Бандары (зьніклае паселішча)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бандары
лац. Bandary
Дата заснаваньня: перад 1686 годам
Краіна: Беларусь
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код:

Бандары — даўні хутар; месьціўся каля сучаснай вёскі Кавалі, што ў Буркоўскім сельсавеце Брагінскім раёну Гомельскай вобласьці Беларусі. Перастаў існаваць да сярэдзіны XIX ст.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Побуг роду Канецпольскіх.

28 чэрвеня 1687 году futor Bednarze названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў запарозскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. Тады ў 3 дварах (каля 18 жыхароў) разьмясьціліся трое казакоў і двое коней. Хутарцоў прымусілі справіць 1 воз, з хамутом, раменнай шл]]яёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю; зь іх выбралі здору, гарэлкі, рыбы на 28 злотых, легуміны 9 вёдраў, аўса 24 вядры, 3 пары хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, 3 злотыя за порах, солі 150 гусак; пану палкоўніку аддалі 2 валоў на 26 зл., 2 кабаноў, 13 падсьвінкаў, 27 кур[1].

Згодна з «Тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, wieś Bondary — у палове Брагінскага маёнтку, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы пан Аляксандар Антоні Бандынэлі[2]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сэрвацы з старэйшай галіны і апошні ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia... na Brahiniu»[3].

Герб Равіч паноў Ракіцкіх.

У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — прыкладна 48 жыхароў) вёскі Бандары Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję»[a] — 4 злотых, 24 грошы[4]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бандары апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, даведваемся, што хутары Бандары, Пажаркі, Унегаўка, Рыжкаў, вёскі Вялікі Лес, Шкураты і інш., якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, «по праву заставному» былі ў валоданьні рэчыцкага лоўчага пана Андрэя Солтана[6].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пераважна дзеля супрацьстаяньня гайдамакам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 155
  2. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 283—285
  3. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  4. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 189
  5. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  6. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72