Юры Матулевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Баляслаў Матулевіч
Jurgis Matulevičius-Matulaitis
Юры Матулевіч
Род дзейнасьці віленскі біскуп
Дата нараджэньня 13 красавіка 1871(1871-04-13)[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 27 студзеня 1927(1927-01-27)[1][2] (55 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці апэндыцыт
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак каталіцкі сьвятар, каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
Месца працы

Юры Баляслаў Матулевіч-Матулайціс (сапраўднае Юргіс Матулайціс; па-польску: Jerzy Bolesław Matulewicz-Matulaitis, па-летувіску: Jurgis Matulevičius-Matulaitis; 13 красавіка 1871, вёска Лугіне, цяпер Летува — 27 студзеня 1927, Коўна) — рымска-каталіцкі дзеяч Беларусі, Летувы й Польшчы, блаславёны.

Раньняе жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь летувіскае сям’і, быў малодшым з васьмі дзяцей. Вельмі рана страціў бацькоў, сіратой апекаваўся старэйшы брат. У 1878—1881 гадах наведваў пачатковую школу ў Мар’ямпалі, там жа скончыў гімназію. У 1889 пераехаў да свайго дзядзькі Яна Матулайціса ў Кельцы (Польшча), дзе той працаваў выкладчыкам замежных моваў у Духоўнай сэмінарыі. 1 кастрычніка 1891 паступіў у Кельскую сэмінарыю. У 1893 царскія ўлады зачынілі сэмінарыю і Матулевіч вымушаны быў пераехаць вучыцца ў Варшаву. Быў накіраваны ў Пецярбурскую духоўную акадэмію, у якой 20 лістапада 1898 атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне. Пасьля гадавой працы ў кельскай дыяцэзіі Матулевіч распачаў навуку ў Каталіцкім унівэрсытэце ў Фрыбургу (Швайцарыя). Атрымаўшы доктарскую ступень, айцец Матулевіч працаваў спачатку выкладчыкам у Сэмінарыі ў Кельцах.

Разам са сьвятаром Міхалам Гадлеўскім прыняў удзел у стварэньні Таварыства каталіцкіх работнікаў, для студэнтаў жа ён заснаваў таварыства «Адраджэньне» (польская філія міжнароднага руху «Каталіцкае дзеяньне»). У 1907 быў пераведзены ўва ўнівэрсытэт у Пецярбургу для таго, каб узначаліць катэдру сацыялёгіі ў Духоўнай акадэміі. У 1909 узначаліў катэдру дагматычнага багаслаўя. У 1909 уступіў у Ордэн айцоў марыянаў, стаўшы адным зь яго рэфарматараў. 14 ліпеня 1911 быў генэралам ордэна марыянаў. Да канца свайго жыцьця айцец Матулевіч выконваў функцыю генэрала гэтага ордэна.

Віленскі біскуп[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23 кастрычніка 1918 Матулевіч стаў біскупам Вільні. Асабістым дэвізам свайго кіраваньня абраў словы апостала Паўла — «Vince malum in bono» (з лаціны: «Перамагай ліха дабром»). У 1923 ён заснаваў новы жаночы ордэн Сёстраў Служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі (Сёстры Эўхарысткі), і кляштар марыянаў у Друі. Новаму ордэну айцец Матулевіч вызначыў наступныя заданьні: асноўная мэта — праца паміж беларусаў-каталікоў, шляхам заснаваньня школаў, майстэрняў, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, праз навучаньне катэхізісу, распаўсюд добрых кнігаў і апеку над хворымі. На пасадзе арцыбіскупа Юры Матулевіч змагаўся з палянізацыяй касьцёла, уводзіў беларускую й летувіскую мовы, гэтак штонядзелю ў катэдры адбываліся казаньні па-беларуску. Ён быў асабіста знаёмы з Адамам Станкевічам, якога шмат разоў абараняў ад нападак уладаў, і Браніславам Тарашкевічам. Айцец Юры лічыў беларускую мову мостам, «які можа лучыць каталіцтва і праваслаўе». Апроч таго арцыбіскуп апекаваўся расейскай дыяспарай: з дапамогаю айца расейскія дзеці-сіроты неаднойчы атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, ён таксама спрычыніўся да заснаваньня дзіцячага дому для расейскіх эмігрантаў. За сваю дзейнасьць арцыбіскуп неаднаразова падвяргаўся нападкам польскіх і летувіскіх нацыяналістаў. У 1925 пасьля шматлікіх просьбаў айца Матулевіча ён быў вызвалены ад пасады віленскага арцыбіскупа.

Далейшае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 1925 году Матулевіч выконваў функцыю апостальскага візытатара ў Летуве. У ліпені 1926 году Матулевіч удзельнічаў у Эўхарыстычным кангрэсе ў Чыкага, дзе прачытаў даклад пра апостальскае служэньне сярод праваслаўных. Пры жыцьці айцец Матулевіч спаў на дошках і толькі тры гадзіны ў суткі, не здымаў зь цела валасяніцы, бічаваўся, у ягонае цела ўпіваўся пас з дроту. 28 чэрвеня 1987 году папа Ян Павал II бэатыфікаваў Юр’я Матулевіча.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Jurgis Matulaitis-Matulevicius // GCatholic.org — 1997.
  2. ^ а б Jerzy Bolesław Matulewicz // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)