Японія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Японія
日本国
Nihon-koku
Nippon-koku'
Сьцяг Японіі Герб Японіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Мір і прагрэс (Імпэратарскі дэвіз)
Дзяржаўны гімн: «Kimigayo»
Месцазнаходжаньне Японіі
Афіцыйная мова японская
Сталіца Токіё
Найбуйнейшы горад Токіё
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Нарухіта
Фуміа Кісіда
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
61-е месца ў сьвеце
377 944 км²
0,8
Насельніцтва
 • агульнае (2012)
 • шчыльнасьць
10-е месца ў сьвеце
126 659 683
337,1/км²
СУП
 • агульны (2010)
 • на душу насельніцтва
3-е месца ў сьвеце
$4,267 трлн
$33 478
Валюта Ена (¥)
Часавы пас JST (UTC+9)
Незалежнасьць
Канстытуцыя Японіі

3 траўня 1947 году
Аўтамабільны знак J
Дамэн верхняга ўзроўню .jp
Тэлефонны код +81
Мапа Японіі
Мапа Японіі

Японія (па-японску: 日本, Nihon ці Nippon) — астраўная дзяржава, разьмешчаная ў Ціхім акіяне, на ўсходзе ад Кітаю й Карэі. Разьмяшчаецца прыкладна на 4000 астравах у заходняй частцы Ціхага акіяна; ва ўсходніх ускраінах Азіі, ад якіх аддзеленая Ўсходне-Кітайскім, Японскім і Ахоцкім марамі. Плошча складае 377,9 тыс. км². Асноўная частка краіны разьмяшчаецца на чатырох галоўных астравох, выцягнутых з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, Японскага архіпэлягу: Хансю, Хакайда, Кюсю і Сікоку. Паміж астравамі Хансю, Кюсю і Сікоку знаходзіцца Ўнутранае Японскае мора. Краіна падзеленая на 47 прэфэктураў у васьмі рэгіёнах, Хакайда зьяўляецца самай паўночнай прэфэктурай, у той час як Акінава зьяўляецца самай паўднёвай прэфэктурай. Насельніцтва краіны складае 127 мільёнаў чалавек, што дазваляе Японіі месьціцца на дзясятым радку па колькасьці населшьніцтва ў сьвеце. 98,5% агульнага насельніцтва складаюць этнічныя японцы. Каля 13,8 мільёнаў чалавек мешкаюць у Токіё[1], сталіцы краіны. Такійская аглямэрацыя зьяўляецца самай густанаселенай у сьвеце, дзе пражываюць больш за 38 млн чалавек[2].

Археалягічныя дасьледаваньні паказваюць, што Японія была заселеная яшчэ ў пэрыяд палеаліту. Першае пісьмовае згадваньне аб Японіі ў кітайскіх тэкстах узыходзіць да I стагодзьдзя да н. э. За пэрыядам вонкавых кантактаў зь іншымі рэгіёнамі, у асноўным Кітаем, рушыў пэрыяд ізаляцыі, асабліва з Заходняй Эўропай. З XII стагодзьдзя па 1868 год Японія кіравалася шматлікімі фэўдальнымі вайсковымі ўтварэньнямі на чале зь сёгунамі, якія кіравалі ад імя імпэратару. Японія ўступіла ў доўгі пэрыяд ізаляцыі ў пачатку XVII стагодзьдзя, які быў скончаны ў 1853 годзе, калі пад ціскам флёту Злучаных Штатаў Японія ўсё ж такі адкрылася Захаду. Пасьля таго, як амаль два дзесяцігодзьдзі ўнутранага канфлікту і паўстаньняў імпэратар аднавіў сваю палітычную ўладу ў краіне ў 1868 годзе, дзякуючы дапамозе некалькіх клянаў, была створаная Японская імпэрыя. У канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў шэраг перамогаў у Першай кітайска-японскай вайне, Расейска-японскай вайне і Першай сусьветнай вайне дазволіў Японіі пашырыць сваю імпэрыю і выклікаў у краіне пэрыяд росту мілітарызму. Другая кітайска-японская вайны 1937 году сталася часткай Другой сусьветнай вайны, дзе Японія супрацьстаяла хаўрусьнікам у першую чаргу ЗША. Гэтая вайна скончылася капітуляцыяй Японіі ў канцы 1945 году. 3 траўня 1947 году была прынята дзейная японская канстытуцыя, паводле якой Японія захавала статус унітарнай парлямэнцкай канстытуцыйнай манархіі на чале з імпэратарам і выбарным заканадаўчым органам.

