Вышэй за неба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Вышэй за неба»
па-беларуску: Вышэй за неба
Жанр Драма
Рэжысэр Зьміцер Марынін
Сцэнарыст Андрэй Курэйчык
Прадусар Сяргей Ждановіч
У ролях Леанід Пашкоўскі, Віктар Рыбчынскі
Кампазытар Зьміцер Фрыга
Апэратар Аляксей Карнееў
Мантаж Аляксандар Паддубскі
Вытворчасьць Праграма разьвіцьця ААН
Дата выхаду 8 чэрвеня 2012 (11 гадоў таму)
Працягласьць 133 хвіліны
Краіна Беларусь
Мова Беларуская, расейская
Бюджэт $400 тыс.[1]
Прыбытак 71 208 $
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Вышэ́й за не́ба» — беларускі фільм 2012 году аб маладых менскіх музыках, што выйшаў у выглядзе 8-частковага тэлесэрыялу ў 2013 годзе. Стаўся першым у Беларусі моладзевым сэрыялам[2]. У гукавую дарожку фільма ўвайшлі песьні беларускіх гуртоў «Акутэ» (Магілёў), «Ляпіс Трубяцкі», «Н.Р.М.» і «Соніка». Уласныя песьні ў фільме сьпяваў беларускі рэпэр Вінсэнт. Адмысловыя паказы поўнамэтражнага фільма прайшлі ў Беларусі (Менск), Летуве (Вільня) і Расеі (Краснадар, Масква). Конкурсныя паказы поўнамэтражнага фільма адбыліся на 4 кінафэстывалях у 3 краінах: 2-і фэстываль беларускага кіно «Бульбамуві» (Варшава, Польшча; 26 кастрычніка 2012 г.), «Першы раз» (Нью-Ёрк, ЗША; 4 сакавіка 2013 г.), фэстываль фільмаў Усходняй Эўропы (Катавіцы, Сылескае ваяводзтва, Польшча), 10-ы міжнародны кінафэстываль «Залаты абрыкос»(hy) (Ерэван, Армэнія; 13 ліпеня 2013 г.). На 15 ліпеня 2013 г., за год і месяц ад часу выхаду ў сеціве 8 чэрвеня 2012 г., поўнамэтражная вэрсія фільма сабрала звыш 300 тыс. праглядаў[3]. На расейскім сайце «Кінапошук»(ru) стужка атрымала найвышэйшую адзнаку сярод беларускіх фільмаў 2012 году[4]. 1 сьнежня 2013 г. сэрыял паказалі ў менскім кінатэатры «Перамога» на 6-м кінафэстывалі «Чалавечая годнасьць, роўнасьць і справядлівасьць», што ладзіўся прадстаўніцтвамі ААН і Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі[5].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

28 кастрычніка 2011 г. гітарыст гурта «Пэрфэкт» Мікіта Міцкевіч крочыць на канцэртную прэзэнтацыю новага альбома ў менскі клюб «Джэк» на Нямізе. На канцэрце гурт сьпявае па-беларуску. Пасьля выступу вакаліст Стас прамаўляе тост за посьпех, сумнеў у якім выказвае Мікіта. Наступным ранкам Мікіта здае кроў зь вены дзеля грошай. Удзень на плошчы Свабоды ён сустракае з ружай Яну і прапануе ўзьняцца на дах шматпавярховіка. На даху Яна тлумачыць сваё ўпадабаньне Мікіты яго заняткам улюбёнай справай. Увечары Яна запрашае Мікіту дадому, дзе іх у ложку знаходзіць бацька Мікалай. Мікалай заклікае 20-гадовую дачку адмовіцца ад далейшых сустрэчаў зь Мікітам. Наступным ранкам у галоўным корпусе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) Мікіта натрапіў на Мікалая, які быў дэканам ягонага юрыдычнага факультэту БДУ. Пасьля лекцыі Мікіта адбівае ў хулігана сумку, якую той адабраў у аднакурсьніцы Вольгі. Увечары Яна запрашае Мікіту на выставу ў карцінную галерэю «Ў». Арганізатар выставы па сотавым паведамляе Мікалаю, што заўважыў яго дачку з музыкам гурта «Пэрфэкт».

