Язафат Булгак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Язафат Булгак
Язафат Булгак. Мастак Я. Хруцкі, 1838 г.
Язафат Булгак. Мастак Я. Хруцкі, 1838 г.

Герб «Сыракомля»
XIX мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
1817 — 1838
ПапярэднікРыгор Кахановіч
НаступнікЁсіф Сямашка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 красавіка 1758
Памёр 25 лютага 1838
Пахаваны
Род Булгакі
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Язафат Булгак (20 красавіка 1758, Слонімскі павет — 25 лютага 1838) — беларускі[1] царкоўны дзяяч. Япіскап тураўскі (1790—1795) і берасьцейскі (1798—1828), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і усяе Русі (з 1817), архіяпіскап полацкі (з 1833). Доктар тэалёгіі і кананічнага права (1785).

Супрацьстаяў уладам Расейскай імпэрыі ў справе ліквідацыі Грэцка-каталіцкай царквы і гвалтоўнага яе далучэньня да Ўрадавага сыноду (Маскоўскага патрыярхату). Ягоная сьмерць зьняла апошнюю перашкоду да забароны расейскімі ўладамі Уніі — аднаго з захадаў палітыкі русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Булгакаў гербу «Сыракомля». Меў кузэна Юрыя Булгака, япіскапа пінскага і тураўскага, зь якім яго нярэдка блыталі.

Навучаўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—1774), працягваў адукацыю ў Рыме (1782—1785).

У 1774 годзе ўступіў у ордэн базылянаў. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразьвеччы (цяпер Глыбоцкі раён) і Жыровічах. Быў япіскапам тураўскім і каад’ютарам Пінскай япархіі.

За часамі маскоўскага гаспадара Паўла I спрыяў вяртаньню да Уніі парафіяў, якія расейскія ўлады гвалтоўна далучылі да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. У 1797 годзе даслаў папскаму нунцыю ў Расейскай імпэрыі Л. Літу запіскі пра ўціск уніятаў у Кіеўскай і Пінскай япархіях.

У 1798 годзе атрымаў прызначэньне япіскапам берасьцейскім, ягоная рэзыдэнцыя спачатку месьцілася ў Наваградку, потым з 1810 году — у Жыровічах. Будучы грэка-каталіцкім мітрапалітам, адначасна з 1818 году быў старшынём 2-га (уніяцкага) дэпартамэнту Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу (з 1828 году — асобнай Грэка-каталіцкай калегіі). Імкнуўся ўзвысіць значэньне базылянаў у царкве (прызначэньне іх прадстаўніка ў сябры 2-га дэпартамэнту ў 1819 годзе, праект аб’яднаньня Літоўскай і Беларускай правінцыяў ордэна і інш.).

Узмацненьне ва ўнутранай палітыцы царызму расейскіх нацыяналістычных[1] тэндэнцыяў зь сярэдзіны 1820-х гадоў прывяло да зьмяншэньня ролі ўніяцкай япархіі і асабіста Я. Булгака. У агоным атачэньні зьявіліся маладыя дзеячы (Ё. Сямашка, А. 3убко, В. Лужынскі і інш.) — прыхільнікі збліжэньня, а потым і аб’яднаньня з Урадавым сынодам Расейскай імпэрыі (Маскоўскім патрыярхатам).

Вядомы фатограф Ян Булгак у сваёй кнізе «Край дзіцячых гадоў»[2] апавядаючы пра знакамітых людзей уласнага роду, з спасылкай на працу Мар’яна Дубецкага, пісаў[3]:

« … толькі яго [Я. Булгака] слушнасьць і незгінаемая пазыцыя ўстрымалі цара Мікалая і расейскі ўрад ад спробаў яшчэ раней зьнішчыць аб'яднаньне цэркваў. Мітрапаліт памёр у 1838 року пры вельмі трагічных абставінах. Выклікаў ці прысьпешыў ягоную сьмерць цар Мікалай, які доўга ўпрошваў яго прыняць схізму, і калі апошні нязломна супрацівіўся і адхіляў усякі ціск, цар на каленях маліў яго адмовіцца ад супраціву дзеля шчасьця Расеі, а ў канцы, абураны непадатлівасьцю біскупа, устаў і ўдарыў яго, патураючы сваёй дзікай усходняй натуры. Біскуп упаў, а празь некалькі дзён завяршыў жыцьцё. »

Нягледзячы на тое, што Я. Булгак памёр грэка-каталіком, І. Сямашка і іншыя пахавалі яго ў царкве Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі[4].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Антонаў В., Філатава А. Булгак Ігнацій Іасафат // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 123.
  2. ^ Булгак Я. Край дзіцячых гадоў / Уклад. і аўтар уступ. арт., пер. з польск. мовы Т. Вяршыцкая. — Менск: Беларусь, 2004. С. 20.
  3. ^ Трацяк І. Мітрапаліт Язафат Булгак: пазіцыя ў рэфармаванні Грэка-Каталіцкай Царквы // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: у 2 ч. Ч. 1 / Рэдкал.: С. Марозава і інш. — Горадня: ГрДУ, 2009.
  4. ^ Надсан А. Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. — Менск: Бел-Франс, 2004.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язафат Булгаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў