Яцьвяская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яцьвяская мова
Jātvingun/sūdaviun bilā[1], sūdaviskas
Ужываецца ў Беларусь, Летува, Польшча (колішні арэал)
Рэгіён Судовія, Занёманьне
Колькасьць карыстальнікаў 0 чал.
Клясыфікацыя Індаэўрапейская

 Балцкія
  Заходнебалцкія
    Яцьвяская

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Рэгулюецца
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т)
ISO 639-3 xsv
SIL xsv[2]

Яцьвя́ская мова — мёртвая заходнебалцкая мова балцкае ґрупы індаэўрапейскіх моваў, на якой размаўляла зьнікнуўшае племя/этнас яцьвягаў. Выйшла з ужытку прыкладна ў XVII ст. Зь яцьвяскае мовы выдзяляецца два дыялектныя арэалы, назвы якіх паслужылі для ўзьнікненьня розных назваў мовы для розных народаў.

  • Суда́ўскі дыялект — дыялект яцьвяскае мовы, што быў распаўсюджаны ў рэґіёне Судавія (сучасны паўночны ўсход Польшчы, паўдзёны захад Летувы, крайні паўдзёны ўсход колішняе Ўсходняе Прусіі і частка беларускага Занёманьня). Да 13 ст. амаль усе носьбіты дыялекту былі вынішчаныя Тэўтонскім Ордэнам, нешматлікія, што засталіся жывымі, уцяклі на тэрыторыю сучаснае Летувы, пазьней іхнія землі былі заселеныя летувісамі, немцамі ды беларусамі. Канчаткова зьнік у 16-17 ст., вядомыя некалькі фразаў пэрыяда 16 ст.

Тэрыторыя распаўсюджваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ХІІІ ст. яцьвяская мова была распаўсюджаная з захаду на ўсход ад Усходняе Прусіі і Мазовіі да Ваўкавыску, з поўначы на поўдзень — ад мястэчка Мар'ямпаль (Летува) да сярэдняга цячэньня ракі Буг (ваколіцы мястэчка Дарагічын).

Асноўная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яцьвяская мова была безьпісьмовай, і да цяперашняга часу аб ейным характары можна было судзіць толькі па тапонімах, што захаваліся на колішняй тэрыторыі пражываньня яе носьбітаў. Таксама вядомы вельмі вялікі пляст яцьвінгізмаў, якія знаходзяцца ў сучасных гаворках беларускае, польскае і летувіскае мовы, які зьяўляюцца супэрстратнымі ў стаўленьні ды мёртвае яцьвяскае мовы. Паводле гэтае інфармацыі, сучасныя навукоўцы здолелі аднавіць частку слоўнага запасу ды фанэтыкі мовы. Сярод фанэтычных асаблівасьцяў трэба адзначыць t’ > k’, d’ > g’ (што збліжае яцьвяскую мову са славянскімі мовамі), дэпаляталізацыя š’, ž’, č’, ǯ’, s’, z’, r’, l’ (таксама частковая дэпаляталізацыя p’, b’, v’, m’), пераход š > s, ž > z (як у прускай, курскай, зэмґальскай, сэлонскай і латыскай мовах); захоўваньне дыфтонґа еі (у летувіскай і латыскай мове адбыўся пераход у іе), захоўваньне старажытнабалцкага *ā і адсутнасьць зьмяшэньня *ā/*ō, пераход i > e, гук s замеcт š; z замест ž; паляталізацыя k > c і іншыя адметныя асаблівасьці ў сфэры лексыкі, марфалёґіі ды словаўтварэньня[4].

Лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шчасьлівым выняткам можна лічыць нешматлікія запісы некаторых выразаў па-яцьвяску (гаворка г. зв. «Судаўскага кутка»), што былі зробленыя ў 16 ст. Еронімам Малетыюсам у ягонай працы «Апісаньне судаваў». Гэтыя выразы кароткія і часта зьмяшчаюць паўторы:

  • Тrencke trencke — «Стукні, стукні!»
  • Kelleweſze perioth kelleweſze perioth — «Фурман прыехаў, фурман прыехаў»
  • Ocho moy myle ſchwante panicke — «О мой мілы сьвяты агеньчыку!»
  • Kaileſs noussen gingis — «Будзь здаровы, наш сябра!»
  • Kayles poſkayles enis per andros — «Вітаю, вітаю, адзін праз другога»
  • Geygey begeyte pockolle — «Гэй-гэй, бягіце, чэрці»

Дзякуючы гэтым дадзеным паступова аднаўляецца сынтаксіс і ґраматычны лад яцьвяскае мовы, павялічваецца колькасьць вядомых лексэмаў і становяцца вядомымі асобныя выразы.