Падчас сталаваньня дома на кухні бацька Сяргей Міцкевіч, які працуе ў міліцыі намесьнікам начальніка РУУС, паведамляе аб павышэньні заробку. Маці Сьвятлана, якая працуе настаўніцай, заўважае, што зарплату павысілі толькі міліцыянтам. Мікіта адмаўляецца ад прапановы бацькі перавесьціся ў Акадэмію МУС Беларусі. Сьпявак гурта «Пэрфэкт» Стас паведамляе барабаншчыку Рыгору, рэпэру Максіму і гітарысту Ўладзімеру аб запрашэньні гурта выступіць у менскім клюбе «Рэактар». Прыведзены ім Джармэн паказвае гурту кампутарную фанаграму для выступу, якая выклікае расчараваньне Максіма, Рыгора і Ўладзімера. Мікіта сустракае ў донарскім пункце сваю цётку Зіну, якая перавялася туды працаваць з 2-й клінічнай лякарні. У кабінэце мэдсястра паведаміла Мікіту аб выяўленьні ў аналізе крыві віруса імунадэфіцыту (ВІЧ). У калідоры Мікіта выкінуў вынікі аналіза ў сьметнік, адкуль іх забрала цётка Зіна. Увечары Зіна завітала ў госьці да маці Мікіты, якой паказала вынікі аналіза сына. У аддзяленьні міліцыі (РУУС) апэратыўнік Васіль Шпак паведамляе Сяргею Міцкевічу аб затрыманьні 12 «хуліганаў-брыдкасловаў». На пытаньне: «Што афармляць?» Сяргей адказвае: «Як звычайна». На зварот Сяргея: «Зноў да нас» адзін з затрыманых у кайданках адказвае па-беларуску: «Прывітаньне». У менскім парку Горкага Мікіта ўзгадвае, як улетку на пляжы ў Крыме (Украіна) меў плоцевую сувязь зь дзяўчынай. Бацька Мікіты па прыезьдзе дадому даведваецца ад сваёй жонкі Сьвятланы аб заражэньні сына вірусам імунадэфіцыта (ВІЧ) і вырашае, што той ужываў наркотыкі. Увечары Яна кажа Мікіту: «Я цябе люблю». У адказ той прызнаецца: «У мяне ВІЧ» і сыходзіць. Дома Мікіта кажа бацькам аб заражэньні ў Крыме ў выніку сэксу зь дзяўчынай, імя якой ня ведае.

На наступны дзень бацька Яны паведаміў выкладнікам юрыдычнага факультэту БДУ аб заражэньні Мікіты вірусам імунадэфіцыту (ВІЧ). На занятку выкладніца папрасіла Мікіту зайсьці ў кабінэт дэкана. Там Мікалай дазваляе Мікіту ўзяць акадэмічны адпачынак на год і прапануе пуцёўку ў Крым. Мікіта адмаўляецца і сыходзіць на рэпэтыцыю гурта «Пэрфэкт». Прадусар гурта Яўген паведамляе аб запрашэньні выступіць з сольным канцэртам у Жлобіне (Гомельская вобласьць) у клюбе «Жлондан». Мікіта грае новую мэлёдыю, якую склаў для будучай песьні. Стас заяўляе аб непатрэбнасьці гурту такой музыкі і паведамляе аб пачутай у БДУ гамане пра СНІД у Мікіты. Той пацьвярджае чуткі і сыходзіць з гурта. Увечары Мікіта напіваецца гарэлкай з сустрэтай на вуліцы алькагалічкай, якая дае яму адрас наркапрытону. Уначы Мікіта бярэ $520, прыхаваныя бацькамі ў кватэры, і зьяжджае на таксі ў прытон. Мікіта паказвае грошы гаспадыні прытону Ганьне, ад якой атрымлівае наркапігулку. Бацька Мікіты выяўляе зьнікненьне грошай з сынам і склікае апэратыўнікаў свайго аддзелу міліцыі. Апэратыўнік Васіль Шпак згадвае: «Зараз у Менску казіно нават больш, чым у Лас-Вэгасе» і прапануе апытаць таксістаў.

