, каб далей уласьнік мог распарадзіцца аб’ектам. Гэта магчымасьць для бізнэсу купіць такі аб’ект». Таксама ён паведаміў пра ўзгадненьне ўказу пра арэнду: «Пасьля экспэртызы, спадзяюся, ён будзе прадстаўлены кіраўніку дзяржавы для дакладу. У ім утрымліваюцца льготныя каэфіцыенты для прамысловых аб’ектаў. ... Акрамя таго, зь 2019 году мы не падымаем базавую арэндную велічыню, і ў гэтым годзе такія рашэньні таксама прынятыя. Гэтая велічыня фактычна ўжо 5 гадоў нязьменная і фактычна субсідуецца дзяржавай». Урэшце, Матусевіч згадаў рэестар старых і пустых дамоў, які пачаў працаваць з новага году: «Цяпер мы робім яго візуалізацыю на публічнай кадастравай мапе»[26].

21 сакавіка 2023 году на паседжаньні Рады ўзаемадзеяньня органаў мясцовага самакіраваньня паведаміў, што Пастановай Ураду Беларусі № 32 зацьвердзілі 21 палажэньне аб зямельных пытаньнях. Навацыяй Указу № 330 Матусевіч назваў стварэньне ўмоваў адчужэньня занядбанай нерухомасьці без рэгістрацыі на падставе старога пашпарта або ведамасьці тэхнічных характарыстык. Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі налічвалася каля 5000 пустых дамоў. У 2022 годзе каля 3000 такіх будынкаў зьнесьлі, 581 — прадалі. У выніку ў гаспадарчы абарот уцягнулі 3800 га зямлі. Старшыня Дзяржкаммаёмасьці удакладніў: «Доступ да ўнясеньня дадзеных у рэестар пустых дамоў маюць 462 мясцовыя выканкамы, усе астатнія могуць проста карыстацца ім. З 20 лютага на публічнай кадастравай мапе зроблена візуалізацыя аб’ектаў гэтага рэестру. На паседжаньні старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандар Турчын прапанаваў пераўтварыць рэестар у інтэрнэт-краму пустога жытла, з чым Матусевіч пагадзіўся. Сам Матусевіч прапанаваў цягам 2024—2025 гадоў увесьці ў Лунінецкім і Пружанскім раёнах кадастравы досьлед з «адным вакном» ад землеўпарадкаваньня да страхаваньня[27].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б http://gki.gov.by/by/about_committee-vip-by/view/matusevich-dzmitryj-20/ (белар.) — 2021.
  2. ^ а б Тацьцяна Рэвут. Лукашэнка хоча прадаць заводы, а яны нікому непатрэбныя // Тэлеканал «Белсат», 24 кастрычніка 2017 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  3. ^ а б ХІ Форум польскіх інвэстараў у Менску // Беларускае радыё «Рацыя», 12 сьнежня 2019 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  4. ^ а б в г Матусевіч Дзьмітры Феафанавіч // Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі, 2023 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  5. ^ Вераніка Коласава. «Зялёная» эканоміка — новая жыцьцёвая і палітычная філязофія // Карані і кроны. — 5 ліпеня 2016. — № 9.
  6. ^ Вераніка Коласава. Што зьменіць Нацыянальны плян дзеяньняў па разьвіцьці зялёнай эканомікі // Карані і кроны. — 17 студзеня 2017. — № 16.
  7. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Беларусі рыхтуюць стратэгію разьвіцьця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва // Белтэлерадыёкампанія, 13 лістапада 2017 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  8. ^ Сяргей Куркач. У інкубатары ня плацяць за арэнду // Зьвязда : газэта. — 29 сьнежня 2017. — № 251 (28615). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Беларусь зацікаўлена ўкараняць фінансавыя інструмэнты падтрымкі зялёнай эканомікі - Матусевіч // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 сакавіка 2018 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  10. ^ У Беларусі перафарматуюць сыстэму падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва // БелТА, 18 кастрычніка 2018 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  11. ^ Тацьцяна Лісатовіч. Указ аб ліцэнзаваньні можа быць прыняты да кастрычніка - Матусевіч // БелТА, 16 ліпеня 2019 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  12. ^ Трохгадовы праект ПРААН па разьвіцьці бізнэсу ў рэгіёнах завяршыўся ў Беларусі // БелТА, 6 траўня 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  13. ^ Уладзімер Мацвееў. Дзьмітры Матусевіч узначаліць Дзяржкамітэт па маёмасьці // БелТА, 4 чэрвеня 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  14. ^ Настасься Занько, Onliner.by. У найбуйнейшых банках Беларусі прызначаны прадстаўнікі дзяржавы // Беларускае радыё «Рацыя», 17 ліпеня 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  15. ^ Марыя Дадалка. У Беларусі будзе створаны нацыянальны геапартал прасторавых дадзеных // Газэта «Зьвязда», 7 кастрычніка 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  16. ^ У Беларусі плянуюць стварыць нацыянальны геапартал прасторавых даных // БелТА, 7 кастрычніка 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  17. ^ Дзьмітры Матусевіч. Цытата дня // Зьвязда. — 20 лютага 2021. — № 33 (29402). — С. 1.
  18. ^ Колькасьць невыкарыстоўваемых аб’ектаў дзяржуласнасьці ў Беларусі зьніжаецца - Матусевіч // БелТА, 19 лютага 2021 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  19. ^ Уключэньне ў абарот пустуючых і старых дамоў спросьцяць // «Настаўніцкая газэта», 25 лютага 2021 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  20. ^ Праект указа па пустуючых і старых дамах прайшоў узгадненьні - Дзяржкаммаёмасьць // БелТА, 22 лютага 2021 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  21. ^ Дзяржкаммаёмасьць распрацавала новую рэдакцыю закона аб геадэзіі і картаграфіі // БелТА, 1 красавіка 2021 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  22. ^ Дзяржкаммаёмасьць плянуе распрацаваць партал інфраструктуры прасторавых даных краін СНД // БелТА, 22 чэрвеня 2021 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  23. ^ Надзея Ермакова ўвайшла ў назіральную раду «Белінвэстбанка» // Партал «Наша ніва», 12 кастрычніка 2021 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  24. ^ Што зьменіцца ў распараджэньні дзяржмаёмасьцю // БелТА, 5 ліпеня 2022 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  25. ^ Матусевіч: асобныя нормы абноўленага Кодэксу аб зямлі ўступяць у сілу з 1 верасьня // БелТА, 5 жніўня 2022 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  26. ^ Матусевіч: у гэтым годзе плянуем перавесьці ўсе працэдуры дзяржрэгістрацыі ў электронны фармат // БелТА, 9 лютага 2023 г. Праверана 27 чэрвеня 2023 г.
  27. ^ Ірына Сідарок. Набыць нядорага — выкарыстаць у поўнай меры // Мясцовае самакіраваньне. — 22 сакавіка 2023. — № 10 (696). — С. 1, 3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]