Японія здабывае вялікую выгаду з высокакваліфікаванай і адукаванай працоўнай сілы. Не зважаючы на тое, што Японія афіцыйна адмовілася ад свайго права аб’яўляць вайну, краіна мае сучаснае войска з восьмым паводле велічыні вайсковым бюджэтам у сьвеце[3]. Войска выкарыстоўваецца для самаабароны і міратворчых функцыяў, а ягоная моц ацэньваецца як чацьвёртая ў сьвеце[4]. Японія зьяўляецца высокаразьвітай краінай зь вельмі высокім узроўнем жыцьця і індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Насельніцтва мае высокую працягласьць жыцьця і трэці самы нізкі ўзровень дзіцячай сьмяротнасьці ў сьвеце, але мае праблемы праз старэньне насельніцтва і нізкую нараджальнасьць. Японія славіцца сваім кіно, уплывовай музычнай індустрыяй, анімэ, відэагульнямі, багатай кухняй і сваім вялікім унёскам у навуку і разьвіцьцё сучасных тэхналёгіяў[5].

Японія зьяўляецца чальцом арганізацыяў ААН, АЭСіР, G7, G8 і G20, і лічыцца магутнай дзяржавай[6][7]. Ейная эканоміка зьяўляецца трэцяй у сьвеце паводле велічыні намінальнага СУП і чацьвёртай паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасьці. Акрамя таго, Японія ёсьць чацьвёртым паводле велічыні экспартэрам і чацьвёрты паводле велічыні імпартэрам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Засяленьне Японскіх выспаў пачалося ў ІІІ стагодзьдзях да н. э. Пачаткова было засвоена раўніннае паўночнае ўзьбярэжжа выспы Кюсю. Пасьля засяленьне краіны пачало распаўсюджвацца пераважна на паўночны ўсход па ўзьбярэжных нізінах. На працягу доўгага часу асноўным раёнам засяроджваньня сацыяльна-культурнай і гаспадарчай актыўнасьці Японіі была паўднёва-заходняя частка краіны, якая выходзіла да Ўнутранага Японскага мора. У VII стагодзьдзі тут узьнікла першая дзяржава. У 710 годзе быў пабудаваны горад Нара — першая пастаянная сталіца. У 794—1868 гадах сталіцай краіны зьяўляюся горад Кіёта (Хэян). У 1542 годзе ў Японіі зьявіліся першыя эўрапейцы (партугальцы). У 1867—1868 гадах адбылася рэвалюцыя (рэстаўрацыя Мэйдзі), пасьля якой пачалося хуткае разьвіцьцё краіны. У 1875—1945 гадах у склад Японіі ўваходзілі Курыльскія выспы, якія пасьля Другой сусьветнай вайны былі далучаныя да СССР. У наш час Японія мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расеі, дабіваючыся вяртаньня паўднёвых Курылаў (выспаў Кунашыр, Шыкатан і Ітуруп). Да 1945 году Японіі належала выспа Тайвань і выспы Пэнхуледаа (з 1895 г.), Паўднёвы Сахалін (з 1905 г.) і Карэя (з 1910 г.).

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фатаздымак Японскіх астравоў зроблены з спадарожніка.

