Валынскі кароткі летапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Валынскі кароткі летапіс — помнік усходнеславянскага летапісаньня позьняга сярэднявечча. Зьбярогся ў Супрасьльскім гістарычным зборніку пачатка 16 стагодзьдзя. Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарускі летапісны звод, блізкі да летапісу Аўрамкі, але даведзены толькі да 1382 г. Другая частка зборніка, названая М. Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», зьмяшчае кароткую выбарку пагадовых зьвестак кіеўскага, наўгародзкага, маскоўскага і мясцовага паходжаньняў па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пачатку 16 ст.) і Смаленска.

Храналягічна ахоплівае падзеі да 1514 году ўключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татараў на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзьнёслай «Пахвалой гетману Канстантыну Астроскаму». Зборнік узьнік y асяродзьдзі праваслаўнага, патрыятычна наладжанага беларуска-ўкраінскага духавенства. Асноўная, агульнаруская частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзеная ў Смаленску, пасьля чаго перавезена ў Супрасьль, дзе дапоўненая арыгінальнымі зьвесткамі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, y т.л. Валыні, і «Пахвалой». Пазьней y зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гістарычнага характараў. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасьльскім кляштары, пасьля акупацыі Расеяй зямель Рэчы Паспалітай перавезены ў Маскву. Цяпер захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 годзе і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]