Стас прывозіць маскоўскую прадусарку Кацярыну для заключэньня кантракту з удзельнікамі гурта «Пэрфэкт». Прадусар гурта Яўген зацікавіўся ўмовамі фармату. Кацярына называе поп-фармат для тэлебачаньня. Тым часам, 2 лістапада 2011 г., маці Мікіты глядзіць на Першым нацыянальным тэлеканале навіну аб пачатку слуханьня ў Першамайскім судзе Менску па справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага аб ухіленьні ад сплаты падаткаў. З гурта «Пэрфэкт» сыходзяць беларускамоўны рэпэр Максім і барабаншчык Рыгор, які быў дваровым сябрам дзяцінства Мікіты. Апэратыўнікі знаходзяць таксіста, які падвозіў Мікіту да прытону. Наркагандляр Георгі Малкаў прыносіць гаспадыні прытону Ганьне скрутак зь некалькіх тысячаў даляраў выручкі за тыдзень продажаў студэнтам БДУ. Георгі заўважае ў прытоне Мікіту і паведамляе Ганьне, што яго бацька падпалкоўнік міліцыі. Ахоўнікі панкапрытону зганяюць адурманеных наркаманаў у падвал і ўводзяць унутрывенна наркотык Мікіце, якога Георгі фатаграфуе побач зь мёртвай наркаманкай. Бацька Мікіты і апэратыўнік Васіль Шпак знаходзяць у пакінутым прытоне цела наркаманкі і студэнцкі білет Мікіты Сяргеявіча Міцкевіча № 1137343, дзе значыцца 2008 год паступленьня на юрыдычны факультэт БДУ.

Ранкам Мікіта прачынаецца на вуліцы ў цэнтры Менску і бачыць аднакурсьніцу Волю. Воля запрашае Мікіту ў госьці, бо жыве побач за домам. Пасьля душу Мікіта распытвае Волю пра Індыю, дзе тая паўгоду здымалася ў масоўках і адкуль вярнулася год таму. Воля згадвае сваю кінаролю дачкі ангельскага вяльможы і прапануе Мікіту індыйскую гарбату. Мікіта тлумачыць сваё п’янства жаданьнем забыцца пасьля выяўленьня ў яго віруса імунадэфіцыту (ВІЧ). На вуліцы Сяргей сустракае сына Мікіту абдымкамі. Сяргей вязе Мікіту на возера ў паход. Мікіта згадвае, што апошні раз хадзіў у паход з бацькам у 12 гадоў. Сяргей пачаставаў сына смажаным на вогнішчы шашлыком. Затым ён расказаў, як падчас працы апэратыўнікам 2 дамушнікі пры ўцёках зьбілі яго на аўтамабілі і працягнулі так на капоце каля 200 мэтраў. Увечары Рыгор і Максім сустрэліся зь Мікітам у двары і паведамілі аб распадзе гурта «Пэрфэкт». Мікіта прапанаваў Волі наступным днём завітаць у лякарню, бо запісаўся ў групу ўзаемадапамогі. У палаце лякарні Мікіта пазнаў дзяўчыну, зь якой меў плоцевую сувязь у Крыме, і папрасіў Волю выйсьці. Дзяўчына сказала Мікіту, што страціла здольнасьць хадзіць і спытала: «Ці прыйдзеш ты яшчэ?» Мікіта адказаў: «Абавязкова». Капітан Бандарэнка паведаміў бацьку Мікіты, што ў прытоне на фасоўцы знайшлі адбіткі пальцаў студэнта БДУ Георгія Малкава. На загад Сяргея Міцкевіча апэратыўнікі затрымалі Георгія ва ўнутраным двары БДУ. У аддзяленьні міліцыі Георгі папрасіў асадку і аркуш, на якім напісаў: «У нас ёсьць фатаграфіі вашага сына ў прытоне з трупам». Аркуш ён аддаў Сяргею Міцкевічу, які пасьля прагляду парваў аркуш і накіраваў Георгія ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Мікіта прапанаваў Максіму і Рыгору выступіць разам на менскім музычным фэстывалі, у якім зьбіраўся ўдзельнічаць Стас. У двары зачыненай на рамонт школы, дзе меркавалі праводзіць рэпэтыцыі, Мікіту сустрэла сястра Марта. Школу адчыніў знаёмы Мікіты, які 9 месяцаў працаваў у ёй вартаўніком. У якасьці