Слоўнік гаворак Нараву[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паганскія гаворкі з Нараву

Самым значным этапам у вывучэньні навукоўцамі яцьвяскае мовы становіцца выпадковае знаходжаньне ў 1978-м годзе ў паўночнай частцы Белавескае пушчы рукапіснага слоўніка «Паганскія гаворкі з Нараву» (па-польску: Pogańske gwary z Narewu). Дадзены слоўнік быў перапісаны ў сшытак, але хутка быў згублены. На шчасьце, летувіскі лінґвіст Зіґмас Зінкявічус здолеў выдаць і апублікаваць у 1984 г. слоўнік па перапісаным варыянце. Слоўнік зьмяшчае прыкладна 200 словаў і шматлікія навукоўцы (напрыклад, З. Зінкявічус, Е. Хялімскі, У. Арол, У. Тапароў) ўпэўнена лічаць лексыку слоўніка балцкай. У слоўніку зьмяшчаецца шмат паняцьцяў, што адкрываюць да гэтага таемныя падрабязнасьці культурнага жыцьця яцьвягаў: guti («крыжакі»), drygi («маскалі»), Naura («Нараў»), Pjarkuſ («Пяркунас»), łaume («жаночае божышча»), tuołi («чорт»), aucima («вёска»), pesi («быдла»), taud («народ»), wałtida («здароўе»), ward («слова»), weda («дарога»), wułks («воўк»). У слоўніку даволі значная колькасьць дзеясловаў, займеньнікаў і лічэбнікаў:

Па-яцьвяску Па-беларуску
ajgd скончыць
augd узрастаць
dainid пець
dodi даваць
degt паліць
emt браць
gemd нараджаць
gindi ведаць
giwatti жыць
gułd ляжаць
hirdet слухаць
łaud чакаць
łaudt плаваць
mact глядзець
miłdat кахаць
mort паміраць
narſad кідаць
piaud рэзаць
pramind памятаць
pratat думаць
radid працаваць
ſibd шукаць
ſid сядзець
ſkraid бяжаць
ſłaubd спаць
ſłibd хаваць
taurit казаць
terd піць
tibt даверыць
turd мець
wajrid плакаць
wikruoti жыць
wułd жадаць
zurdit бачыць
aſ я
tu ты
eſ ён
man мне
mano маё
m…tar наш
patſ, pati сам, сама
taſ гэты
kit хто
wiſa усе
duo два
triſ тры
teter чатыры
pank пяць
sziasz шэсьць
geptiſ сем
aktiſ восем
cit другі
andar іншы

Сучасная сытуацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З апублікаваньнем польска-яцьвяскага слоўніка дасьледаваньне яцьвяскае мовы выйшла на значна болей якасны этап і перастала быць толькі дасьледаваньнем на аснове тапанімікі (хаця ў бліжэйшы час можна чакаць вялізарнага павялічэньня колькасьці матэрыялу па тапаніміцы колішняе яцьвяскае тэрыторыі). Дадзеныя, што былі атрыманыя ў выніку шматлікіх дасьледаваньняў, даюць права казаць аб блізкім сваяцтве і блізкасьці яцьвяскай мовай з прускай, аб дыялектнай дыфэрэнцаванасьці мовы і ягоным вялікім супэрстратным унёску ў гаворкі колішняга арэалу пражываньня яцьвягаў. Беларускія, польскія і летувіскія гаворкі былое яцьвяскае зямлі захоўваюць шэраг асаблівасьцяў яцьвяскае мовы і падзяляюць іх зь ёй. Напрыклад, некаторыя польскія і летувіскія дыялекты маюць унікальную фанэтычную адметнасьць: г. зв. мазурэньне (невымаўленьне гукаў š, ž: лет. žasis, žvėris, aš > дыялектнае zasis, zvėris, as) — частка лінґвістаў лічыць гэтую зьяву як адну з частак яцьвяскага субстрату, што захаваліся ў навакольных дыялектах. У Летуве гэтая зьява назіралася ў вёсках Мусьцейка і Кабялі (Аранскі павет), таксама ў вымерлых летувіскіх дыялектах ваколіц Зьдзецелу. Яшчэ адной з прыкмет былога яцьвяскага субстрату можна адзначыць блытаніну мяккіх гукаў t', d' з мяккімі гукамі k', g' у некаторых паўднёвых дыялектах аўкштайтаў (этнаґрафічная супольнасьць летувісаў, якая жыве ў Аўкштоце), напрыклад, летувіск. tėvas > kėvas, gegutė > degutė, begėdė > begėgė, Dievas > gievas (Кабялі, Дзевянішкі, Сьвяндубра, Ліпалінгі).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.suduva.com/virdainas/ (анг.)
  2. ^ http://www.sil.org/iso639-3/documentation.asp?id=xsv (анг.)
  3. ^ http://virtual.brest.by/news8296.php
  4. ^ https://web.archive.org/web/20110825211448/http://www.lingvo.minsk.by/mab/1999/02/03_02_1999.htm (Уладзімір Свяжынскі (Мінск) Балты і балцкія гаворкі ў старажытнай Беларусі)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]