Генадзь Банкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генадзь Банкевіч
Імя пры нараджэньні Генадзь Уладзімеравіч Банкевіч
Род дзейнасьці вайсковец
Дата нараджэньня 15 траўня 1930
Месца нараджэньня Вялікая Каўпеніца, Баранавіцкі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Заходняя Беларусь, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 6 ліпеня 2007
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня Паўночныя могілкі (Менск)
Грамадзянства Беларусь
Адукацыя вышэйшая
Месца вучобы Вайскова-паветраная інжынэрная акадэмія імя Жукоўскага (Масква)
Прафэсія інжынэр
Вядомы як арганізатар талокаў у Курапатах і кіраўнік дружыны Беларускага народнага фронту «Адраджэньне»
Бацька Уладзімер Банкевіч
Жонка Марыя Банкевіч
Дзеці 2 дачкі: Галіна Падлеская і Аліна

Гена́дзь Уладзіме́равіч Банке́віч (1930, Вялікая Каўпеніца, цяпер Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 2007, Менск, Беларусь) — грамадзкі дзяяч Беларусі.

Сябра Сойму Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (1989—2007) і Рады Таварыства беларускай мовы (2001—2007). Сузаснавальнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, якое ўзьнікла ў адказ на Жнівеньскі путч 1991 году ў Маскве. Падпалкоўнік.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2-й палове 1930-х гадоў навучаўся ў польскамоўнай школе, але выхоўваўся на беларускіх кніжках і вершах. Быў школьным сябрам бацькі паэта Міхала Ўладзімеравіча Анемпадыстава[1]. Пасьля 2-й сусьветнай вайны паступіў у Вайскова-паветраную інжынэрную акадэмію імя Жукоўскага ў Маскве (Расейская СФСР). Пасьля сканчэньня ВНУ звыш 30 гадоў працаваў інжынэрам ракетных войскаў Савецкай арміі ва Ўсходняй Нямеччыне і Расеі. Выйшаў на пэнсію ў званьні падпалкоўніка. У 1989 годзе ўступіў у Беларускі народны фронт «Адраджэньне» пры яго заснаваньні і абраўся сябрам яго Сойму, у склад якога штораз перавыбіраўся. 28 верасьня 1989 году быў абраны намесьнікам старшыні Фрунзэнскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы ў Менску[2]. 20 жніўня 1991 году стаў сузаснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, якое ўзьнікла ў адказ на Жнівеньскі путч у Маскве[3]. 8 верасьня 1992 году на Дзень беларускай вайсковай славы ўдзельнічаў у прыняцьці прысягі 3000-мі вайскоўцаў на вернасьць Беларусі на плошчы Незалежнасьці ў Менску[4].

У 1993 годзе ўступіў у Партыю Беларускага народнага фронту. Ладзіў многія талокі ў Курапатах[5]. Кіраваў дружынай Беларускага народнага фронту лікам звыш 1000 чалавек, якая ахоўвала вулічныя шэсьці ад правакатараў гвалту[6]. Таксама штогод ладзіў Чарнобыльскі шлях, Дзень Герояў у гонар Слуцкага збройнага чыну і крыжовы шлях у Ігумене[7]. 20 чэрвеня 1999 году быў абраны старшынём Менскай абласной арганізацыі ТБМ[8]. 20 траўня 2001 году на 7-м зьезьдзе ТБМ абраўся сябрам яго Рады, у склад якой перавыбіраўся на 8-м і 9-м зьездах 12 кастрычніка 2003-га і 30 кастрычніка 2005 гадоў[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Міхал Анемпадыстаў. Сьветлай памяці: Генадзь Банкевіч // Газэта «Наша ніва», 11 ліпеня 2007 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  2. ^ Арганізацыя Фрунзэнскага раёну Менска // Таварыства беларускай мовы, 22 лістапада 2013 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  3. ^ Алесь Станкевіч. Стварэньне БЗВ не было спантанным ці вымушаным // Газэта «Новы час», 12 кастрычніка 2017 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  4. ^ Сяргей Навумчык. «Прысягаю на вернасьць Рэспубліцы Беларусь» // Дзевяноста другі / рэд. Аляксандар Лукашук, маст. Генадзь Мацур. — Радыё «Свабода», 2017. — С. 278. — 388 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-85-0
  5. ^ Валянціна Аксак. Вянок памяці: Генадзь Банкевіч // Радыё «Свабода», 12 ліпеня 2007 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  6. ^ Зянон Пазьняк. Акупацыйны антынацыянальны рэжым // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 5 кастрычніка 2020 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  7. ^ Аляксандра Дынько. «Страшна вяртацца ў Беларусь» // Радыё «Свабода», 5 красавіка 2011 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  8. ^ Менская абласная арганізацыя // Таварыства беларускай мовы, 22 студзеня 2014 г. Праверана 5 кастрычніка 2020 г.
  9. ^ Станіслаў Суднік, Тацяна Вабішчэвіч. Летапіс дзейнасьці «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». 1989-2009 / рэд. Алег Трусаў. — Ліда: Наша слова, 2009. — С. 62, 85, 106. — 164 с. — 299 ас.