сьпявачкі Яна прыйшла на рэпэтыцыю ў школу, дзе пазнаёмілася з Воляй. У палаце лякарні Мікіта сказаў Юлі, якая ўжо трымалася на вэнтыляцыі лёгкіх(en): «Мы ўжо бачыліся з табой паўгоду таму на моры». Юля адказала: «Я не жадаю паміраць». У школе Мікіта пачуў сьпеў Волі і прапанаваў ёй быць салісткай. Ад імя новага гурта Мікіты «Вышэй за неба» Рыгор і Яна падалі заяўку кіраўніку клюбу на ўдзел у фэсьце. Пасьля сямейнай вячэры Сяргей паведаміў Мікіту, што затрыманы наркагандляр Георгі Малкаў згадаў аб фатаздымку Мікіты зь мёртвай наркаманкай. Сяргей дадаў, што яна стаяла на ўліку ў наркалягічным дыспансэры і ў якасьці прычыны яе сьмерці ўстанавілі перадазіроўку. Мікіта згадаў аб забойстве наркаманкі ў яго на вачах, якое ўчыніла гаспадыня прытону Ганна пры дапамозе перадозу. Сяргей сказаў, што выкрыцьцё фатаздымка Мікіты зь мёртвай наркаманкай пагражала яму звальненьнем, а Мікіту — зьняволеньнем. Сяргей Міцкевіч вызваліў Георгія Малкава пасьля 3 содняў у ІЧУ. У гутарцы сам на сам Сяргей прыгразіў Георгію табэльным пісталетам, калі пацерпіць яго сын. Георгі прапанаваў пры сустрэчы Мікіту 50%-ую зьніжку на наркотыкі, за што той яго зьбіў.

Воля папрасіла $3 тысячы ў свайго разьведзенага бацькі, які кіраваў будоўляй хмарачоса ў Менску. Той даў $4 тысячы, якія Воля прынесла ў школу. Мікіта прызначыў кіраваць грашыма гурта Яну. У музычнай краме музыкі набылі новыя інструмэнты. Пасьля сьмерці Юлі Мікіта спыніў рэпэтыцыі, якія аднавіў у выніку настойваньня маці. Падчас паездкі па горадзе Мікіта сустрэў алькагалічку, зь якой выпіваў, і ўзяў у яе новы адрас гаспадыні прытону Ганны. Мікіта перадаў адрас бацьку, які зладзіў міліцэйскі налёт на новае жытло Ганны. У ходзе налёту ад нажавога раненьня пацярпеў капітан Бандарэнка. Сяргей Міцкевіч прастрэліў нагу ахоўніка Ганны, які напаў на Бандарэнку. Таксама Сяргей выдаліў фатаграфіі свайго сына са здымача Ганны і застрэліў сабаку Ганны, які знаходзіўся ў клетцы. Апэратыўнікі на чале з Васілём Шпакам затрымалі Георгія Малкава на Менскім чыгуначным вакзале. Пасьля музычнага фэстывалю Мікіта правёў ноч у Волі. Зранку на даху шматпавярховіка з тэлеантэнай Мікіта сустрэў кабэльніка Мікалая Чапаева. Той распавёў прыпавесьць аб чэскім пісьменьніку, які памёр у Парыжы ў выніку падзеньня дрэва.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Акторы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 ліпеня 2011 г. прадстаўніцтва Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі абвясьціла аб адборы актораў для моладзевага тэлесэрыяла «Вышэй за неба». Кастынг прайшоў цягам 6 дзён з 30 ліпеня па 14 жніўня на сядзібе прадстаўніцтва (Менск, вул. Цэткін, д. 18) сярод грамадзянаў Беларусі ва ўзросьце ад 16 да 27 гадоў[7]. Грошы на здымкі ахвяраваў Сусьветны фонд змаганьня супраць СНІДа, сухотаў і малярыі(fr) (Жэнэва, Швайцарыя), заснаваны ў студзені 2002 году. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь пагадзілася спрыяць здымкам 8-сэрыйнага тэлефільма ў сваіх лякарнях[8]. У адборы актораў паўдзельнічалі каля 1300 маладых грамадзянаў Беларусі[9] з 30 гарадоў краіны. 15 жніўня 2011 г. пачаўся адбор сярод музычных гуртоў Беларусі моладзевага напрамку для выкарыстаньня іх уласных песьняў у гукавой дарожцы фільма[10].