Японія — пераважна горная краіна зь перавагай нізкіх і сярэдневышынных гор, у асноўным субмэрыдыянальнага прасьціраньня. 3/4 схілаў маюць стромкасьць больш за 15° і настолькі моцна разьдзеленыя, што выключаныя з гаспадарчага карыстаньня. У ляндшафтах краіны пераважаюць вуглаватыя і завостраныя формы рэльефу, аднак на поўдні в. Хансю і на в. Кюсю рэльеф згладжаныя, яшчэ больш плыўныя абрысы маюць прыбярэжныя раёны выспы Хакайда. Самыя высокія і найбольш разьдзеленыя горы, Японскія Альпы, разьмешчаныя ў цэнтральнай частцы в. Хансю да захаду ад Токіё. Іх асобныя пікі перавышаюць 3000 м над узроўнем мора, а рачныя цясьніны ўразаюцца на глыбіню да 2 км.

Рэкі Японіі шматлікія, маюць кароткія, вельмі стромкія падоўжаныя профілі і несудаходныя. Самыя буйныя рэкі вельмі паўнаводныя, вада ў іх звычайна чыстая і празрыстая. У складзе цьвёрдага сьцёку пясчаны матэрыял рэзка пераважае над гліністым і глеістым. Тры самыя доўгія рэкі: Сінана на в. Хансю, працягласьцю 368 км, дрэнуе схілы Японскіх Альпаў і ўпадае ў Японскае мора; Ісікары (367 км), цячэ ў заходняй частцы в. Хакайда і таксама ўпадае ў Японскае мора; і Тонэ (322 км) на в. Хансю, цячэ праз раўніну Канто і ўпадае ў Такійскі заліў на ўзьбярэжжа Ціхага акіяна.

Раўніны займаюць ня больш 15% тэрыторыі Японіі і, як правіла, аблямоўваюць горы. У асноўным гэта невялікія па плошчы, шырынёй ад некалькіх да 150—160 км, прыбярэжныя алювіяльныя нізіны. Шматлікія зь іх прымеркаваныя да верхніх частак бухтаў і заліваў або, як на заходнім узьбярэжжы Хансю, прадстаўленыя эстуарнымі дэльтамі, абароненымі палосамі выдмаў. Найбольшую плошчу займаюць раўніны Канто вакол Токіё на ціхаакіянскім узьбярэжжы Хансю (12 950 км²); Ісікары на захадзе Хакайда (2100 км²); Этыго на заходнім узьбярэжжы паўночнага Хансю ў вусьці р. Сінана (1800 км²); Нобі вакол Нагоя на ціхаакіянскім узьбярэжжы Хансю (1800 км²); Кітакамі на поўнач ад Сэндай на ціхаакіянскім узьбярэжжы паўночнага Хансю (1200 км²); Сэтсю вакол Асакі ля ўсходняга ўскрайку Ўнутранага Японскага мора (1240 км²); Цукюсі вакол Курумэ на паўночным захадзе Кюсю (1190 км²).

Іншыя ўчасткі раўнінаў прымеркаваныя да выцягнутых вузкіх міжгорных катлавін ва ўнутраных раёнах краіны, напрыклад на поўначы в. Хансю, і вакол азёрных западзінаў у цэнтральнай частцы той жа выспы, сярод якіх асабліва вылучаецца тэктанічная западзіна воз. Біва, самага буйнага прэснага возера Японіі. Невялікія нізіны сустракаюцца таксама ва ўнутраных раёнах Хакайда і Кюсю.

Клімат Японіі вільготны, марскі.

Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імпэратар Японіі Нарухіта займае пасаду з 2019 году.

Форма кіраваньня Японіі — парлямэнцкая манархія. Кіраўнік дзяржавы — імпэратар. Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэм’ер-міністар, які выбіраецца парлямэнтам. У адміністрацыйным пляне Японія падзеленая на 47 прэфэктураў чатырох катэгорыяў: «то» (сталічная прэфэктура Токіё), «до» (губэрнатарства Хакайда, увайшло ў склад Японіі ў 1868 годзе), «фу» (гарадзкія прэфэктуры Кіёта і Осака) і «кан» (43 астатнія прэфэктуры). У сваю чаргу прэфэктуры дзеляцца на гарады («сі»), пасёлкі і сельскія абшчыны («маці»).

