Гісторыя Чашнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Чашнікі — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Спаса ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Лукі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Чашнікі зьмяшчаецца ў пераліку буйных паселішчаў Полаччыны і датуецца 1504 годам. У Інфлянцкую вайну, на загад Івана Жахлівага, на правым беразе Вулы збудавалі ўмацаваны замак (спалены ў 1708 годзе). У 1564 годзе каля Чашнікаў на Іванскіх палях абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Мікалая Радзівіла «Рудога» нечаканым ударам разьбілі 25-тысячнае маскоўскае войска Шуйскага. Сам Шуйскі загінуў у бітве. У 1567 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага зноў разьбілі маскоўскіх захопнікаў. З 1568 году Чашнікі знаходзіліся ў валоданьні Ганны Радзівілаўны. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы прымаў у мястэчку Шышмарова, пасла Івана Жахлівага.

З пачатку XVI стагодзьдзя Чашнікі знаходзіліся ў складзе Полацкага ваяводзтва, у валоданьні князёў Лукомскіх. У канцы XVI ст. мясьціна перайшла да Кішкаў, у пачатку XVII ст. — да Друцкіх-Сакалінскіх, пазьней Сапегаў. На 1633 год у Чашніках было 109 будынкаў, 16 крамаў[1], паселішча належала Казаноўскім. З 1649 году маёнтак быў у валоданьні Слушкаў. У 1664 годзе[1] харунжы Дамінік Служка фундаваў тут кляштар дамініканаў. У 1722 годзе мястэчка перайшло да С. Быкоўскага-Лапоты, у 1785 годзе — да Валадковічаў. У 1786 годзе пры дамініканскім кляштары збудавалі мураваны касьцёл, у якім захоўвалася цудоўная фігура Пана Езуса, шанаваная мясцовымі жыхарамі. У XVIII ст. дзейнічала прыстань, больш за 40 складоў[1], працавалі майстэрні вырабу стругаў — гандлёвых суднаў. У гэты час Чашнікі атрымалі шэраг прывілеяў. У 1791 годзе мястэчка стала сталіцай Полацкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама мястэчка, Н. Орда, 1876 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Чашнікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году каля мястэчка адбылася бітва паміж расейскімі (пад камандай Вітгенштэйна) і францускімі (пад камандай Віктора) войскамі. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады скасавалі кляштар дамініканаў, па чым парафію абслугоўвалі дыяцэзіяльныя ксяндзы. У 1843[2]—1845 гадох у мястэчку збудавалі Спаса-Праабражэнскую царкву. У сярэдзіне XIX ст. у Чашніках налічвалася каля 2,5 тысячы жыхароў; сярод местачкоўцаў было нямала лёцманаў, якія наймаліся ўвесну на баркі, праводзячы іх Дзьвіною да Рыгі. У 1868 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Лукі на царкву Маскоўскага патрыярхату.

У 1886 годзе ў Чашніках адкрылася папяровая фабрыка. Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у мястэчку было 703 будынкі, працавалі лячэбніца, аптэка, 2 народныя вучэльні. На 1906 год у Чашніках было 5 камяніц, 1332 драўляныя будынкі, зь якіх 642 жылыя, нежылыя — 695. У 1909 годзе адкрылася меская вучэльня, пераўтвораная ў 1913 годзе на вышэйшую пачатковую.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чашнікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Чашнікі вярнулі ў БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Віцебскай, пазьней Лепельскай акругаў. У 1925 годзе пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Чашнікі. З 1938 году мястэчка знаходзіцца ў складзе Віцебскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году Чашнікі атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1962—1965 гадох Чашнікі ўваходзілі ў склад Бешанковіцкага раёну. 7 лютага 1966 году паселішча атрымала статус места. У 2004 годзе Чашнікі адзначылі сваё 500-годзьдзе. 20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]