10 кастрычніка 2011 г. у Менску пачаліся здымкі фільма[11]. Паводле сцэнара ў фільме прадугледжвалася каля 120 пэрсанажаў[12]. У апошнія дні кастрычніка ў здымках на сталічнай вуліцы Няміга ўдзельнічалі сьпевакі Георгі Калдун, Дзьмітры Калдун, Аляксандар Памідораў, Уладзімер Пугач, тэлевядоўцы Ўладзімер Богдан, Ганна Бонд і Тамара Лісіцкая(ru), радыёдыджэй Глеб Марозаў. Тым часам да 20 лістапада працягваўся музычны кастынг гуртоў[13].

Да 1 сьнежня 2011 г. зьнялі 2/3 фільма[14]. У здымках узялі ўдзел былы капітан зборнай Беларусі па футболе Сяргей Штанюк і чэмпіёнка сьвету ў плаваньні Аляксандра Герасіменя[15], скульптар Алесь Шатэрнік, сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, паэт Андрэй Хадановіч і пісьменьніца Марыя Мартысевіч[16]. Сярод 8 выканаўцаў галоўных роляў апынуўся адзін прафэсійны актор. Іншыя былі студэнтамі гуманітарных ВНУ і музыкамі[17]. 24 студзеня 2012 г. у менскім клюбе «Рэпаблік» прайшлі здымкі апошняга канцэрта фільма, у якіх удзельнічалі сьпевакі Аляксандар Саладуха, Іна Афанасьева, Іскуі Абалян і Ларыса Грыбалёва, гімнастка Меліціна Станюта і заснавальнік Tut.by Юры Зісер[18].

На пачатку траўня 2012 г. сцэнарыст фільма Андрэй Курэйчык зладзіў прыватны паказ поўнамэтражнай вэрсіі фільма «Вышэй за неба» для сяброў[19]. 8 чэрвеня 2012 г. поўнамэтражны фільм «Вышэй за неба» без разьбіўкі на сэрыі зьявіўся ў вольным доступе на сайце YouTube і ў выглядзе торэнта на трэкэрах[20]. За 3 дні фільм паглядзелі звыш 40 тыс. чалавек, што перавысіла лік праглядаў беларускіх фільмаў у кінатэатрах за 2011 год[21]. За 10 дзён на Ютубе фільм паглядзелі звыш 70 тыс. чалавек[22]. 20 чэрвеня 2012 г. у Маскве (Расея) сцэнарыст Андрэй Курэйчык атрымаў за фільм расейскую прэмію «Зьнята!», што ўручаецца Асацыяцыяй незалежных прадусараў Расеі пры падтрымцы Міністэрства культуры Расеі[23].

21 чэрвеня 2012 г. на сядзібе Праграмы разьвіцьця ААН у Менску прадставілі 1-ю з 8 частак сэрыяла «Вышэй за неба»[24]. 8 верасьня 2013 г. на сайце Tut.by пачалася афіцыйная прэм’ера 8-сэрыйнага фільма з 1-й яго часткі па сэрыі штодзень[25].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Валярына Кустава. «Мы, браты» — першы афіцыйны адказ на «Вышэй за неба» і «Жыве Беларусь!» // Газэта «Новы час», 25 верасьня 2015 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  2. ^ Сьвятлана Барысенка. Які тэлеканал возьмецца паказаць унікальнае моладзевае драмедзі // Чырвоная зьмена. — 15 лютага 2012. — № 4 (15690). — С. 1.
  3. ^ Тацяна Каравянкова. Стужка «Вышэй за неба» ўвайшла ў праграму лепшых фільмаў СНД 2012—2013 гадоў на фэстывалі «Залаты абрыкос» у Армэніі // БелаПАН, 15 ліпеня 2013 г. Архіўная копія ад 15 ліпеня 2013 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  4. ^ Прэзэнтацыя «Вышэй за неба: фільм пра фільм» урэшце адбылася // Радыё «Свабода», 12 студзеня 2013 г. Архіўная копія ад 12 студзеня 2013 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  5. ^ БелТА. У Менску пройдзе кінафэстываль «Чалавечая годнасьць, роўнасьць і справядлівасьць» // Газэта «Зьвязда», 28 лістапада 2013 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  6. ^ Алег Клімаў. «У кіно зьнімацца ўжо хачу» // Культура : газэта. — 18 ліпеня 2015. — № 29 (1207).