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля ¾ тэрыторыі Японіі займаюць узвышшы і горы, сярэдняя вышыня якіх складае 1600—1700 м, але схілы іх, звычайна, даволі крутыя, што ўскладняе іх гаспадарчае выкарыстаньне. Самы высокі пункт краіны — гара Фудзі (3776 м). Раўніны і нізіны прадстаўленыя, у асноўным, вузкімі стужкамі ўздоўж мораў і рэк. Узьбярэжная лінія значна парэзаная (асабліва на поўдні краіны). У мора адваёўваюцца новыя тэрыторыі для стварэньня штучных выспаў і ўзьбярэжных нізінаў. Штучнай стала ўжо траціна ўсіх марскіх берагоў краіны. Для Японіі характэрная высокая сэйсьмічная актыўнасьць (штогод адбываецца 1,5 тыс. землятрусаў рознай сілы), вульканізм (15 дзейнічаючых вульканаў), цунамі (Ціхаакіянскае ўзьбярэжжа выспаў Хансю і Хакайда. Штогод на тэрыторыю Японіі прыходзяць 15—30 тайфунаў (пераважна ўвосень).

Клімат на поўначы ўмераны (сярэдняя тэмпэратура студзеня −5°С, чэрвеня +22°С), на подні субтрапічны (адпаведна +6°С і +27°С), на выспах Рукю — трапічны (сярэдняя тэмпэратура студзеня +16°С, чэрвеня +28°С). Сярэднегадавая колькасьць ападкаў — каля 1800 мм, але на некаторых горных схілах, павернутых у бок Ціхага акіяна, штогод выпадае каля 3000 мм, а ў абароненых ад вятроў міжгорных катлавінах — 800—1200 мм.

Рэкаў шмат, але іх працягласьць невялікая. Самая доўгая рака — Сінана (367 км), знаходзіцца на высьпе Хансю. Азёры двух тыпаў: горныя (буйнейшае воз. Біва плошчай 675 км²) і лягунныя.

Хваістыя і шырокалісныя лясы пакрываюць каля 67% тэрыторыі (у асноўным у гарах). Ральлёй занята прыкладна 12% тэрыторыі, пашы і сенакосы займаюць каля 2% плошчы Японіі. Для аховы навакольнага асяродзьдзя ў краіне ўтвораныя 28 нацыянальных паркаў, 55 «квазінацыянальных» паркаў і каля 300 прэфэктурных і муніцыпальных паркаў.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Такійская фондавая біржа зьяўляецца адной з самых вялікіх у Азіі.

Па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Японія ўжо адносіцца да постіндустрыяльнага грамадзтва. Нягледзячы на тое, што буйной галіной эканомікі застаецца прамысловасьць, вага невытворчага сэктару павялічваецца значна большымі тэмпамі (асабліва ў галіне фінансаў, сфэры паслугаў, навуковых дасьледаваньняў і распрацовак). Па велічыні СУП Японія саступае толькі ЗША і Кітаю. Сельская гаспадарка забясьпечвае 1,4% СУП, прамысловасьць — 26,4%, сфэра паслугаў — 72,1%. Карысных выкапняў у краіне вельмі мала і практычна ўсё паліва і сыравіна імпартуецца (па імпарце нафты Японія займае першае месца ў сьвеце). Існуюць толькі даволі значныя радовішчы серы і вапнякоў. Акрамя гэтага вядзецца нязначная здабыча каменнага вугалю, сьвінцовых рудаў і нафты (132 тыс. барэляў у дзень) і некаторых іншых карысных выкапняў, але іх здабыча скарачаецца з-за абмежаваных запасаў.

