Віталь Кажан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віталь Кажан
Род дзейнасьці вайсковец, грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 9 кастрычніка 1916
Месца нараджэньня Дзісенскі павет, Віленская губэрня
Дата сьмерці 17 студзеня 2014
Месца сьмерці Стамфард, ЗША
Занятак вайсковец
Месца працы

Віталь Кажан (9 кастрычніка 1916, в. Балбекі, Дзісенскі павет, Віленская губэрня (сёньня Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласьць) — 17 студзеня 2004, Стамфард, ЗША) — беларускі вайсковы і грамадзкі дзяяч.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вырас у сям’і прадпрымальнага селяніна, які, здабыўшы асьвету, працаваў сакратаром ў земскага начальніка. Маці Віталя паходзіла з заможнай сялянскай сям’і. Бацькі мелі 20-гэктарную гаспадарку.

Пад польскай акупацыяй бацька спачатку быў выбраны войтам гміны, але пасьля трох гадоў яго зволілі за нястачу «польскасьці» і ён заняўся гандлем.

Віталь скончыў у Дзісьне польскую гімназію, адбыў вайсковую службу ды ў 1938 годзе падаўся ў афіцэрскую школу. Пасьля польска-нямецкай вайны працаваў настаўнікам у родных мясьцінах.

У жніўні 1942 году адбыў першыя курсы беларускіх афіцэраў у Менску, адкуль быў пасланы ў Браслаў для вядзеньня падафіцэрскіх курсаў для Беларускай Самааховы. Пасьля працаваў у Глыбокім сакратаром і заступнікам акруговага старшыні Беларускай Народнай Самапомачы.

У сакавіку 1943 году на пастанову беларускага актыву працаваў у Вялейцы загадчыкам беларускай канцылярыі пры нямецкай установе.

У чэрвені 1944 году зьехаў зь Беларусі. У Бэрліне працаваў у БЦР, браў удзел у падрыхтоўцы беларускіх афіцэраў. У лістападзе 1944 году палкоўнік Кушаль прызначыў яго сваім ад’ютантам.

1 сакавіка 1945 году Віталь ажаніўся з Жэняй Кароль, якая працавала ў канцылярыі палкоўніка Кушаля. А празь месяц Кажаном удалося перабрацца ў заходнюю частку Нямеччыны, каб не патрапіць пад савецкую акупацыю.

Пасьля некалькіх пераездаў зь лягеру ў лягер, Віталь Кажан, трапіў на пасаду заступніка камэнданта лягернай паліцыі ў Шляйсгайме ля Мюнхэну. Там прабыў ад ліпеня 1946 па люты 1948 году. Пасьля пераезду ў лютым 1948 году ў беларускі лягер Остэргофэн выконваў абавязкі адміністратара газэты «Бацькаўшчына», а ад лістапада таго-ж году — яшчэ й абавязкі камэнданта лягернай паліцыі. Быў сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Амэрыканскую зону Нямеччыны.

У кастрычніку 1948 году прайшоў спэцыяльныя курсы для камэндантаў лягернай паліцыі ў горадзе Штутгарце, дзе ад імя ўсіх курсантаў вітаў жонку прэзыдэнта ЗША Элеанору Рузвэльт.

У чэрвені 1949 году, калі быў арганізаваны адзіны лягер для беларусаў у Розэнгайме, працаваў там бухгальтарам аддзелу прадуктаў ды адначасна прайшоў курсы ангельскай мовы. Працаваў там-жа выкладчыкам пачаткаў ангельскай мовы ў беларускай школе.

Чацьвертая сэсія Рады БНР у Розэнгайме ў кастрычніку 1949 году надала яму становішча галоўнага Скарбніка Рады БНР.

У чэрвені 1950 году Віталь з жонкаю і дачушкай Ларысай вадаплавам прыбылі ў Нью-Ерк. Праз год Кажаны перабіраюцца ў горад Стамфард у штат Канэтыкут. Тут Віталь атрымаў працу ў добрай кампаніі, дзе і адпрацаваў на пасадзе прараба амаль трыццаць гадоў.

У сакавіку 1952 году Віталя напаткала трагедыя: жонка нарадзіла сына Аўгена, а пасьля родаў сама памерла.

У кастрычніку 1953 году Віталь ажаніўся зь Любай Пронькай, ранейшай знаёмай з Шаркаўшчыны. У іх нарадзіліся дзьве дачкі, Юля і Маргарыта.

Каб забясьпечыць чатыром дзецям вышэйшую асьвету, Віталь Кажан пачаў у 1954 годзе, у дадатак да фабрычнай працы, свой бізнэс — маляваньне дамоў звонкі й усярэдзіне. Гэта ён рабіў аж да 1984 году ў час адпачынку ды сьвяточнымі днямі.

Апошнія гады ён жыў у гарадку Пэнінгтан у Нью-Джэрзі. Пахаваны ў горадзе Стамфард у штаце Канэтыкэт (ЗША).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялёгу цывілізацый» (сэрыя «Беларусіка-Albaruthenica», Мінск, «Беларускі кнігазбор», 2001

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]