  7. ^ У Беларусі зьявіцца першы моладзевы сэрыял // Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 27 ліпеня 2011 г. Архіўная копія ад 28 ліпеня 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  8. ^ Што «Вышэй за неба» // Культура : газэта. — 6 жніўня 2011. — № 32 (1003).
  9. ^ Васіль Сямашка. Сцэнарыст фільма «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык: Мы будзем першымі, хто зробіць кіно ў фармаце маладзёвага беларускага сэрыяла // БелаПАН, 15 жніўня 2011 г. Архіўная копія ад 15 жніўня 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  10. ^ Абвяшчаецца адкрыты музычны кастынг для сэрыяла «Вышэй за неба» // Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 15 жніўня 2011 г. Архіўная копія ад 15 жніўня 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  11. ^ Андрэй Сьмятаньнікаў. Вінсэнт разам з Булкам і Герасіменяй здымаюцца ў «першым беларускім моладзевым сэрыяле» // Generation.by, 10 кастрычніка 2011 г. Праверана 16 траўня 2016 г.
  12. ^ Хто «Вышэй за неба» // Культура : газэта. — 15 кастрычніка 2011. — № 42 (1013).
  13. ^ У першым беларускім маладзёвым сэрыяле «Вышэй за неба» зьняліся зоркі музыкі і шоў-бізнэсу // БелаПАН, 31 кастрычніка 2011 г. Архіўная копія ад 31 кастрычніка 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  14. ^ Першы прома-ролік беларускага маладзёвага сэрыяла «Вышэй за неба» паказалі ў Дзень барацьбы са СНІДам // БелаПАН, 1 сьнежня 2011 г. Архіўная копія ад 1 сьнежня 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  15. ^ Першыя кадры сэрыяла «Вышэй за неба»: перадгісторыя // Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 1 сьнежня 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  16. ^ У Дзень барацьбы са СНІДам стваральнікі першага беларускага маладзёвага сэрыяла «Вышэй за неба» паказалі першыя кадры карціны // БелаПАН, 1 сьнежня 2011 г. Архіўная копія ад 1 сьнежня 2011 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  17. ^ Вольга Кляшчук. Здымкі першага беларускага маладзёвага сэрыяла «Вышэй за неба» прайшлі ў адным з менскіх клюбаў // БелаПАН, 17 студзеня 2012 г. Архіўная копія ад 17 студзеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  18. ^ Вольга Кляшчук. Заснавальнік tut.by Юры Зісер узяў удзел у здымках першага беларускага маладзёвага сэрыялу «Вышэй за неба» // БелаПАН, 25 студзеня 2012 г. Архіўная копія ад 25 студзеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  19. ^ Аўтарскі варыянт «Вышэй за неба» он-лайн // Тэлеканал «Белсат», 8 чэрвеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  20. ^ Фільм «Вышэй за неба» выкладзены ў Інтэрнэт // Будзьма беларусамі!, 8 чэрвеня 2012 г. Архіўная копія ад 8 чэрвеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  21. ^ Сяргей Пульша. Разьмяшчэньне ў інтэрнэце фільма «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык назваў рэвалюцыяй у сыстэме пракату беларускага кіно // БелаПАН, 11 чэрвеня 2012 г. Архіўная копія ад 11 чэрвеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  22. ^ Мікіта Броўка. Поўнамэтражная вэрсія «Вышэй за неба» зьнікла з «Ютуб» // Газэта «Новы час», 19 чэрвеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  23. ^ БелаПАН. Андрэй Курэйчык атрымаў прэмію за «Вышэй за неба» // «Хартыя’97», 20 чэрвеня 2012 г. Архіўная копія ад 20 чэрвеня 2012 г. Праверана 17 траўня 2016 г.
  24. ^ Сьвятлана Барысенка. «Вышэй за неба» ў двух варыянтах // Чырвоная зьмена. — 21 чэрвеня 2012. — № 11 (15697). — С. 5.
  25. ^ Юрась Ускоў. ААН запускае сэрыяльную вэрсію скандальнага «Вышэй за неба» // Газэта «Наша ніва», 4 верасьня 2013 г. Архіўная копія ад 4 верасьня 2013 г. Праверана 17 траўня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]