Да ліку асноўных галінаў прамысловасьці адносяцца энэргетыка. Японія займае трэцяе месца ў сьвеце па вытворчасьці электрычнасьці (зь якой 60% выпрацоўваецца на цеплавых электрастанцыях і 30% на атамных). Такім чынам Японія — адзін зь лідэраў у галіне атамнай энэргетыкі. Разьвіцьцё атрымала машынабудаваньне (у асноўным арыентаваная на экспарт масавая вытворчасьць караблёў і аўтамабіляў, радыёэлектроніка, сучаснае станкабудаваньне, авіяцыйна-касьімічная прамысловасьць, прыборабудаваньне), чорная і каляровая мэталюргія, хімічная, нафтаперапрацоўчая і харчовая прамысловасьці. Прамысловасьць Японіі вылучаецца высокім тэхналягічным узроўнем: у сьвеце налічваецца 720 тыс. прамысловых робатаў, зь якіх на долю Японіі прыходзіцца 410 тыс.

Сельская гаспадарка мае харчовую накіраванасьць. Нягледзячы на тое, што ўраджайнасьць сельскагаспадарчых культураў мае вельмі высокія паказчыкі, поўнасьцю краіна забясьпечвае сябе толькі рысам і вымушаная імпартаваць каля 50% іншых відаў зерневых і кармавых культураў. Значную ролю грае рыбная лоўля, а таксама аквакультура.

На 30 чэрвеня 2013 году дзяржаўны доўг Японіі ўпершыню перавысіў квадрыльён енаў. Агульная сума доўгу склала 1 008 628 100 000 000 енаў (звыш $10,3 трлн), што больш як удвая перавышала сукупны ўнутраны прадукт (СУП) Японіі. Паводле суадносін дзяржаўнага доўгу да СУП Японія знаходзілася на 1-м месцы сярод разьвітых краінаў сьвету[8].

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць насельніцтва Японіі складае каля 127,4 млн чалавек. Японцы складаюць 99,3%. Сярод нацыянальных меншасьцяў болей за ўсіх карэйцаў (511,3 тыс. чалавек), кітайцаў (244,2 тыс.), бразыльцаў (182,2 тыс.) і філіпінцаў (89,9 тыс.). Галоўнай рэлігіяй зьяўляецца сінтаізм (нацыянальная рэлігія японцаў) і будызм (разам 84% насельніцтва). Гарадзкое насельніцтва складае каля 80%.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Культура Японіі

У Японіі ўнікальным чынам спалучаюцца традыцыі старажытнасьці з элемэнтамі сучаснае культуры. Сярод вядомых музычных гуртоў — Mucc і Dir en grey. Найбольш вядомая за мяжой страва японскай кухні — сушы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аксёнова Л.А., Жидков М.П., Кайданова О.В., Конюшков Б.Д. Котляков В.М. Люри Д.И., Стрелецкий В.Н., Тархов В.А., Уткин А.И., Хропов А.Г. Страны мира. — М.: ОЛМА, 2009. — 320 с. — ISBN 978-5-373-02764-9

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «東京都の人口(推計». Tokyo Metropolitan Government Bureau of Statistics Department.
  2. ^ «The World's Cities in 2016». United Nations.
  3. ^ «SIPRI Yearbook 2012–15 countries with the highest military expenditure in 2011». Sipri.org.
  4. ^ «The End of Globalization or a more Multipolar World?». Credit Suisse AG.
  5. ^ «WHO Life expectancy». World Health Organization.
  6. ^ «The Seven Great Powers». American-Interest.
  7. ^ T. V. Paul; James J. Wirtz; Michel Fortmann (2005). «"Great+power" Balance of Power». United States of America: State University of New York Press, 2005. — С. 59, 282. — ISBN 978-0-7914-6401-4.
  8. ^ Японія павінна квадрыльён ен // Зьвязда : газэта. — 10 жніўня 2013. — № 148 (27513). — С. 1. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]